Падарожжа ў краіну Эканомію

- 15:58ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Сусветны дзень энергазберажэння вучні 4-га класа Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна здзейснілі падарожжа ў краіну Эканомію.

Пачалося падарожжа са званка маме. Маленькі хлопчык адкрыў газету і ўбачыў незнаёмыя яму словы “энергазберажэнне”, “энергетыка” і вырашыў адразу ўдакладніць у дарослага чалавека іх значэнне. Пазней гэтае ж пытанне ён задаў і сваім аднакласнікам. Дзеці паспрабавалі растлумачыць, але поўны адказ атрымалі, праглядзеўшы займальны мультфільм “Фіксікі”.

Затым чацвёртакласнікі падзяліліся на дзве каманды і адправіліся ў падарожжа па станцыях “Размінка”, “Энергетыка”, “Мульці-пульці”. Вучні вырашалі задачы па энергазберажэнні, адказвалі на пытанні, адгадвалі рэбусы. Напрыклад, на станцыі “Энергетыка” даведаліся пра цеплавую энергію, якая выкарыстоўваецца ў нас у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, а на прыкладзе казкі “Як звяры ў лесе прыстасаваліся да холаду” вучыліся берагчы цяпло ў доме. Прайшоўшы станцыю, дзеці атрымлівалі “Памяткі для ветлівых” з парадамі па рацыянальным выкарыстанні энергіі.

На станцыі “Мульці-пульці” успомнілі казкі і казачных герояў “Вогніва”, “Муха-Цакатуха”. А каб Муха-Цакатуха не замёрзла, зрабілі ёй і яе сяброўкам цёплыя хаткі-рукавічкі. Больш за ўсё дзецям спадабалася на станцыі “Вучымся эканоміць”. Тут хлопчыкі і дзяўчынкі паламалі галовы над гульнёй-брадзілкай, у якой трэба было выключыць дарэмна ўключанае святло.

У канцы мерапрыемства чацвёртакласнікі зноў звярнуліся да мультфільма “Фіксікі” і склалі “Фікс-парады: эканомце электраэнергію”, якія яны паабяцалі выконваць і далучаць да іх сваіх малодшых братоў і сястрычак. Хочацца верыць, што ўсе ўдзельнікі мерапрыемства зрабілі для сябе выснову, што ўсе яны – часцінка вялікага грамадства і многае залежыць ад іх саміх.

 

Крысціна ІОДКА,
класны кіраўнік 4-га класа
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий