Падарожжа ў мінулае з “Сучаснікам”

- 12:20ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Падчас летніх канікул інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна гасцінна запрасіў выхаванцаў дашкольнай групы ў мінулае з дапамогай тэматычнай экскурсіі-падарожжа “Сваёй зямлёй я ганаруся”, прысвечанай Году народнага адзінства.

Час ляціць імкліва, адыходзяць у вечнасць сведкі важных гістарычных падзей, але, на шчасце, засталіся рэчы, якія абуджаюць нашу памяць, дазваляюць вярнуцца ў мінулае. Яны нагадваюць нам пра тое, як жылі людзі раней: што насілі, што елі, як вучыліся грамаце. Гэта наша гісторыя, наша спадчына. Прадметы побыту продкаў могуць навучыць самаму важнаму і карыснаму – веданню гісторыі свайго народа. Яны захоўваюць атмасферу нечага таямнічага і не зусім зразумелага, але пры гэтым дапамагаюць асэнсаваць лад жыцця і культуру нашых продкаў, яго традыцыі, багатую фальклорную спадчыну.

Выхоўваць патрыятычныя пачуцці пачынаць трэба змалку, з дашкольнага ўзросту. У гэтай важнай справе вельмі дапамагае знаёмства з этнаграфічным кутком “Скарб спадчыны”, які знаходзіцца ў інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры. Дзякуючы яму ў выхаванцаў ёсць цудоўная магчымасць зазірнуць у мінулае, уявіць, як жылі, вучыліся, святкавалі іх прабабулі і прадзядулі. Дзеці жадаюць добра ведаць гісторыю і культуру сваёй вёскі, краіны і народа, з павагай і шанаваннем ставіцца да роднага краю, ганарыцца дасягненнямі землякоў. Малых хвалююць іх карані, цікавіць, як жылі продкі. Выхаванцы знаёмяцца з прыладамі працы, адзеннем, традыцыйнымі рамёствамі, з прадметамі побыту, з усім тым, што было неад’емнай часткай кожнага чалавека, сям’і, народа.

У пачатку экскурсіі-падарожжа нашы вандроўнікі адправіліся змейкай праз “Кола гісторыі”. Выхаванцы ўспомнілі тэматычныя прыказкі і прымаўкі пра Радзіму, прынялі ўдзел у конкурсе-спаборніцтве “Адгадай загадку – убачыш адгадку!”. Разам са старэйшымі сябрамі-экскурсаводамі, удзельнікамі аматарскага аб’яднання па інтарэсах “Сучаснік” інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра, маленькія гледачы-вандроўнікі з задавальненнем прынялі ўдзел у інсцэніроўцы беларускай казкі “Дзедава рукавічка”. А народныя гульні “А мы проса сеялі”, “Чароўны кошык”, “Гарлачык” падаравалі малым добры настрой. Вельмі захапіла юных падарожнікаў гульня, заданнем якой было сабраць карцінкі-пазлы і назваць выявы прадметаў побыту на гэтых карцінках. Напрыканцы экскурсіі прагучалі вершы пра Беларусь, якія дзеці чыталі разам з удзельнікамі аб’яднання “Сучаснік”. Скончылася вандроўка ў мінулае ў інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры беларускай песняй “Люблю наш край”.

Лічу, што такія падарожжы ў мінулае малой радзімы, роднага краю адыгрываюць значную ролю ў жыцці і будучыні маленькіх грамадзян нашай любай краіны.

Экспанаты для нашага этнаграфічнага кутка збіралі не толькі школьнікі і педагогі, але і дашкольнікі і іх бацькі, а таксама бабулі і дзядулі і проста неабыякавыя аднавяскоўцы. І гэта важна, бо, аб’ядноўваючыся, мы фарміруем духоўную сувязь паміж пакаленнямі, пачынаем разумець значнасць і неабходнасць адзінства.

Вучні-экскурсаводы з радасцю і цікавасццю праводзяць экскурсіі па гістарычных аб’ектах роднай Свіслаччыны, расказваюць пра асаблівасці жыцця нашых продкаў, каб сучасныя дзеткі змаглі адчуць пяшчоту і цеплыню душы, якою былі сагрэты беларускія хаты і ўсё тое, да чаго дакраналіся рукі іх блізкіх. Такім чынам, мы зберагаем культурна-гістарычную спадчыну роднага краю.

На памяць пра наведванне этнаграфічнага кутка маленькія госці атрымалі кніжачкі-размалёўкі ў выглядзе беларускіх рэчаў побыту, з выявамі посуду, адзення, прылад працы, якімі карысталіся нашы продкі.

Маленькім гасцям было вельмі цікава, і пасля такога вандравання толькі ўзмацнілася жаданне і далей знаёміцца з гісторыяй малой радзімы.

 

Ала СКІБІЦКАЯ,
загадчык інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра
Вердаміцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий