Рамантычнае лета любчанскіх падлеткаў  

- 9:55ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

 

15 хлопчыкаў і дзяўчынак 6–8-х класаў Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна, сабраўшы толькі самыя неабходныя рэчы, змянілі дамашні камфорт на рамантыку жыцця пад адкрытым небам, стаўшы ўдзельнікамі палатачнага лагера “Вытокі” на базе дзіцячага аздараўленчага лагера “Свіцязь”.

Вячэрнія песні ў крузе сяброў, сон у палатках і світанне, калі можна прайсціся басанож па расе, а яшчэ кругласутачнае знаходжанне на свежым паветры, гульні і бясконцы пазітыў, падараваны сілай яднання з прыродай. Менавіта ў такую рамантыку паходнага жыцця акунуліся на дзевяць дзён удзельнікі палатачнага лагера “Вытокі”.

Праграма знаходжання ў лагеры даволі насычаная і разнастайная. Кожная раніца пачынаецца з зарадкі, абавязкова прадугледжаны і спартыўныя гульні. Знайшлося месца ў лагеры і для творчых, інтэлектуальных і забаўляльных мерапрыемстваў.

Абавязковым пунктам з’яўляецца навучанне асновам турызму: як ставіць палатку, як правільна сябе паводзіць у экстрэмальнай сітуацыі, арыентавацца ў лесе, падтрымліваць вогнішча, знаходзіць пітную ваду, разбірацца ў ягадах і грыбах, аказваць першую дапамогу – усе гэтыя навыкі спасцігаюць нашы хлопцы і дзяўчаты.

Шмат увагі надаецца знаёмству з гісторыяй і культурай малой радзімы. Падлеткі пабывалі ў Лідзе, дзе наведалі Лідскі замак, цэнтр бяспекі МНС, схадзілі на экскурсію ў Валеўскі народны гісторыка-краязнаўчы музей. Прайшоўшы маршрутам экалагічнай сцежкі, пазнаёміліся з лясным ландшафтам у ваколіцах возера Свіцязь.

Думаецца, што менавіта турызм, з уласцівай яму рамантыкай і прыгодамі, здольны стаць альтэрнатывай нездароваму ладу жыцця, здольны адарваць падлеткаў ад празмернага захаплення камп’ютарнымі гульнямі, адвесці ад дэвіянтнай кампаніі аднагодкаў, прымусіць адмовіцца ад шкодных звычак. Дарэчы, адно з правіл лагера “Вытокі” – ніякіх гаджэтаў і інтэрнету.

Яркія ўражанні, умацаванне здароўя, узмоцненая самаацэнка, новыя сябры і новыя веды пра родны край – усё гэта нашы дзеці забяруць з сабой і будуць захоўваць на працягу года.

 

Валянціна ВЕЕЎНІК,
выхавальнік палатачнага лагера “Вытокі”
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий