На сустрэчу з мінулым накіраваліся навучэнцы Міжэрыцкага дзіцячага сада – базавай школы імя У.Ляха

- 15:01ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Мінулае сваёй краіны навучэнцы пачатковых класаў Міжэрыцкага дзіцячага сада – базавай школы імя У.Ляха Зэльвенскага раёна вывучаюць не толькі па вучэбных дапаможніках. Яны ўдзельнічаюць у экскурсіях і падарожжах па гістарычных мясцінах. У пачатку лістапада школьнікі пабывалі ў Ружанах, прыадкрылі заслону славутай гісторыі Брэсцкай вобласці.

Маршрут пралягаў у невялікі пасёлак Ружаны, які захоўвае ў сваіх межах знакамітую архітэктурную славутасць Беларусі – Ружанскі замак, дакладней палац і рэзідэнцыю вялікага і слаўнага роду Сапегаў. Першапачаткова двухпавярховы будынак рэзідэнцыі Сапегаў быў замкам, будынак дапаўняла тры вежы. І толькі ў другой палове XVIII стагоддзя пасля практычна поўнага разбурэння, ён быў адноўлены. Некалі непрыступны замак у Ружанах ператварыўся ў вытанчаны палац з садамі, паркамі, аранжарэямі.

Мы спыніліся каля адрэстаўраванай брамы з двума бакавымі праходамі і цэнтральнымі варотамі. На тэрыторыю палацавага комплексу ўваход адкрыты для ўсіх жадаючых. Апынуўшыся ўнутры, мы адразу зразумелі, чаму Ружаны называюць “Беларускі Версаль”. Нягледзячы на разбурэнні, палац да гэтага часу дзівіць сваёй прыгажосцю і веліччу.

Падчас экскурсіі па чатырох экспазіцыйных і адной выставачнай зале музея вучні даведаліся пра розныя перыяды існавання палаца, гісторыю роду Сапегаў і пасёлку Ружаны. Экспазіцыі даволі цікавыя. У фондах музея больш за 1500 экспанатаў, сярод іх ёсць сапраўды ўнікальныя прадметы. Выклікала цікавасць у навучэнцаў экспазіцыйная зала “Гасціная канцлера”, якая лічыцца самай відовішчнай. У ёй знаходзіцца адзін з самых унікальных экспанатаў музея – бельгійскі буфет XIX стагоддзя і саксонскі фарфор. У куце пакоя – французскі стол XIX стагоддзя, таксама ў зале знаходзіцца калекцыя халоднай і агнястрэльнай зброі. А яшчэ вучні даведаліся, што гэтую залу выкарыстоўваюць для тэатралізаваных шлюбаў.

Кожны ўдзельнік экскурсіі спяшаўся захаваць гэтую прыгажосць на фота, зрабіць некалькі здымкаў з сябрамі на добрую памяць.

Вяртаючыся ў Міжэрычы, вучні доўга дзяліліся ўражаннямі ад убачанага і пачутага. Сапраўды, такія мерапрыемствы дазваляюць лепш даведацца пра гісторыю роднай краіны, адчуць у поўнай меры яе прыгажосць, атрымаць асалоду ад бларускіх пейзажаў.

 

Аліна ПАЛЯШЧУК,
настаўнік пачатковых класаў
Міжэрыцкага дзіцячага сада – базавай школы імя У.Ляха
Зэльвенскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий