- ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Бонусы летняга працаўладкавання

Арганізацыя часовай працоўнай занятасці ў вольны ад вучобы час – добрая традыцыя ў Поразаўскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна. Вось і сёлета 11 падлеткаў займаліся афарбоўкай сцен вучэбных кабінетаў і калідораў, добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі, праполкай агарода.

Тры месяцы канікул – час не толькі для адпачынку, але і для стваральнай працы. Удзел у праектах другаснай занятасці падлеткаў – добрая падрыхтоўка да прафесійнай дзейнасці, з карысцю праведзены час і цудоўная магчымасць першага сур’ёзнага заробку.

Вядомы рускі педагог К.Ушынскі сцвярджаў: “Чалавек народжаны для працы; праца складае яго зямное шчасце, праца – лепшы захавальнік чалавечай маральнасці, і праца ж павінна быць выхавальнікам чалавека”. Усё гэта пацверджана дзейнасцю працоўнай брыгады нашай школы.

У брыгадзе часовай працоўнай занятасці падлеткі ўсведамляюць, што без працы не можа быць шчаслівага, радаснага, бадзёра-аптымістычнага жыцця. Калі ў першы дзень яны працавалі без асаблівага задавальнення (няўпэўнена, без энтузіязму), то пазней ужо адчувалі асалоду ад якасна выкананай работы, праяўлялі творчасць і ініцыятыву. А на пытанне, ці плануюць працаваць наступным летам, у адзін голас адказвалі: “Абавязкова!”

Працаўладкаванне старшакласнікаў стварае ўмовы для засваення сістэмы агульначалавечых, духоўных і маральных каштоўнасцей, працэс, які вучыць сабранасці, засяроджанасці, адказнасці за зробленае. Кожны працоўны дзень заканчваўся аналізам сваёй дзейнасці: самакрытычна і аб’ектыўна ацэньвалася якасць выкананай работы, міжасобасныя адносіны, агульны настрой. А прыйшоўшы дадому, падлеткі з павагай адносіліся да тых, хто паспяхова справіўся з вялікім аб’ёмам хатніх абавязкаў і спяшаліся яшчэ нешта дапамагчы па гаспадарцы.

Пад уплывам поспехаў у дзейнасці падчас працаўладкавання радыкальным чынам змяняецца самаацэнка. Фарміруюцца лідарскія якасці, а непаспяховыя ў вучэбнай дзейнасці навучэнцы набываюць аўтарытэт у калектыве. Уключаючыся ў працоўны працэс, удзельнікі брыгады карэнным чынам змянілі свае ўяўленні пра сябе асабіста і пра навакольны свет.

Многа гадоў за арганізацыю другаснай занятасці ва ўстанове адказвае вопытны класны кіраўнік, настаўнік рускай мовы і літаратуры Марына Шымко.

– Ставіць мэту, выбіраць найбольш рацыянальны спосаб яе дасягнення, ацэньваць вынікі зробленага – менавіта гэтаму мы вучым падлеткаў у час працоўнай занятасці, – гаворыць педагог.

Такім чынам, з карысцю праведзены вольны час, значны ўклад у сямейны бюджэт, адчуванне сваёй неабходнасці для школы, а значыць і для краіны – галоўныя бонусы летняга працаўладкавання непаўналетніх.

 

Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий