- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Любчанскія школьнікі пасадзілі алею канадскіх дубоў

“Вольны час не для забавы, а для добрай справы!” – пад такім дэвізам праходзіць лета вучняў Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна.

Сапраўды, калі час траціцца з карысцю, чалавек адчувае неверагодную асалоду, атрымоўвае задавальненне ад жыцця, набывае многа новых ведаў.

Лета ў разгары, канікулы працягваюцца, а гэта значыць, што самы час на добрыя справы, цікавыя сустрэчы і пазітыўныя ўражанні.

Чарговую ініцыятыву прапанаваў нашым падлеткам настаяцель Свята-Ільінскай царквы ў Любчы протаіерэй Аляксандр. Дарэчы, ён часты госць у нашай установе, дапамагае добрай парадай, духоўнай падтрымкай, сваім асабістым удзелам у важных справах і пачынаннях.

На гэты раз у знак моцнай дружбы і цеснага супрацоўніцтва, а таксама з нагоды аб’яўлення 2021 года Годам народнага адзінства, узнікла ідэя пасадзіць на школьным двары алею. Настаяцель царквы падараваў нашай установе саджанцы канадскага дуба, якія атрымаў з батанічнага сада. Справа аб’яднала і дзяцей, і педагогаў. Такія моманты натхняюць нас на творчасць і адкрываюць новыя гарызонты для супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння.

Ну а пасаджаныя дрэвы не толькі ўпрыгожаць школьную тэрыторыю, але і стануць сімвалам нашага адзінства, адданасці роднай зямлі, сваім караням, сваёй радзіме.

 

Вераніка АЛЯШКЕВІЧ,
дырэктар Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий