“Добрым жыць на белым свеце весялей!” – так лічаць вучні Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна, бо на восеньскіх канікулах ім пашчасціла правесці час у прышкольным аздараўленчым лагеры “Дабраград”.
У перыяд правядзення лагернай змены дзецям было прапанавана стаць удзельнікамі займальнага падарожжа, дзе кожны дзень ім адкрывалася нешта новае і цікавае. Кожны з шасці дзён з’яўляўся тэматычным і праходзіў пад дэвізам “Добрым жыць на белым свеце весялей!”.
Выхаванцы лагера змаглі прыняць удзел у розных мерапрыемствах творчага характару і інтэлектуальнай накіраванасці. Акрамя таго, у праект лагера былі ўключаны мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактыку дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму, супрацьпраўных дзеянняў, бяспецы жыццядзейнасці вучняў.
Цікавай і займальнай была экскурсія ў горад Навагрудак, дзе хлопцы і дзяўчаты даведаліся цікавыя факты пра раённы цэнтр. Дзеці пабывалі на Замкавай гары, алеі ліхтароў, наведалі царкву Святога Мікалая.
Свае спартыўныя ўменні і навыкі, спрыт і кемлівасць выхаванцы праявілі падчас розных спартыўных мерапрыемстваў: спартландыі, спартыўных спаборніцтваў па футболе, піянерболе, спартыўных эстафет, у якіх былі задзейнічаны ўсе дзеці. Ніводнага дня не праходзіла без рухомых гульняў.
Не абышлося і без добрых спраў. У рамках акцыі “Добрыя справы – маёй малой радзіме” маленькія жыхары Дабраграда навялі парадак на тэрыторыі Любчанскага замка.
6 лістапада адбылося ўрачыстае закрыццё лагера “Да сустрэчы, вясёлы Дабраград!”, дзе на развітанне ўсе дзеці атрымалі памятныя падарункі за актыўны ўдзел у жыцці лагернай змены.
Выхаванцы атрымалі шмат станоўчых эмоцый, змаглі рэалізаваць свае творчыя фантазіі, праявіць актыўнасць і ініцыятыву, умацаваць здароўе. Дзеці набраліся сіл і энергіі, каб актыўна і прадуктыўна ўступіць у новую вучэбную чвэрць.
Анжаліка ЗУБАРАВА,
педагог сацыяльны
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна