- МОГИЛЕВЩИНА, Регионы

Летняе падарожжа пад “Пунсовымі ветразямі”  

 

У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі горада Горкі ўжо не першы год функцыянуе летні лагер з дзённым знаходжаннем “Пунсовыя ветразі”. Тут аздараўленне атрымліваюць не толькі дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, але і іх норматыпічныя аднагодкі са звычайных адукацыйных школ.

Лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей – гэта часовае дзіцячае аб’яднанне ў летні перыяд, дзе дзеці рэалізуюць свае магчымасці і жаданні ў зносінах, творчасці, атрыманні новых ведаў, замацаванні наяўных уменняў і навыкаў. Асаблівасцю стварэння праграмы нашага лагера з’яўляецца пошук прымальнай формы, якая была б з роўнай цікавасцю ўспрынятая дзецьмі розных узроставых катэгорый, сацыяльных груп і сфер інтарэсаў. Сёлета такой формай стала падарожжа па навакольным і, здавалася б, знаёмым дзецям свеце. Па складанасці праграма забяспечвала занятасць актыўным адпачынкам дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іх здаровых аднагодкаў.

Адзін са складнікаў паспяховай работы лагера – згуртаваны калектыў. Дзякуючы творчым і дружным педагогам нашым выхаванцам ніколі не было сумна. Кожны тыдзень меў тэматычную назву: “Прычал добрых спраў”, “Прычал здаровага ладу жыцця”, “Прычал вясёлага настрою”. Займальныя мерапрыемствы, распрацаваныя педагогамі з улікам узросту дзяцей, іх інтарэсаў, магчымасцей, мелі розныя напрамкі. На працягу 18 дзён дзеці здзяйснялі завочныя падарожжы на востравы “Добрых сяброў”, “Гігіены і чысціні”, “Добрых звычак”, “Спазнанняў”, “Памяці”, “Бяспекі”, “Алімпійскіх гульняў” і многія іншыя.

Вялікая ўвага надавалася ўмацаванню фізічнага здароўя дзяцей, фарміраванню гігіенічных навыкаў і асноў здаровага ладу жыцця, а таксама замацаванню сацыяльна значных навыкаў і ўменняў. Нашы выхаванцы здзяйснялі экскурсіі па памятных месцах горада, яго славутасцях.

Пабывалі ў лагеры і госці. У рамках акцыі “Канікулы без дыму і агню” на вялікай пажарнай машыне ў летнік прыехалі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны расказалі пра сваю нялёгкую працу, пра прылады пажарнай машыны, прадэманстравалі сродкі тушэння пажараў.

Яркім і запамінальным момантам быў прыход у лагер удзельніка баявых дзеянняў у Афганістане, воіна-інтэрнацыяналіста. Яго аповед пра падзеі таго часу пакінуў незабыўныя ўражанні ў памяці як выхаванцаў, так і педагогаў.

Кожны дзень прыносіў усім дзецям нешта новае, карыснае, займальнае, цікавае. За час адпачынку ўсе выхаванцы атрымалі зарад бадзёрасці, весялосці, аптымізму.

Зносіны дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з норматыпічнымi аднагодкамі, агульны ўдзел ва ўсіх відах гульнявой, фізкультурна-аздараўленчай, пазнавальнай, выхаваўчай дзейнасці станоўча адлюстраваўся на агульным псіхічным стане нашых выхаванцаў. Сумесны адпачынак спрыяе пашырэнню інклюзіўнай прасторы, фарміруе талерантнае стаўленне да дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, стварае ўмовы для іх паўнавартаснай інтэграцыі ў грамадства.

 

Наталля ДЗЕГЦЯРОНАК,
дырэктар лагера “Пунцовыя ветразі”
ЦКРНіР г. Горкі

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий