- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Канікулы не толькі для адпачынку  

У ліпені пры Любчанскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна дзейнічаў працоўны атрад, у які ўвайшлі дзесяць вучняў 8–11-х класаў.

Гэта значыць, што для старшакласнікаў нашай навучальнай установы летнія канікулы – пара не толькі адпачынку, але і магчымасці карысна правесці час, праявіць сябе ў працоўнай дзейнасці і зарабіць грошы. Таму такая форма арганізацыі летняга часу даволі папулярная сярод падлеткаў. Да таго ж, дзякуючы супрацоўніцтву з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Навагрудскага райвыканкама, вучні атрымалі працоўныя кніжкі і адкрылі свой працоўны стаж.

Разам з тым выкананне падсобных работ па добраўпарадкаванні школы і школьнай тэрыторыі, дробных рамонтных работ, догляд прышкольнага ўчастка і цяпліцы спрыяе больш глыбокаму знаёмству з некаторымі рабочымі спецыяльнасцямі і авалоданню пэўнымі працоўнымі навыкамі. Прыемна адзначыць, што, ажыццяўляючы тыя ці іншыя віды работ, дапытлівыя падлеткі не стамляліся цікавіцца нюансамі працоўнага працэсу, патрабавалі дадатковых каментарыяў, задавалі адпаведныя пытанні і нават прапаноўвалі свае вынаходніцтвы, а таксама вучыліся быць адказнымі за якасць выкананай імі работы і разумець цану заробленых грошай. У далейшым гэта дапаможа юнакам і дзяўчатам, маючы ўласны вопыт, зрабіць больш асэнсаваны выбар у накірунку сваёй будучай прафесіі. Напрыклад, быць аграрыем ці праявіць сябе ў будаўнічай сферы.

Пасля плённай працы асабліва каштоўнымі былі хвіліны перапынку. І адкуль толькі з’яўляліся сілы? За 40 хвілін удавалася паспець многае: паабедаць за сумесна арганізаваным сталом, абмеркаваць апошнія мясцовыя навіны і падзеі сусветнага маштабу і нават пагуляць у “гарады”.

У плённай працы і ў дружнай кампаніі дні пралятаюць непрыметна. Прыемна бачыць, як сталеюць нашы падлеткі.

З упэўненасцю можна сказаць, што такая форма арганізацыі часовай занятасці моладзі ў вольны ад вучобы час апраўдвае сябе і падаецца вельмі перспектыўнай і карыснай.

 

Ларыса МАРОЗ,
настаўнік Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий