- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Дзень Незалежнасці для дашкольнікаў

 

Шэрагам мерапрыемстваў адзначыўся Дзень Незалежнасці ў дзіцячым садзе г. п.Мір.

Праз гутарку-прэзентацыю выхаванцы сярэдняга і старэйшага дашкольнага ўзросту пазнаёміліся з гісторыяй свята, даведаліся, чаму менавіта 3 ліпеня адзначаецца галоўны дзень краіны.

Затым у сярэдняй групе адбылося спартыўнае свята “Патрыётамі расцём – мір у краіне зберажом”. Юныя патрыёты каманд “Беларусачка” і “Беларусік” спаборнічалі ў шпаркасці, спрыце, вынослівасці, трапнасці, кемлівасці – якасцях, неабходных сапраўдным грамадзянам і абаронцам сваёй краіны. Спартыўныя конкурсы і эстафеты перамяжаліся прыгожымі вершамі і песнямі пра Беларусь.

Выхаванцы старшай групы тым часам накіраваліся на цэнтральную плошчу да помніка воінам-вызваліцелям, якія загінулі пры вызваленні Міра і пахаваныя ў брацкай магіле. Дзеці паклалі кветкі да помніка і ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.

Святочныя мерапрыемствы для старэйшых дашкольнікаў працягнуліся наведваннем Мірскай гарпасялковай бібліятэкі. Бібліятэкар С.В.Нечай падрыхтаваля для дзяцей забаву-віктарыну “Гартаючы старонкі гісторыі роднай краіны”. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна спаборнічалі за ганаровае званне сапраўднага беларуса – адказвалі на пытанні віктарыны, адгадвалі загадкі, выконвалі заданні. З цікавасцю дзеці знаёміліся з кніжнымі выставамі, размешчанымі ў бібліятэцы. Асабліва прыцягнула ўвагу малых выстава “Рэха вайны”. І вядома, магчымасць прымерыць сапраўдную салдацкую каску, патрымаць у руках пляшку, кружку… А мультфільм 1976 года “Легенда пра стары маяк” пра ваенны час хлопчыкі і дзяўчынкі паглядзелі ў абсалютнай цішыні, так захапіў дзяцей гераічны сюжэт.

 

Святлана ПЕТРЫМАН,
намеснік загадчыка ясляў-сада г. п. Мір
Карэліцкага раёна

               

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий