Шчасце і жыццёвыя выпрабаванні Яўгеніі Петрасян

- 10:29Персона

Яўгенію Петрасян, настаўніцу па класе скрыпкі  Смаргонскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў імя М.К.Агінскага добра  ведаюць і паважаюць не толькі  вучні, але і бацькі.  Шчыры, адкрыты душой чалавек, настаўніца штодзень вучыць дзяцей  чароўнай музычнай грамаце.   Яна шчыра любіць музыку, а яшчэ больш – сваіх навучэнцаў, якім прысвячае шмат працоўнага і нават уласнага вольнага часу.

І яны творча растуць пад крылом цярплівага, таленавітага музыканта і педагога, паказваючы значныя поспехі ў музыцы. Толькі за апошні час узорны ансамбль “Завадныя смыкі” пад кіраўніцтвам Яўгеніі Вячаславаўны быў узнагароджаны граматамі і дыпломамі лаўрэатаў на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах “Восеньскі зоркапад”, “Мы таленты твае, Беларусь”, “Фарбы Прагі”, “Талісман удачы”.

Цяпер, гледзячы на жыццярадасную настаўніцу, цяжка паверыць у тое, што за яе плячыма  няпросты і складаны лёс, поўны выпрабаванняў.

Як успамінае Яўгенія Вячаславаўна, прыехала яна разам са сваёй сям’ёй на Смаргоншчыну з далёкага і невялікага горада Сумгаіт (былая Рэспубліка  Азербайджан). Заставацца на малой радзіме было небяспечна:  ішла вайна з Нагорным Карабахам. Было страшна і вельмі  жудасна. Бацька памёр. На двары тады быў 1990 год… Няпросты і складаны для былога Савецкага Саюза час. Невялікая торба, крыху грошай – вось усе набыткі. Як кажуць у народе, ногі б толькі ўнесці. Ехалі ў невядомасць. Сям’я Петрасян ніколі не чула пра горад Смаргонь. “Прыехалі голыя-босыя”, – з усмешкай узгадвае маці, Раіса Петрасян.  Тады малой Жэнечцы  было ўсяго шэсць год.

На новым месцы сям’ю Петрасян чакалі новыя выпрабаванні. Адразу было складана атрымаць грамадзянства. Спачатку жылі ў інтэрнаце, на пятнаццаці квадратных метрах. Жылі ўтраіх: Жэня, маці і дзядзька. У сувязі з адсутнасцю грамадзянства, на працу было проста немагчыма ўладкавацца –  патрабавалі дакументы. І з дакументамі дапамаглі. Як зазначае Яўгенія Вячаславаўна,  дапамагалі ўсе, чым маглі: бульбай, вопраткай, нават цёплую коўдру пазычалі. Ніхто не быў абыякавым да чалавечага гора. З вялікай удзячнасцю Раіса Петрасян ўзгадвае дырэктара сярэдняй школы № 3 Смаргоні Аляксандра Будая, куды пайшла Жэня вучыцца ў першы клас. Аляксандр Еўстаф’евіч вельмі дапамог сям’і Петрасян, выпісаўшы матэрыяльную дапамогу. Атрыманых грошай хапіла, каб набыць сезонны абутак і адзенне. Пасля маці ўладкавалася прыбіральшчыцай ў ГУМ. Пайшоў заробак, і стала круху лягчэй. Дзядзька, Тэймур Пагасян, чалавек творчы, таксама хутка “зачапіўся”, пачаў працаваць музыкантам у рэстаране “Вілія”, на розных святах. Ён цудоўна валодаў ігрой на розных музычных інструментах, прыгожа спяваў. Так, раззнаёміўшыся з мясцовым насельніцтвам, сям’я Пагасян – Петрасян стала для ўсіх сваёй. 

Нарэшце, атрымаўшы грамадзянства, зарабілі на доўгачаканаую кватэру. Так і жывуць па-суседску і зараз, вось ужо 30 гадоў. Дзверы дома сям’і Петрасян заўсёды адчынены для сяброў, суседзяў і проста знаёмых.

Сёння Яўгенія Вячаславаўна  называе сябе шчаслівым чалавекам, бо побач з ёй родныя і блізкія людзі, яна займаецца любімай справай, і самае галоўнае, верыць у сябе, у   будучае, у заўтрашні дзень. Смаргоншчына стала для яе сям’і  не толькі пастаянным месцам жыхарства, але і другім домам.

 

Вольга ІЛЬІНА,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры  
сярэдняй школы № 3 Смаргоні

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий