- Дошкольное образование. Идеи, Методичка

“Планета СуперКід” запрашае ў падарожжа  

 

Крысціна КУЗЬМІЧ,
загадчык ДУА “Яслі-сад № 34 г. Ліды”,
Гродзенская вобласць

 

 

Галоўнай ідэяй гульнявой пляцоўкі “Планета СуперКід” ясляў-сада № 34 Ліды з’яўляецца развіццё пазнавальнай цікавасці дашкольнікаў па тэме падарожжаў па планеце Зямля і за яе межы, засваенне чалавекам космасу.

Фарміраванню выдатнага і жыццярадаснага настрою, эмацыйнага камфорту  выхаванцаў падчас прагулкі спрыяе рацыянальнае размяшчэнне абсталявання і матэрыялаў. Для паўнавартаснага развіцця розных відаў дзіцячай дзейнасці структура пляцоўкі падзелена на некалькі частак. Цэнтральную частку займае месца для арганізацыі рухальнай і самастойнай гульнявой дзейнасці дзяцей.

Любімым месцам для гульняў дзяцей стала аўтарская ідэя выхавальнікаў дашкольнай адукацыі – “Планетарый” – незвычайнае металічнае збудаванне, сценкі якога выкананы з полікарбаната. Купал планетарыя аформлены ў выглядзе зорнага неба з падвеснай мадэллю сонечнай сістэмы (для фарміравання ўяўленняў выхаванцаў аб космасе). Унутры маецца дадатковае абсталяванне: цацка “Касмалёт” (для развіцця рухальнай актыўнасці дзяцей), лэпбукі “Космас”, “Зямля – ​​наш касмічны дом” (для пазнавальнай актыўнасці, развіцця дапытлівасці, увагі, памяці), цацка “Займальны планшэт” (для развіцця дробнай маторыкі пальцаў рук). Для выгоды выкарыстання гульняў маюцца стол і лаўкі.

“Ракета” – прывабнае збудаванне, якое выкарыстоўваецца дашкольнікамі для сюжэтна-ролевых гульняў. Унутры ракеты маецца пульт кіравання з кнопкамі і лічбамі (для замацавання матэматычных уяўленняў).

Гульнявы модуль “Вясёлы фургончык” – драўляная машынка з гуллівымі коскамі, весела ўсміхаецца і  ўсім падабаецца! На арганізацыю індывідуальных і калектыўных гульняў дзяцей натхняюць наяўнасць інструментаў для  “рамонту” і магчымасць адчуць сябе ў ролі кіроўцы, пасажыра.  

Развіваючы комплекс “Пінгвіны” складаецца са століка з выявай рыбак, пянькоў-ільдзінак са спінкамі ў выглядзе пінгвінаў з маляўнічай шнуроўкай (для развіцця буйной і дробнай маторыкі, ініцыятыўнасці і самастойнасці).

 Сюжэтная кампазіцыя “Паўночны полюс” складаецца з гульнявых модуляў “Белая мядзведзіца” (для пракатвання мяча) і “Умкіна гара” (для падлазання).

Шведская сценка “Цуд-Афрыка” – гімнастычны снарад з вертыкальных стоек з папярочнымі круглявымі ашэсткамі і кольцамі. Сценка задэкарыравана ліянамі з каляровых пластмасавых шароў, прызначаных для гульняў “Разблытай ліяны”, “Падбяры па колеры”, “Знайдзі пару” і інш. Гульнявыя персанажы папугай і змяя (у яркім драўляным выкананні) запрашаюць дзяцей у свет спартыўных гульняў і забаў.

Акунуцца ў казку і адчуць мноства чароўных імгненняў дапамагае “Хатка сяброў” – драўляны гульнявы модуль, у якім выхаванцы адчуваюць сябе паўнапраўнымі гаспадарамі. Дзіцячая фантазія не дае засумаваць: домік можа ператварыцца ў палац або нават  у казачны  церамок, у якім дзяўчынкі навучаюцца прымаць наведвальнікаў, паводзяць сябе як сапраўдныя гаспадыні, ствараючы камфорт, чысціню і ўтульнасць. Хлопчыкі ж часцей за ўсё ператвараюць хатку ў крэпасць, якой можна завалодаць. Модуль насычаны гульнявымі дапаможнікамі: дзіцячы посуд, лялькі, музычныя інструменты, куфар з касцюмамі казачных персанажаў.

Зона адпачынку прадстаўлена гульнявым абсталяваннем “Рыбкі ў сетцы”, камфортнымі лавачкамі і зручным столікам для арганізацыі дыдактычных, настольна-друкаваных, будаўніча-канструктыўных гульняў, а таксама заняткаў па інтарэсах.

Важным элементам гульнявой пляцоўкі з’яўляецца пясочніца-трансформер з драўляным пакрыццём, яркая па расфарбоўцы, дастатковая па памеры. Побач з пясочніцай знаходзіцца лавачка для размяшчэння кантэйнера з пясочнымі наборамі.

Тэматычная веранда аптымальна насычана. На ёй абсталяваны адразу некалькі эстэтычна аформленых гульнявых зон: “ЭкаСвет” (для выхавання экалагічнай культуры), “АртМайстэрня” (для развіцця творчых здольнасцяў), “Юныя даследчыкі” (для арганізацыі пазнавальнай практычнай дзейнасці). Яркім дадаткам веранды з’яўляюцца выява мацерыкоў з жывёламі, упрыгожванні-падвескі “Палёт да зорак”, “Кола падарожжаў” (для размяшчэння дзіцячых  работ). Куток “Для Вас, бацькі!” арыгінальна аформлены ў выглядзе паветранага шара з кошыкам.

На тэрыторыі гульнявой пляцоўкі можна зрабіць цёплыя атмасферныя фатаграфіі, сямейнае сэлфі.

 

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий