Маргарыта ТАРАСЕВІЧ,
музычны кіраўнік
ДУА “Яслі-сад № 83 г. Гродна”
Мэты:
– фарміраваць асновы эстэтычнай культуры сродкамі музычнага мастацтва;
– вучыць актыўна праяўляць сябе ў музычна-выканальніцкай і творчай дзейнасці.
Матэрыял і абсталяванне: вырабы з гародніны і садавіны, абручы, зробленыя з паперы жытнёвыя каласкі, ручнікі беларускія, капялюш, бульба (для гульні), часнок, цыбуля, гарох, бурак (для кірмашу), сноп, дудачка, кошык з яблыкамі.
Папярэдняя работа: гутарка пра кірмаш, пра традыцыі беларускага народу, развучванне вершаў, танцаў і песень.
Ход забавы
Зала мае выгляд святочна ўпрыгожанага кірмашу.
Гучыць беларуская народная музыка. Дзеці ўваходзяць у залу.
Вядучы:
Што за люд у нас сабраўся,
Нібы пляц шырэй раздаўся,
На якое свята нас,
Запрашае восень у гэты час?
Дзеці: На кірмаш!
Вядучы:
Сонца яркае ўстае,
На кірмаш народ ідзе,
Надышоў вяселы час,
Завітаў кірмаш да нас.
Усіх, хто не ленаваўся
Добра справаю займаўся,
І не трапіў марна час
Запрашаем на кірмаш.
Гэй, музыкі, дружна грайце
І кірмаш наш адчыняйце.
Пад музыку ўваходзяць Лявон і Лявоніха.
Лявон і Лявоніха: Добры дзень!
Лявоніха:
Плённай працай, ураджаем
Усіх прысутных мы вітаем.
На кірмаш наш запрашаем!
Лявон:
Тут не толькі прадаюць-купляюць.
Спяшайцеся на кірмаш, гульнямі, песнямі
Парадуйце нас!
Танец “Полька-Янка”.
Дзеці сядаюць. Пад музыку забягае Каласок.
Каласок:
Добры дзень, шаноўны люд,
Каласок жытнёвы тут як тут!
Бачу народу багата – пэўна ж тут нейкае свята?
А ўбор мой срэбны, не новы.
А хлеб мой просты, жытнёвы!
Жытнёвы хлеб – усяму галава.
Без хлеба і хата не хата,
І свята не свята, і поле не поле,
І доля не доля!
Пагуляемся з дзецьмі,
Пазбіраем каласкі з полю.
Эстафета “Збяры каласок”.
Каласок:
А зараз для парадку,
Загадаю вам загадку:
Сто братоў адным поясам перавязаны,
Што гэта?
Дзеці: Сноп.
Каласок бярэ сноп і дорыць вядучаму.
Лявон:
Дзякуй табе, каласок!
Сноп жытнёвы, прасяны
Кланяемся табе да зямлі.
Лявоніха:
А хто другую адгадае загадку?
Хто скажа, хто знае:
Што ў нашым краі другім хлебам называюць?
Слухачы і гледачы, здагадаўся – не маўчы!
Дзеці: Бульба.
Лявон:
Правільна! Гэта бульбінка.
А цяпер пагуляем, дзеці, у гульню “Бульба”.
Бярэм бульбу, трымаем бульбу лбамі і танцуем.
Гульня “Бульба”.
Лявоніха:
А цяпер смялей падыходзьце, тавар выбірайце,
Таргуйцеся з намі, а потым купляйце.
Бульба, цыбуля, калачы ды булачкі,
Крэндзелі ды бублічкі.
Калі хочаш, што ўзяць,
Трэба вершык пачытаць.
Ну, выходзь, хто смелы з вас,
Пачынаем наш кірмаш!
Дзеці чытаюць вершы:
1. От бабуля важна села
І глядзіць навокал смела.
У зямлю схавала лапаць.
Як зачэпіш – будзеш плакаць.
Гэта злосная бабуля
Называецца цыбуля!
(Падыходзіць да Лявона за цыбуляй)
2. У бабулі родны брат
Ласкавейшы быццам,
А да слез давесці рад,
Так, як і сястрыца.
Ты не вельмі плач, сынок,
Калі шчыплецца часнок.
(Падыходзіць да Лявоніхі за часнаком)
3. З вусамі, а не стары.
Зайздросныя вочы.
За што-небудзь на двары,
Учапіцца хоча.
Хопіць хітрасці на трох,
Ну, на тое ж ён гарох.
(Падыходзіць да Лявона за гарохам)
4. Не сыдзе з месца ні на крок,
Зарыўшыся ў пярыну.
Цярэбіць ціхі вецярок
Зялёную чупрыну.
А возьмуць за чупрыну
Ды выцягнуць з пярыны –
Пачырванее, нібы рак.
Вядома, хто гэта – бурак.
(Падыходзіць да Лявоніхі за бураком)
Вядучы ўбачыў ручнікі.
Вядучы: Якія цудоўныя ручнікі, а ці можна з імі пагуляць?
Лявон і Лявоніха: Можна!
Гульня “Завярніся ў ручнік”.
Лявон: Глядзіце, якія прыгожыя дудачкі ў мяне ёсць.
Вядучы: За колькі грошай прадаеш?
Лявон:
А я дарма аддаю, людзей весялю.
Пагуляйце, дзеці, ў гульню “Мікіта”.
Гульня “Мікіта”.
Вядучы: Станем у круг, для гульні “Мікіта” нам патрэбен вядучы.
Вядучы скача з дудачкай па крузе пад музыку. Калі музыка сціхае, вядучы становіцца паміж двух дзяцей, дзеці становяцца спінамі, а другія кажуць: “Раз, два, тры, бяжы”. Кожны бяжыць у свой бок па крузе. Хто хутчэй дабяжыць да вядучага і дакранецца да дудачкі, той становіцца вядучым.
Лявоніха: Прадам капялюш.
Вядучы: Ой, як мне падабаецца. Ну што з вамі зробіш, трэба купіць. (падае мяшочак з грошамі, прымярае капялюш).
Вядучы:
Якая я прыгожая, вясёлая ў гэтым капялюшы.
Гэй, музыка грай, жару паддавай,
за Лявонам з Лявоніхай паўтарай.
Флэшмоб “Капялюш”.
Лявоніха:
Вось як добра мы гулялі,
песні пелі, танцавалі.
Але, Лявон,трэба нам ужо ў дарогу.
Дзякуй, госці, за падмогу.
Вы так дружна рагаталі,
Нас так хораша віталі,
Падарункі ёсць для вас,
Даруе восеньскі кірмаш (кошык з яблыкамі).
Дзеці: Дзякуй.
Лявон:
Край свой любіце,
Таму, што наш край за ўсе мілейшы
За ўсе прыгажэйшы.
Лявон і Лявоніха: Да пабачэння!