У рамках фестывалю “Вясёлкавы калейдаскоп” у Бабрыкоўскай сярэдняй школе Пінскага раёна прайшоў конкурс “Традыцыі і сучаснасць”, падчас якога вучні дакрануліся да беларускай народнай спадчыны.
Дзеці рыхтаваліся да творчага спаборніцтва з вялікім задавальненнем. Конкурсныя работы вучняў 1–11-х класаў былі прадстаўлены ў форме відэаролікаў з беларускімі народнымі гульнямі, песнямі, абрадамі і танцамі. Так, першакласнікі запрасілі на гульню “Дудар”, пяцікласнікі прадставілі гульні “Кубачак”, “У казла” і “Міхасік”, чацвёртакласнікі расказалі пра гульню “Проса”, а десяцікласнікі – пра традыцыйныя сямейныя і цікавыя мясцовыя гульні.
Беларускія абрады і святы – каларытныя, поўныя загадак, містыкі і народнай мудрасці. Бабрыкоўскія школьнікі праніклі ў гісторыю роднага краю, адчулі душу народа. Вельмі цікавай атрымалася прэзентацыя Купалля, падрыхтаваная вучнямі 2-х, 6-х і 9-х класаў. Васьмікласнікі запрасілі пакалядаваць, а сямікласнікі – на абрад “Ваджэнне куста”.
Дзеці з радасцю спявалі песні, вадзілі карагоды, гулялі, танцавалі.
Вялікую дапамогу ў арганізацыі конкурсных нумароў аказалі загадчык Дабраслаўскага СДК Т.Я.Кавалевіч і загадчык Бабрыкоўскага СДК Ж.В.Быковіч.
Г.К.ЗАВАДСКАЯ,
педагог-арганізатар
Бабрыкоўскай сярэдняй школы
Пінскага раёна