- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Смаргонскія алімпіяднікі ў “Юнацтве”  

Сёлета ўжо трэці год гасцінна адчыніў свае дзверы раённы аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем “Юнацтва” на базе Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы Смаргонскага раёна, які арганізоўваецца для пераможцаў алімпіяд рознага ўзроўню.

У перыяд з 22 ліпеня па 5 жніўня лагер сабраў 30 крэатыўных, актыўных хлопцаў і дзяўчат з усяго Смаргонскага раёна. Навучэнцы прыехалі сюды не толькі каб паглыбіць веды па мове і літаратуры, матэматыцы, фізіцы, але і цікава і займальна правесці час.

За 15 дзён выхаванцы пражылі маленькае жыццё, напоўненае яркімі падзеямі, станоўчымі эмоцыямі.

Першая палова дня была аддадзена заняткам, на якіх вучні адпрацоўвалі свае веды, уменні і навыкі, атрыманыя ў вучэбны час. З імі займаліся вопытныя педагогі Смаргонскага раёна, у якіх ёсць вопыт працы ў падрыхтоўцы пераможцаў і прызёраў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд.

Далей пачыналася культурная праграма. Выхаванцы былі ўцягнутыя ў цікавае спартыўнае і забаўляльнае жыццё, дзе кожны ўдзельнік мог праявіць сябе, развіць свае лепшыя якасці. Кожны дзень быў напоўнены новымі ўражаннямі, адкрыццямі і не падобны на папярэдні.

Дзеці з энтузіязмам удзельнічалі ў мерапрыемствах, прысвечаных Году адзінства (фальклорным батле “Народы Беларусі – адзіная сям’я”, флэшмобе “Мы – народ, і мы – адзіныя”, конкурсах вэб-плакатаў “Фолк-подыум народаў Беларусі”, калажаў “Моцная сям’я – моцная Беларусь”, квест-гульні “Сто пытанняў пра Радзіму”, фестывалі нацыянальных культур народаў Беларусі), праяўляючы сваю грамадзянскую і сацыяльную актыўнасць.

Не абышлося без традыцыйных “Міс і Містэр лагера”, шоу талентаў “Адзін-у-адзін”, карнавала фарбаў і шмат чаго іншага.

У рамках рэспубліканскай акцыі “Выбар лета. ЗдарОва! ЗдОрава! Карысна! Дружна!” выхаванцы лагера актыўна прымалі ўдзел у разнастайных спартыўных мерапрыемствах: спартыўна-забаўляльнай гульні “Разам весялей і хутчэй!”, спартыўнай гульні “Алімпійскія надзеі”, гульнявой праграме “Ключ да здароўя” і інш.

У рамках рэспубліканскага экскурсійнага марафона “Дзіцячы аўтацягнік” дзеці мелі магчымасць зазірнуць у глыбіні сусветнага акіяна, а таксама пазнаць сакрэты зорнага неба падчас экскурсій у Мінскі планетарый і Цэнтр акіянаграфіі “Адкрыты акіян”, пазнаёміцца з культурнай спадчынай беларускай зямлі праз наведванне музея-сядзібы М.К.Агінскага, раённага дома рамёстваў.

Падчас змены выхаванцы лагера перажылі мноства прыгод, раскрылі ў сабе новыя таленты, а набытыя ў працэсе вучобы веды і ўменні дазволяць ім у далейшым лепш праявіць сябе ў алімпіядах розных узроўняў.

Раз’язджаючыся дадому, дзеці пакінулі толькі станоўчыя водгукі пра знаходжанне ў лагеры і павезлі з сабой мора ўражанняў і пазітыўных эмоцый.

 

Алена ВАРАНІШЧА,
дырэктар аздараўленчага лагера “Юнацтва”
Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы”
Смаргонскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий