Рэальнае падарожжа з мабільнымі тэлефонамі  

- 12:23Педагогический лайфхак

 

Таццяна ДАНЕШЧЫК,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа г.п. Краснасельскі”
Ваўкавыскага раёна,
Гродзенская вобласць

 

 

 

На асенніх канікулах невялікай, але дружнай кампаніяй вучні сярэдняй школы г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага раёна адправіліся на экскурсію ў Гродна.

Сучасных падлеткаў даволі цяжка адцягнуць ад мабільных тэлефонаў, таму мы вырашылі на экскурсіі выкарыстаць гаджэты ў пазнавальных мэтах.

Асенні Гродна сустрэў нас гасцінна, на вуліцах, як заўсёды, было шмат людзей, якія спяшаліся па сваіх справах. Спяшаліся і мы наведаць запланаваныя гістарычныя аб’екты.

Экскурсія пачалася з наведвання Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора, які не перастае здзіўляць гараджан і турыстаў сваёй велічнасцю і прыгажосцю. У гэты дзень у храме ішло богаслужэнне ў гонар Казанскай іконы Божай Маці. Побач з саборам мы спыніліся каля скульптуры “Пакроў Прасвятой Багародзіцы”. Безумоўна, мы не змаглі абысціся без сумеснага фота на фоне сабора, а яшчэ вучні мабільнымі тэлефонамі адсканіравалі QR-код, які размешчаны перад уваходам у храм, і самастойна змаглі больш падрабязна пазнаёміцца з гісторыяй Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора. Гэта зможаце зрабіць і вы, трэба толькі адсканіраваць QR-код сваім мабільным тэлефонам.

Затым мы пабывалі каля Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, пазнаёміліся з афіцыйным сайтам навучальнай установы. І зноў на дапамогу нам прыйшлі мабільныя тэлефоны і QR-код, які размешчаны перад уваходам ва ўніверсітэт. Некаторыя са старэйшых вучняў сказалі, што абавязкова стануць студэнтамі Гродзенскага ўніверсітэта.

Наступны прыпынак нашага падарожжа – парк Жылібера. Мы наведалі брацкую магілу, дзе пахаваны воіны, загінулыя ў час Вялікай Айчыннай вайны, у іх памяць і як напамін нам гарыць Вечны агонь.

З творчасцю Элізы Ажэшкі вучні яшчэ не знаёмыя, але на экскурсіі даведаліся, што помнік Элізе Ажэшцы ў Гродне з’яўляецца найстарэйшай скульптурнай рэліквіяй горада, створанай у памяць пра вялікую беларуска-польскую пісьменніцу. Мы, настаўнікі, прапанавалі вучням у “Вайберы” спасылку, перайшоўшы па якой, хлопчыкі і дзяўчынкі маглі пазнаёміцца з біяграфіяй і творчасцю пісьменніцы.

Кульмінацыяй экскурсіі стала наведванне Новага замка. З вялікай цікавасцю ўсе вучні выконвалі заданні квеста. Гэта была своеасаблівая гульня ў хованкі па залах музея, толькі хаваліся не мы, а ад нас хавалі разнастайныя гістарычныя і мастацкія каштоўнасці: рабяты шукалі і знаходзілі неабходныя экспанаты, разгадвалі рэбусы, знаходзілі неадпаведнасці ў карцінах. Было весела, цікава і пазнавальна. А віртуальны тур па залах Новага замка вы можаце здзейсніць, адсканіраваўшы QR-код.

Стомленыя, але задаволеныя, поўныя станоўчых эмоцый, мы вярталіся дамоў, і кожны з нас пры дапамозе мабільнага тэлефона дзяліўся фотаздымкамі, спасылкамі са сваімі сябрамі, аднакласнікамі, бацькамі. Такім чынам, атрымалася, што на экскурсіі пабывалі не толькі мы, але і нашы блізкія. А яшчэ кожная група вучняў атрымала заданне зрабіць фотакалаж і невялікае відэа з экскурсіі. Пасля канікулаў мы падзелімся сваімі работамі на сайце школы.

Таму падарожнічаць з мабільнымі тэлефонамі – гэта не толькі цікава, але і пазнавальна, яскрава і запамінальна.

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий