- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Свята “Беларускі вянок” у аздараўленчым лагеры “Рось”  

“Як ты дорага мне, мая родная мова! Мілагучнае, звонкае,спеўнае слова!” – гэтыя словы Ніла Гілевіча сталі дэвізам свята “Беларускі вянок”, якое прайшло ў аздараўленчым лагеры “Рось” Ваўкавыскага раёна.

На працягу цэлага дня дзеці пад чулым кіраўніцтвам выхавальнікаў спаборнічалі ў веданні нацыянальных свят, прыказак і прымавак, традыцый і звычаяў нашай краіны. Дзякуючы віктарынам і конкурсам кожны атрад атрымаў магчымасць даведацца, хто ж з’яўляецца сапраўдным знаўцам беларускай мовы.

Самым чаканым момантам дня стаў святочны канцэрт, на якім выхаванцы і выхавальнікі чыталі вершы, спявалі песні, інсцэніравалі казкі, дэманстравалі танцавальныя кампазіцыі. У кожнага была магчымасць пачуць як ужо вядомыя і ўпадабаныя ўсімі матывы, так і нешта новае і незвычайнае.

Цікава было назіраць, як узаемадзейнічаюць вучні з сельскіх школ, для якіх беларуская мова зразумелая і простая, з вучнямі гарадскіх устаноў адукацыі, многія з якіх адчуваюць складанасці пры маўленні і пісьме. Дзеці аб’ядналіся, каб зарабіць балы свайму атраду, дапамагалі адно аднаму знайсці новыя скарбы нацыянальнай гісторыі і беларускай мовы, бо для перамог патрэбныя не толькі веды, але і мысленне, жаданне, згуртаванасць.

Завяршэннем насычанага дня сталі дыскатэка і вячэрняя лінейка, на якой былі падведзены вынікі і адзначаны заслугі хлопчыкаў і дзяўчынак у розных конкурсах і віктарынах.

Па словах саміх выхаванцаў, свята “Беларускі вянок” і падрыхтоўка да яго былі напоўненыя прыемным хваляваннем і той цёплай атмасферай, у якую трапляеш, размаўляючы па-беларуску.

 

Эліна ВЯЛЕСІК,
выхавальнік 4-га атрада
аздараўленчага лагера “Рось”
Ваўкавыскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий