- Методичка, Начальная школа. Сценарии

Урок беларускай мовы ў 2-м класе па тэме “Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме”

 

Таццяна ШПАКОЎСКАЯ,
настаўнік пачатковых класаў
ДУА “Гімназія № 1 имя Ф. Я.Перца г. Пінска»,
Брэсцкая вобласць

 

 

 

 

 

Тэма: Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі. Іх абазначэнне на пісьме.

Мэта: фарміраванне паняццяў “цвёрдыя і мяккія зычныя гукі”.

Задачы: вучыць адрозніваць парныя цвёрдыя і мяккія зычныя гукі, знаходзіць цвёрдыя і мяккія зычныя ў вымаўленых ці пачутых словах; назіраць за сэнсаадрознівальнай роляй мяккіх і цвёрдых зычных; вучыць абазначаць мяккасць зычных на пісьме з дапамогай літар е, ё, ю, я, і, мяккага знака; практыкаваць у вызначэнні паслядоўнасці гукаў у слове; пашыраць лексічны запас вучняў словамі лексіка-семантычнай групы “рыбы”; ствараць умовы для развіцця назіральнасці, любові да прыроды, працавітасці.

Абсталяванне: падручнік, карткі-апоры, мультымедыйная прэзентацыя, малюнак вадаёма, рыбкі, карткі з літарамі, карткі з тэстамі для індывідуальнай работы.

Тып урока: урок вывучэння новага матэрыялу.

Форма правядзення: завочнае падарожжа.

 

Ход урока

І Арганізацыйна-матывацыйны момант

Празвінеў званок вясёлы,
Усіх заве ён на ўрок.
А вы, дзеці, усе гатовы?
Пачынаем наш урок.

– Дэвізам нашага ўрока будуць словы з прыказкі: “Не папрацаваўшы, ведаў не набудзеш”. Для таго каб атрымаць веды, трэба актыўна працаваць. Жадаю вам поспехаў!

 

ІІ Праверка дамашняга задання (франтальная праверка дамашняга задання)

 

ІІІ Моўная размінка

Гульня “Перакладчык”

– Дзеці, сёння мы з вамі адправімся на рыбалку. Давайце пагуляем у перакладчыкаў і назавем словы, якія нам спатрэбяцца; пры гэтым, можна карыстацца карткамі-апорамі

Тэма “Рыбалка”: Река – рака, удочка – вуда, вудачка, крючок – кручок, червячок – чарвячок, леска – лёска.

 

IV Слоўнікавая работа

– Вам патрэбна разгадаць слоўнікавыя словы і ўставіць прапушчаныя літары.

1) У што пакладзем рэчы, ідучы на рыбалку? (Рукзак)
2) Разам з дарослымі пойдуць дзеці: хлопчыкі і … (дзяўчынкі)
3) Якое надвор’е можа сапсаваць рыбалку? (Дождж)
4) У якую пагоду трэба апранацца цёпла? (У сцюжу)
5) Сёння быў дрэнны ўлоў, а калі добры? (Учора)

– У сшытках запішыце дату, класная работа.

 

V Хвілінка чыстапісання

– Як называюць людзей, якія ловяць рыбу? (Рыбакі)

– Якія словы схаваліся ў слове рыбакі? (Рыба, бак)

– Назавіце галосныя ў слове рыбакі. Якія злучэнні літар?

        – Прапішыце літары да канца радка. Пры пісьме старайцеся пісаць літары аднолькавай вышыні, захоўваць правільны нахіл.

ыаі   ыаі   ыаі

 рыбакі     рыба

– Падзяліце слова рыбакі на склады (Ры-ба-кі).

 

VI Паведамленне тэмы і мэт урока

 Увядзенне ў тэму

– Прачытайце склады, якія ў вас атрымаліся. З якіх гукаў складаюцца склады? (Зычных і галосных)

– Чым адрозніваюцца зычныя гукі ад галосных? (Галосныя можна праспяваць, а зычныя нельга; галосныя ўтвараюць склад, а зычныя – не.)

– На якія групы можна раздзяліць зычныя гукі? (Цвёрдыя і мяккія)

– Хто ўжо здагадаўся, якая тэма нашага ўрока? (Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі)

 

VII Знаёмства з тэмай урока

– Тэма нашага ўрока змешчана ў раздзеле “Гукі і літары”. Хорам прачытаем тэму ўрока.

1) Першаснае ўспрыманне новай тэмы

– Сярод гукаў ёсць сваякі, родныя браты. Вымавіце словы і назавіце гэтых братоў: плотка – плітка:[л] – [л’], рыбак – рыбакі: [к] – [к’]. Яны нават адной літарай абазначаюцца на пісьме.

– Разгледзьце табліцу “Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі” на форзацы падручніка. Назавіце па варыянтах парныя цвёрдыя і мяккія зычныя гукі. Дайце характарыстыку гукам [й’], [ў].

– На пісьме мяккасць і цвёрдасць зычных гукаў абазначаецца літарамі. А якімі, мы зараз даведаемся. (Праблемнае пытанне)

 

Гульня “Гукі”  

– Дзеці, перш чым пайсці на рыбалку, патрэбна нарыхтаваць чарвячкоў. Зараз пабачым, як вы справіцеся з гэтым заданнем. Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі сябруюць з рознымі  літарамі. Здагадайцеся, з якімі?

Да дошкі выходзяць два вучні. Адзін з іх – “Цвёрды зычны гук”,  другі – “Мяккі зычны гук”. На дошцы вісяць карткі (у выглядзе чарвячкоў) з літарамі, якія абазначаюць галосныя гукі: А, О, Е, Ё, Ю, Я, І, У, Ы, Э і таксама Ь. Дзецям патрэбна выбраць сабе “сяброў” з гэтых літар.

– Каб упэўніцца ў правільнасці выканання задання, давайце звернемся да правіла.

 

2) Работа з правілам

Настаўнік чытае правіла.

– Ці правільна нашы зычныя гукі выбралі сабе сяброў?

Вывад:

– Якімі бываюць зычныя гукі? (Цвёрдыя і мяккія). Якімі літарамі абазначаецца  мяккасць зычных гукаў? (Літары е, ё, ю, я, і, ь.)

– Чарвячкоў нарыхтавалі, можам і на рыбалку адпраўляцца. А павядзе нас да вадаёма ручаёк.

 

Фізкультхвілінка (Танцавальныя рухі пад песню “Ручаёк”)

 

VIII Засваенне новых ведаў

Работа на картках у парах

– Падкрэсліце літары, якія абазначаюць мяккасць зычных гукаў на пісьме.

 Вось кручок, вось чарвячок,
Лёска, палка – і рыбалка.

                                У. Карызна

 

IX Замацаванне вывучанага

– Ітак, дзеці, мы ля вадаёма. Зараз пабачым, якія вы ўважлівыя рыбакі.

 

1) Праца па падручніку

Практыкаванне 4, с. 5 (работа ля дошкі)

У радзе літар знайдзіце назвы рыб. У словах падкрэсліце літары, якія абазначаюць мяккія зычныя гукі.

ШЧУПАКАРПЛОТКАКУНЁКАРАСЬ

 Пазнавальны матэрыял пра рыб

Шчупак – драпежная прэснаводная рыба са сплюснутай выцягнутай галавой і доўгім тулавам. Ён усяядны драпежнік, есць не толькі рыбу, але і жаб, чарвякоў, мышэй, п’явак.

Карп – прэснаводная рыба, якая водзіцца ў штучных вадаёмах.

Плотка – цела плоткі прадаўгаватае, спінка чорная, бакі і брушка белага колеру з чырвонымі плаўнікамі. На Беларусі жыве ў рэках і азёрах. Плавае чародамі, каб было лягчэй бараніцца ад вострых зубоў драпежнікаў.

Акунёк – цела высокае (у буйных – гарбатае), зеленавата-жоўтага колеру, па баках 5–9 папярэчных цёмных палос, мае два спінныя плаўнікі, галава вялікая, вочы аранжавыя.

Карась – рыба сямейства карпавых. Цела кароткае, высокае, пакрытае серабрыстай луской. Афарбоўка спіны цёмна-зялёная, бакі і жывот – серабрыстыя.

– А якія яшчэ рыбы водзяцца ў нашых вадаёмах? (Ёрш, лешч, судак, краснапёрка, сом)

 

Фізкультхвілінка для вачэй (Дзеці назіраюць, як плавае рыбка)

2) Самастойная работа па варыянтах

Практыкаванне 5, с. 6 (спісаць скорагаворку)

I варыянт – падкрэсліць літары, якія абазначаюць мяккасць папярэдняга зычнага.

II варыянт – падкрэсліць літары, якія абазначаюць цвёрдасць папярэдняга зычнага.

 

3) Тэставае заданне

Мяккасць зычных гукаў на пісьме абазначаецца літарамі:

а) а, о, і, э, у, ы;    б) е, ё, ю, я, і;      в) е, ё, ю, я, і, ь;    г) е, ё, ю, ы, ь, і, я.

 

X Інфармацыя пра дамашняе заданне

 

XI Падвядзенне вынікаў

1) Ацэнка сваёй практычнай дзейнасці

2) Адказы на пытанні:

– Сёння вы пабывалі на рыбалцы.

– Якія новыя словы вам спатрэбіліся на рыбалцы? (Рака, вуда, кручок, чарвячок, лёска)

– Назавіце, якіх рыб вы злавілі?

– Якія бываюць зычныя гукі?

– Якімі літарамі абазначаецца мяккасць зычных гукаў?

– Я бачу, што сёння вы былі ўважлівымі рыбакамі.

 

XII Рэфлексія

– Дзеці, у вас на парце ляжыць рыбка, якую вы злавілі. Калі вы сёння на ўроку задаволены сваёй працай, матэрыял урока зразумелы, выпусціце рыбку ў вадаём. Калі вы адчувалі цяжкасці на ўроку – пакіньце рыбку сабе.

Гасцям мы нашым дзякуй скажам,
А татам, мамам пра ўрок раскажам.
Што ж, усім дзякуй за ўрок,
Нас кліча адпачыць званок.

 

Прэзентацыя да ўрока па спасылцы:

https://drive.google.com/file/d/1LTC2UhZED-jBv8xe_eUEtD3cStxOzA68/view?usp=sharing

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий