“Будзеш геніяльны! Твае цудоўныя творы будуць захапляць людзей, палоніць людскія душы і жыць вечна…” (Да 130-й гадавіны з дня нараджэння Максіма Багдановіча)

- 21:20Авторские проекты, Аўтарскі праект Валянціны ЯТКОЎСКАЙ "Слаўныя імёны"

 

Аўтар пранікнёна гаворыць з чытачамі пра свае бачанне асобы і паэзіі Максіма Багдановіча, пра неразгаданасць чараў творчасці вялікага паэта. Матэрыял можа быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы ўрокаў беларускай літаратуры і пазакласных мерапрыемстваў.

 

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 22 г. Гродна”

 

 

 

Найвялікшы дадзены Богам – Максім Багдановіч. Менавіта так даслоўна перакладаецца яго імя. Вы запытаеце, але ці ж мала на Беларусі Багдановічаў, ці ж мала Максімаў? А я горда адкажу: “А гэты – Максім Багдановіч”.

Хто ён, гэты прыгожы юнак?

Гэта – Паэт. Геніяльны паэт! Гонар і боль нашай літаратуры. Адна з непаўторных прамяністых зорак нашай айчыннай паэзіі, святло якой незгасальнае. Яна загарэлася на літаратурным даляглядзе 9 снежня 1891 года. На вялікі жаль, жыццёвая нітка адданага сына Маці-Беларусі абарвалася ў час найвялікшага росквіту яго таленту. З гэтага свету ў вечнасць Багдановіч адышоў у 25 гадоў. Балюча стогне і плача душа. Гэта несправядліва! Крыўдна мала!

І застаўся ты ў нашых душах,
Хоць навекі знік у палях.
Вечна светлы і вечна дужы.
Вечна юны, як наша зямля.
            Уладзiмiр Караткевiч

2021 год знакавы для нашай краіны: славутаму песняру беларускага народа, гарачаму патрыёту, нашаму земляку, першаму інтэлігенту ў літаратуры, тонкаму і трагічнаму Максіму-Кніжніку споўнілася б 130 гадоў з дня нараджэння.

Не памылюся, калі скажу, што яго творчасць кранае душы людзей, а жорсткі і бязлітасны лёс “бяскрылага” паэта служыць для падрастаючага пакалення прыкладам самаадданага служэння слову, Радзіме, народу. Тыя, хто аднойчы адкрые для сябе Багдановіча, адкрыюць яго назаўсёды. І назаўсёды зробяць сваёй любоўю. Яны застануцца навек у палоне неразгаданых чараў яго паэзіі, будуць зноў і зноў вяртацца да яго радкоў і спыняцца перад імі, нямеючы, як перад цудам. Таму і сёння мы звяртаемся да легендарнай постаці, прызнанага майстра паэтычнага радка, каб аддаць даніну памяці яго літаратурнаму таленту, жыццёваму і духоўнаму подзвігу. А самае галоўнае для творцы – гэта памяць нашчадкаў.

…Цябе няма – пакінуў нас,
А песні ўслед лунаюць.
І васількі ў жытнёвы час
Твае нам расцвітаюць.
                   Апанас Цыхун

Які быў улюбёны паэт беларускага чытача? Безумоўна, Багдановіч быў асобай легендарнай высакароднасці, чалавекам рэдкай душэўнай далікатнасці і прыроднай інтэлігентнасці, чалавекам з неймаверна развітым пачуццём маральнага абавязку і асабістай годнасці… Ды ўсяго і не пералічыць! І мы, яго сённяшнія чытачы, канечне ж, гэта адчуваем. Мы адчуваем: за кожным яго радком – крыштальная чысціня помыслаў і памкненняў, шчымлівы, кранальны плач паэтавага сэрца.

І як тут не пагадзіцца са словамі Зоські Верас: “Будзеш геніяльны! Твае цудоўныя творы будуць захапляць людзей, палоніць людскія душы і жыць вечна…”

О Божа, як страшна: з 17 год ведаць, што кожны наступны дзень, месяц, год можа быць апошнім! Як цяжка… Колькі мужнасці і сілы трэба было мець, каб, ведаючы гэта, цвёрда і настойліва ісці па сваёй, свядома абранай дарозе. Дарозе да Айчыны…

Маленькім дзіцяткам ён страціў два з трох дароў, якія не выбіраюцца чалавекам, а даюцца Богам, – маці і Радзіму. Здаецца, рос-узрастаў у іншай краіне, на ніве іншай культуры, свядома размаўляць пачаў на чужой мове – дзевяноста дзевяць са ста адчувалі б сябе рускімі. А ён стаў тым адным, Адзіным Беларусам. На мой погляд, гэта з’ява выключная, неардынарная, фенаменальная.

Такім чынам, феномен Максіма Багдановіча заключаецца ў неперарэзанай духоўнай пупавіне, якая яднала паэта з маці, што навек засталася ў нашай гродзенскай зямельцы. Вобраз маладой, прыгожай, жыццярадаснай Маці-Мадонны, што бясконца адорвала любоўю і пяшчотай, навек зліўся для Максіма з вобразам другой маці, Маці-Радзімы, у крэўны непарыўны вузел.

Над полем жытнёвым і сёння ты кружыш,
я чую твой голас, твой плач …
За волю, за праўду,
за матчыну мову –
прабач нам, Максіме, прабач.
                                            Міхась Курыла

Нягледзячы на тое, што Максім Багдановіч жыў у Расіі, ён стаў тым, кім хацеў – беларускім паэтам! Чаму? Таму, што думаў па-беларуску, пісаў па-беларуску, адлюстроўваў у сваіх творах знітаванасць з радзімай, з жыццём народа, самааддана яе любіў і тонка адчуваў. На яе высокі і прыгожы лад настроіў сваё маладое сэрца:  

Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю,-
Ой, пайду я з цеснай хаты ў тое поле.
У чыстым полі вецер вее, павявае,-
Ты пакінь мяне, нуда мая нямая.

Кароткім і трагічным быў жыццёвы лёс паэта, яшчэ карацейшым – творчы. Усяго дзесяць гадоў гарэў душэўны агеньчык таленавітага сына беларускай зямлі. Але творам, якія ён паспеў падарыць народу, выпаў зайздросны лёс: да яго неўміручых радкоў усё з большай сілай цягнуцца шчырыя сэрцы людскія.

Ён навучыў, здаецца, гаварыць
Па-беларуску нават кіпарысы,
Барвінак на магільніку гарыстым
Ён навучыў, здаецца, гаварыць.
                                     Я. Сіпакоў

Варта адзначыць, што творчая дзейнасць Багдановіча шматгранная: ён быў не толькі выдатным паэтам, самабытным празаікам, але і непераўзыдзеным майстрам перакладу, тонкім літаратурным крытыкам, глыбокім даследчыкам і тэарэтыкам літаратуры. Ні ў якім разе не перабольшу, калі скажу, што паэзія для яго – найпершае прызванне, прадмет вялікай любві вялікага сэрца:

Адзін дае людзям ізлішкі,
Другі ўсё, што мае. Я гэткі:
Пяю я з надтрэснутым сэрцам,
Апошні свой скарб аддаю.

Яго шырокі дыяпазон уяўляе сабой энцыклапедыю чалавечага жыцця. Далучымся ж да гэтай багдановічаўскай паэзіі, якая наважылася апаясаць сваім чароўным вянком увесь зямны шар, прарасла цвятком радзімы васілька на ўсіх яго паралелях і мерыдыянах.

Перачытаем яго цёплыя творы, услухаемся ў яго чароўную мову, угледзімся ў непаўторна-самабытныя вобразы. Усё там ад гэтай зямлі, усё ад жыцця і лёсу народа. Вельмі прыемна, што многія творы вывучаюцца ў школьным курсе беларускай літаратуры.

Давайце пагартаем найбольш цікавыя і запамінальныя старонкі духмянага зборніка паэзіі “Вянок”. Скажу па праўдзе, зраблю гэта з прыемнасцю і ахвотай.

Збіраў па кветачцы ты скарбы роднай мовы,
Каб сплесці з іх для будучынь «ВЯНОК» .
Зірні ж, Максім, праз занябыту сковы,
Праз халады не згінуў васілёк.
                                                 Ніна Аксёнчык

Колькі хараства і прывабнасці, зладжанасці і меладычнасці чуецца ў яго вершах! На вятрах стагоддзяў адчуваецца гарачы пульс радкоў, мудрых і мужных, суровых і адчайных, звонкіх і прамяніста-яркіх.

З віртуозным майстэрствам мастак слова паказвае жывую, адухоўленую прыроду, захапляецца яе красой і гармоніяй. Пейзажная лірыка ў класіка нашай нацыянальнай літаратуры – як сам чалавек. Яна дыхае летам і зімой, спявае і галосіць, фарбуецца ў чырвоны і залацісты колер – усё чуецца на слых, адчуваецца на дотык:

Па-над белым пухам вішняў,
Быццам сіні аганёк,
Б’ецца, уецца шпаркі, лёгкі
Сінякрылы матылёк.

А яшчэ Багдановіч асацыіруецца ў мяне з чалавекам, які кахаў і пакутаваў ад кахання, любіў радзіму і жыццё, адчуваў горыч адзіноты і нікому на свеце не дазваляў сябе шкадаваць. “Сэрца ные, сэрца кроіцца ад болю”, што яму так і не выпала шчасця павесці каханую да шлюбу і нарадзіць з ёю дзіця:

Як хораша, калі дзіцё
Пад сэрцам ціха зварухнецца.
І ўраз па целу разліецца
Яшчэ нязвычнае чуццё.

Люблю Багдановічавы разважанні ў вершах пра часовае і вечнае, пра філасофскія тэмы жыцця і смерці, дабра і зла. Гэта сапраўдныя шэдэўры беларускай паэзіі. Ёсць над чым падумаць… Кожны гук акрэслены, выразны, кожны радок звініць, як нацятая струна, кожны радок – гэта крык болю і радасці ў адначассе.

Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?

Радасна ўсведамляць, што кветкі, сабраныя ў тым вянку, не завялі. Наадварот, з гадамі, з дзесяцігоддзямі яны ззяюць усё ярчэй і вабяць сваёй загадкай і таямніцай. Да яго шчымлівых твораў, як да крыніцы з гаючай вадою, цягнуцца ўсё больш і больш нашчадкаў.

Не пакрыўлю душой, калі скажу, што чытаць гэтыя вершы – незвычайная асалода і задавальненне. Яны – вечная свежасць для чытацкага сэрца, яны ўзбагачаюць нас духоўна і з’яўляюцца яскравым прыкладам выхавання чалавека і грамадзяніна.

“За сваё кароткае жыццё ён зведаў нямала горкіх хвілін адзіноты, у самоце яго напаткала і смерць. Але як гэта нярэдка здараецца з вялікімі – пасля смерці адзінота пакінула яго назаўсёды. Ён жыве сёння ў сэрцах тысяч, у яго – незлічоная кагорта верных і шчырых сяброў не толькі ў роднай Беларусі, але і далёка за яе межамі…”

Венера асвятляе шлях,
Які яшчэ мы не спазналі.
Застаўся ты навекі з намі,
Страцім, наш срэбракрылы птах. 

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий