Тыдзень матэматыкі і фізікі ў Любчанскай сярэдняй школе

- 8:41ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Любчанскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна быў праведзены прадметны тыдзень па матэматыцы і фізіцы.

Адкрыла тэматычны тыдзень кніжная выстава “Вялікія фізікі стагоддзя”. Амаль усе старшакласнікі наведалі экспазіцыю і пазнаёміліся з кнігамі пра вучоных. Для вучняў 7–9-х класаў быў праведзены “Фізбой”, які ўключаў конкурсы “Фізічныя велічыні”, “Фізічныя загадкі”, “Знаўцы фізікі”, “Абгонім на задачы”, “Творцы фізікі”.

У гульнявой форме праходзіў “Матэматычны калейдаскоп”, які ставіў на мэце павялічыць цікавасць да прадмета, развіць пазнавальную цікавасць, лагічнае мысленне. Пераможцамі конкурсу сталі вучні 7-га класа.

Да конкурса прэзентацый “Ядзерная энергетыка: усё за і супраць” адзінаццацікласнікі рыхтаваліся загадзя. Асабліва цікава выступілі І.Астапкевіч і Л.Моніч.

Трэці дзень тыдня адкрыў Web-квест “Па дарогах матэматычных адкрыццяў”, дзе вучні зачыталі даклады. Гульня была накіравана на пашырэнне і паглыбленне атрыманых на ўроках ведаў. У конкурсе “Пачынаючым фізікам” школьнікі вучыліся знаходзіць спосабы рашэння якасных задач, звязаных з інтуіцыяй, якія могуць сустрэцца ў жыцці і ў будучай прафесійнай дзейнасці. Гэта былі камандныя спаборніцтвы паміж вучнямі 7-га і 8-га класаў. Дзеці тлумачылі фізічныя з’явы, адказвалі на нестандартныя заданні, успаміналі школьны матэрыял не толькі па фізіцы, але і матэматыцы і інфарматыцы.

Гульнявая форма падачы матэрыялу ў матэматычным турніры “Матэматычная гімнастыка розуму” дала магчымасць лепш яго зразумець і запомніць. Усе вучні ўключаліся ў дзейнасць з велізарным жаданнем.

Апошні дзень тыдня адзначыўся сумесным мерапрыемствам – турнірам знаўцаў і аматараў матэматыкі і фізікі “І вопыт, сын памылак цяжкіх, і геній, парадоксаў сябар…”. Вучням было вельмі цікава адказваць на пытанні па фізіцы і матэматыцы адначасова.

Аналізуючы праведзеныя мерапрыемствы, варта адзначыць, што прадметны тыдзень паспрыяў паглыбленаму вывучэнню матэматыкі і фізікі, развіццю асобасных якасцей вучняў, актывізаваў іх разумовую дзейнасць. Захапіўшыся, вучні не заўважалі, што яны вучацца, пазнаюць, запамінаюць новае, арыентуюцца ў незвычайных умовах, папаўняюць слоўнікавы запас, развіваюць фантазію.

 

Уладзімір ЗЮЗЬКОЎ,
настаўнік фізікі
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий