Дашкольнікі пазнаёміліся з багатай гісторыяй Навагрудчыны

- 13:07ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

Выхаванцы ясляў-сада № 12 Навагрудка наведаліся з экскурсіяй у Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей.

Дзяцей ветліва сустрэлі супрацоўнікі музея і расказалі пра тое, што наш горад заўсёды займаў значнае месца сярод іншых гарадоў і быў цэнтрам дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае. Пазнаёмілі з першымі гербамі горада. Расказалі дзецям, што сёння на гербе нашага горада Навагрудка выява Архангела Міхаіла – заступніка ўсіх простых і бедных людзей.

Экскурсавод паведаміла дзецям пра гісторыю і культуру Наваградка ад узнікнення горада да сярэдзіны ХХ стагоддзя. У музейнай экспазіцыі акцэнт рабіўся на шматкультурны і паліканфесійны характар нашага рэгіёна, у якім на працягу стагоддзяў побач з беларусамі жылі татары, палякі і яўрэі, бесканфліктна суіснавалі хрысціянства, іслам і іўдаізм. Таксама экскурсавод расказвала пра войны, якія прывялі да разбурэння Навагрудскага замка.

Выхаванцам у музеі распавялі пра шматлікія этнаграфічныя матэрыялы Навагрудчыны, якія дазваляюць прадставіць інтэр’ер вясковых дамоў і шляхецкіх сядзіб, жаночыя і мужчынскія традыцыйныя ўборы, тканыя посцілкі, дзяругі, сурвэткі, габелены, вышытыя ручнікі, гліняны і драўляны посуд, вырабы з саломы, лазы, ільну.

Значная плошча ў музеі адведзена паказу нямецкай акупацыі Навагрудчыны ў гады сусветных войнаў: удзел жыхароў у ваенных дзеяннях, рэжым акупацыі, трагедыя яўрэйскай суполкі горада, рух супраціўлення, у якім удзельнічалі савецкія партызанскія атрады.

Шырока былі прадстаўлены дзецям матэрыялы археалагічных раскопак, якія распавядаюць пра ўзнікненне горада Наваградка, яго гандлёвыя і культурныя сувязі. Варта сказаць, што ў апошні час у горадзе вядзецца вялікая колькасць археалагічных раскопак. Цікавыя экспанаты выхаванцы ўбачылі ў залах, якія дэманструюць археалагічныя знаходкі, знойдзеныя ў руінах Навагрудскага замка і на тэрыторыі старажытных стаянак чалавека.

Такія экскурсіі па тэрыторыі славутых мясцін і наведванне музеяў – гэта выдатны спосаб даведацца шмат цікавага пра сваю малую радзіму, бліжэй пазнаёміцца з яе гісторыяй і славутымі землякамі.

Экскурсія ў краязнаўчы музей выхоўвае ў дзяцей пачуццё любові і прыхільнасці да прыродных і культурных каштоўнасцей роднага краю, бо менавіта на гэтай аснове выхоўваецца патрыятызм.

 

Наталля ЖУЛІНСКАЯ
выхавальнік ясляў-сада № 12 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий