- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Акадэмія правілаў дарожнага руху

 

У яслях-садзе № 34 Ліды пастаянна праводзяцца заняткі, гутаркі, розныя віды гульняў па бяспецы дзяцей на дарозе. У летні перыяд інфармацыйная і тлумачальная праца на гэтую тэматыку ўзмацняецца.

Частыя госці нашай установы – інспектары ДПС. Нядаўна адбылася чарговая сустрэча дашкольнікаў з інспектарам ДПС АДАІ Лідскага РАУС Сяргеем Кушалем. Праходзіла яна ў гульнявой форме.

Шмат уражанняў дзеці атрымалі ад магчымасці адчуць сябе ў ролі інспектара, рэгуліроўшчыка аўтамабільнага руху, кіроўцы машыны дарожна-патрульнай службы. Выхаванцы з задавальненнем прынялі прапанову апынуцца ў салоне аўтамабіля ДПС, перадаць паведамленне па рацыі, прымерыць фуражку і камізэльку інспектара. Дзеці даведаліся, навошта патрэбна жазло, вывучылі некалькі рухаў для самастойнага рэгулявання трафіку аўтамабіляў на пляцоўцы цацачнага гарадка.

Сяргей Мікалаевіч у чарговы раз удакладніў веды выхаванцаў пра сігналы святлафора, растлумачыў асаблівасці выбару бяспечных месцаў для катання на веласіпедах і самакатах, выкарыстоўваючы макет святлафора, дапамог дашкольнікам ў вырашэнні дарожных сітуацый. Асаблівую ўвагу надаў правілам пераходу праезнай часткі па нерэгуляваным пешаходным пераходзе.

Сюрпрызам для дзяцей было з’яўленне герояў мультфільма “Маша і Мядзведзь”. Разам з любімымі персанажамі выхаванцы гулялі ў гульні “Знайдзі па апісанні”, “Чырвоны, жоўты, зялёны”, “Падарожжа на машынах”, “Размаўлялыя дарожныя знакі”, адгадвалі загадкі, чыталі вершы пра дарожныя знакі.

На працягу сустрэчы дашкольнікі актыўна адказвалі на пытанні і выконвалі практычныя заданні інспектара, замацоўвалі важныя і патрэбныя правілы дарожнай бяспекі. Хлопчыкі і дзяўчынкі ўсвядомілі, што дарожны рух пачынаецца з першых крокаў дома ці пад’езда, паабяцалі быць дысцыплінаванымі і ўважлівымі пешаходамі.

Спадзяемся, што работа, якая праводзіцца, дапаможа юным удзельнікам дарожнага руху дакладна дзейнічаць у складаных сітуацыях на дарозе. А гэта ў сваю чаргу, скароціць колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей. 

 

Таісія КУДАШ,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 34 Ліда

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий