Максім Багдановіч: і сустрэча, і пашана, і памяць…  

- 10:00Аўтарская калонка Валянціны ЯТКОЎСКАЙ

 

Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА «Сярэдняя школа № 22 г. Гродна»

 

 

 

Разам будзьма ў Максімавай хаце
Мы душою сваёй багацець.
Усхваляць роднай мовы багацце,
Разам з тым узрастаць і сталець.

Браніслаў Ермашкевіч

 

Гродна. Мой любы Гродна!

Горад – гісторыя, горад – старажытны і вечна малады. Ты пранёс на сваіх магутных плячах восем стагоддзяў, шмат-шмат гадоў. Ты быў сведкам і суддзёю. Твая спадчына не мае цаны.

Па ціхіх і вузкіх вулачках крочылі калісьці славутасці горада – Кастусь Каліноўскі, Давыд Гарадзенскі, Эліза Ажэшка, Васіль Быкаў, Максім Багдановіч… Мы ганарымся гэтымі імёнамі, памятаем і шануем іх.

Максім Багдановіч – дзівосны сваёй гаротнай доляю чалавек-паэт, чалавек-творца, талент вышэйшай пробы айчыннай літаратуры. Лёс наканаваў яму кароткае жыццё – 25 гадоў. Такі малады! І планаў, колькі планаў!

Нам, гродзенцам, пашанцавала атрымаць у спадчыну вялікі драўляны дом, дзе жыла сям’я Багдановіча.

Каля парку імя Жылібера,
На рагу скрыжавання дарог,
Стаіць хата, там тчэцца павер’е.
Што яе ўратаваў абярог.

Браніслаў Ермашкевіч

Магчыма, не кожны ведае, што ў сярэдзіне ліпеня 1892 года бацька Максіма Багдановіча, Адам Ягоравіч, перавёз сюды сваю сям’ю. Максіму было амаль восем месяцаў. Пражыўшы ў Гродне каля 1580 дзён, амаль ад самага нараджэння, паэт лічыў гэты горад сваім пачаткам. Бо менавіта на гродзенскай зямлі ён зрабіў першыя крокі, тут пачуў і пачаў асэнсоўваць беларускія казкі і паданні. Безумоўна, краявіды Гродзеншчыны, імклівы Нёман назаўсёды зачаравалі маленькага Максіма, паланілі яго душу.

Зараз гэта − дом-музей Максіма Багдановіча, які ўваходзіць у комплекс Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. 

З нагоды юбілея паэта (130 год з дня нараджэння), мы з вучнямі 6-га класа, у якім я з’яўляюся класным кіраўніком, зрабілі экскурс у мінулае – наладзілі экскурсію ў музей. Гэта экскурсія насіла навучальна-выхаваўчы характар. Яна – своеасаблівая паэтычная вандроўка памяці знакамітай постаці.

Дзякуючы гэтаму мерапрыемству, дзеці ўсвядомілі адну важную ісціну: ім патрэбна ведаць гісторыю нашага горада, ведаць імёны і шанаваць подзвігі продкаў, несці подых стагоддзяў у будучыню, не пагарджаць сваім мінулым, а быць вартым яго!

Навучэнцы з асалодай і задавальненнем слухалі аповед пра нашага таленавітага земляка, паэзія якога прадаўжае нязгасна жыць на берагах бацькі-Нёмана.

Нельга не сказаць пра тое, што экскурсавод з незвычайным захапленнем і натхненнем далучыла падлеткаў да асобных старонак жыццёвага лёсу і літаратурнай дзейнасці легендарнай асобы, данесла жыццёвы подзвіг, яго бязмежную адданасць роднай мове, роднай зямлі, абудзіла пачуццё любові і пашаны да таленавітага майстра слова.

Вучні пераканаліся ў тым, што душа Максіма прысутнічае ў доме паўсюль: усё тут напоўнена светлым жыццём, шчымлівай радасцю і мудрым спакоем.

О, якія цудоўныя і светлыя думкі ў гэты час праносіліся над дзіцячымі галовамі! Не інакш!

Экскурсія пачалася з прагляду экспазіцый. Заходзім у прасторныя залы, іх дзве. Варта адзначыць: адразу адчуваецца своеасаблівы пах даўняга жыцця. Школьнікі ўбачылі сямейны “Фотакалейдаскоп”: разнастайныя дакументы, асабістыя рэчы, фотаздымкі, лісты, метрыкі нараджэння дзяцей. Вельмі прыемна, што хлопчыкі і дзяўчынкі былі вельмі ўважлівымі і дапытлівымі. Іх здзівіў фотаздымак, дзе маці з маленькім Максімам, які апрануты ў незвычайную для дзяцей вопратку: кашульку-сукенку. Для іх гэтае адзенне было асаблівым і цікавым.

Жыццё паэта ў літаратуры – гэта апантанае і шчырае ахвяраванне сваёй душэўнай энергіі яе вялікасці – Паэзіі. Экскурсавод звярнула ўвагу дзяцей на адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў “Вянок”, які, несумненна, з’яўляецца прадметам гордасці і пашаны кожнага беларуса. 

У рабочым кабінеце бацькі Максіма, Адама Юр’евіча, дзеці заўважылі багатую бібліятэку. Яны зразумелі, што ён шмат чытаў і многа ведаў. На сцяне – вялізны гадзіннік. Яго мілагучны бой поўніў пакой загадкавасцю і нагадваў Адаму Юр’евічу, што прыйшоў час заканчваць сваю працу, а працаваць ён любіў да позняй ночы. Далей вучні звярнулі ўвагу на столік, на якім размяшчаліся старадаўнія прадметы: незвычайная чарніліца, шчыпчыкі для сахара, якія нагадвалі гусіныя лапкі, заварнік, кубачак для кавы, малочнік, срэбная лыжка. Дзяцей гэтыя рэчы ўразілі і надоўга запомніліся.

Жаночы пакой. Знаёмцеся: тут жыла маці паэта, Марыя Апанасаўна. Да чаго ж цудоўна выглядае! Прыгожая, вытанчаная, а якая таленавітая, інтэлігентная! Гаварыла хораша! Сваім чацвярым дзецям яна перадала душу і талент, навучыла думаць і адчуваць прыгажосць прыроды і мовы. Падаравала Максіму любоў да радзімы, але не змагла дараваць яму долі. На жаль, лёс пераблытаў апошнія дзве лічбы яе гадоў 1869–1896. Божа мой! Ёй было толькі – 27. Яна так і не паспела ўволю нацешыцца шчаслівым дзяцінствам сваіх дзяцей і заўчасна пайшла з зямнога жыцця. 

Старадаўні рознакаляровы парасон ад сонца, з якім яна любіла гуляць з дзецьмі па вуліцах Гродна, пудраніца, брошкі, пацеркі – запалі ў душу дзяўчынкам. А люстэрка, дзе яна прыхарошвалася, заплятала сваю тугую касу! Не засталіся яны абыякавымі ад парфумерыі і біжутэрыі, вельмі модных у тыя часы. Хочацца нагадаць, што тут, у сваім пакоі, Марыя Апанасаўна пасля дзённых турбот любіла чытаць Дастаеўскага.  

Заглянем у дзіцячы пакой. У той час не было сучасных машынак, пазлаў, канструктараў, камп’ютараў. Драўляны конік-качалка, мяккія плюшавыя мядзведзікі, кубікі, разнастайныя салдацікі, столік, які хутчэй нагадвае школьную парту, кошыкі з лазы, дзе ляжалі прыгожыя цацкі – усё гэта аздабляла пакой.

Наступны пакой – гасцінная. Вялікі шыкоўны абедзенны стол, дзе збіралася дружная сям’я Багдановічаў, стаіць пасярэдзіне пакоя. Збоку, на табурэтцы – самавар, па другі бок – піяніна, адкуль даносіцца яна – Музыка, поўная хараства! Велічная! Меладычная! 

“А дзе тэлевізар, мяккая мэбля?” – запыталі дзеці ў экскурсавода. Яны ніяк не маглі зразумець, што Максім Багдановіч жыў зусім у іншую эпоху.

Мне здаецца, што нейкі незразумелы і невытлумачальны праклён вісеў над гэтай сям’ёй! Увесь час турбуе пытанне: “За што, за што такія пакуты і выпрабаванні?” Нельга адказаць…

Самотліва, неяк тужліва на душы. Міжволі пачуццё ўзнёсласці і значнасці ўбачанага і пачутага запаўняюць сэрца і душу, ахутваюць з ног да галавы.

Ён сумаваў, што не пакіне пасля сябе нашчадкаў. Яго нашчадкі − мы ўсе. І яго творы. Яго песні. Яго думкі. Будзем радавацца, ганарыцца, вечна памятаць, што ў нас ёсць такі паэт, як Максім Багдановіч!

Вандроўка ў мінулае пераканала падлеткаў у тым, што хоць Максім Багдановіч памёр удалечыні ад Беларусі, але ён жыве на сваёй радзіме, на Бацькаўшчыне. Жыве ў мудрых думках, высакародных пачуццях, у вершах-прысвячэннях, у музыцы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий