Галіне адукацыі кожнага рэгіёна ёсць кім і чым ганарыцца

- 14:17Стиль работы

Кіраўнікі ў сферы адукацыі расказваюць аб выніках работы ў мінулым годзе і планах на будучыню.

 

Юрый ПРАСМЫЦКІ, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама:

— Нягледзячы на цяжкасці, выкліканыя складанай эпідэмічнай сітуацыяй, сістэма адукацыі Брэстчыны сёлета працавала даволі дынамічна і вынікова. Вялікай і дружнай педагагічнай сям’і вобласці, якая налічвае больш за тысячу ўстаноў адукацыі, дзе шчыруюць каля 28,6 тысячы педагогаў і выхоўваюцца каля 230 тысяч дзяцей, ёсць кім і чым ганарыцца ў 2021 годзе.

На рахунку педагогаў і выхаванцаў дашкольных устаноў — 8 дыпломаў І ступені, атрыманых на конкурсах і выставах рэспубліканскага ўзроўню. Дыпломамі пераможцаў міжнародных конкурсаў адзначаны 9 чалавек.

54 выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі здалі адзін ці два прадметы на цэнтралізаваным тэсціраванні на 100 балаў, 792 (амаль 9%) — атрымалі атэстаты з сярэбранымі ці залатымі медалямі. 71 вучань заваяваў дыплом на заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. 6 школьнікаў сталі пераможцамі міжнародных алімпіяд і конкурсаў. Больш за 100 педагогаў вобласці ўдзельнічалі ў распрацоўцы матэрыялаў адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу.

За высокі прафесіяналізм настаўніца геаграфіі Алена Арнольдаўна Сакалоўская з гімназіі № 1 Брэста адзначана Ганаровай граматай Савета Міністраў Беларусі, настаўніца хіміі Ала Васільеўна Таболіна з гімназіі Іванава — медалём Ф.Скарыны, а настаўніца матэматыкі Алена Барысаўна Пратасевіч з сярэдняй школы № 1 Драгічына — медалём “За працоўныя заслугі”.

Шмат зроблена ў галіне спецыяльнай адукацыі. Так, на базе дапаможнай школы Брэста адкрыты першы ў вобласці рэсурсны цэнтр па аказанні комплекснай дапамогі дзецям з аўтыстычнымі парушэннямі.

Сёлета адбылося 14 абласных конкурсаў прафмайстэрства педагогаў і навучэнцаў ПТНУ і ССНУ. У Івацэвічах прайшоў абласны фестываль прафмайстэрства сярод навучэнцаў, студэнтаў і маладых рабочых з асаблівымі патрэбамі, якія спаборнічалі ў 26 кампетэнцыях.

На XVII конкурсе зваршчыкаў Беларусі ў трох намінацыях перамог Елісей Арцямук з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў. На XIX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі работы ўстаноў прафесійнай адукацыі Брэстчыны атрымалі 16 дыпломаў рознай вартасці.

Даволі вынікова ўдзельнічалі ПТНУ і ССНУ вобласці ў рэспубліканскіх мерапрыемствах па інавацыйнай, тэхнічнай і мастацкай творчасці (117 дыпломаў). За дасягненне найлепшых паказчыкаў у падрыхтоўцы кадраў Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж занесены на абласную Дошку гонару.

У рамках Года народнага адзінства рэалізавана шмат цікавых абласных выхаваўчых праектаў: “Цудоўней стане Брэстчына мая” (па навядзенні парадку і азеляненні школьных тэрыторый і населеных пунктаў), “Радавод” (па вывучэнні культурнай спадчыны народа), “АРТ-рынг” (па рабоце з дзіцячымі і маладзёжнымі аб’яднаннямі), “Таленты зямлі Берасцейскай” (па развіцці дзіцячай творчасці).

Сёлета ў Баранавічах адкрылася новая сярэдняя школа № 1 імя С.І.Грыцаўца на 1020 месцаў, а ў Брэсце з’явіўся ўбудавана-прыбудаваны дзіцячы сад на першым паверсе шматкватэрнага дома на 75 месцаў. Вядзецца будаўніцтва школ-садоў на 471 месца кожная ў Кобрыне і Століне, дзіцячага сада на 240 месцаў у Жабінцы і ўбудавана-прыбудаванага дзіцячага сада на 60 месцаў у Пінску. У планах — будаўніцтва двух дзіцячых садоў на 350 месцаў кожны ў двух новых мікрараёнах Брэста.

Станоўчая дынаміка назіраецца ў рэалізацыі пагаднення аб творчым супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій паміж галоўным упраўленнем па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Выдавецкім домам “Педагагічная прэса”. Так, сёлета на старонках “Настаўніцкай газеты” і ў сеткавым рэсурсе ng-press.by ўбачылі свет больш за 520 матэрыялаў педагогаў Брэстчыны (летась 430). Спадзяюся, што і ў новым годзе наша сяброўства з галіновым выданнем будзе толькі ўмацоўвацца ў агульных інтарэсах.

Са святамі, паважаныя калегі! Няхай новы год радуе вас зайздросным здароўем, удзячнымі вучнямі і іх поспехамі, новымі прафесійнымі ўзлётамі і шматлікімі шчаслівымі імгненнямі. Разам мы справімся з усім!

 

Дзмітрый ХОМА, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама:

— У цэлым год быў дастаткова паспяховым для сістэмы адукацыі вобласці, нягледзячы на некаторыя выклікі і складанасці, абумоўленыя найперш пандэміяй. Разам з тым гэта надало нам новы імпульс для развіцця, падштурхнула больш актыўна задзейнічаць новыя формы і метады работы з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, што дазволіла аператыўна і без страты якасці арганізоўваць і праводзіць розныя мерапрыемствы. Безумоўна, стала крыху менш выездаў, міжнароднае супрацоўніцтва мы сёння ажыццяўляем пераважна дыстанцыйна. Аднак і тут ёсць пэўныя поспехі, дасягненні ў гуманітарнай сферы, у аказанні і прыцягненні спонсарскай дапамогі.

Калі гаварыць пра знакавыя вынікі, то нельга не згадаць работу з таленавітымі і адоранымі навучэнцамі. Так, больш як 5 гадоў мы сур’ёзна займаліся алімпіядным рухам. Сёлета на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах каманда вобласці заваявала 124 дыпломы і выйшла на 2-е месца ў рэспубліцы пасля Мінска, 15 дыпломаў нашы вучні паклалі ў скарбонку Беларусі па выніках міжнародных алімпіяд.

Адзначаючы поспехі вядучых устаноў адукацыі рэгіёна, трэба дадаць, што ў працэнтных суадносінах штогод памяншаецца ўдзельная вага дыпломаў, атрыманых на алімпіядах гімназістамі ў параўнанні з навучэнцамі звычайных школ. Прычым расце колькасць пераможцаў не толькі са школ, размешчаных у буйных гарадах: якасны рывок у развіцці здзейснілі сельскія вучні. Пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды ў нас могуць ганарыцца ўжо большасць раёнаў, асобныя з іх — упершыню за апошніх 5—10 гадоў. Варта сказаць і аб спартыўных дасягненнях нашых дзяцей і моладзі. Для папулярызацыі сярод школьнікаў здаровага ладу жыцця створана Віцебская абласная асацыяцыя школьнага спорту. Навучэнцы паспяхова прадстаўляюць свае ўстановы адукацыі на рэспубліканскіх і міжнародных спартыўных стартах. У 2021 годзе яны сталі пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх спаборніцтваў па мнагаборствах “Здароўе” і “Абаронца Айчыны”, лёгкаатлетычным кросе, валейболе.

Вялікім плюсам стала праведзеная мадэрнізацыя сістэмы адукацыі ў рамках праекта Сусветнага банка. Мы выканалі рамонт больш чым у 20 школах, асвоена звыш 30 млн рублёў. Выбудоўвалі стратэгію так, каб у кожным раёне стварыць як мінімум адну апорную ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі, дзе будуць сканцэнтраваны сучасныя матэрыяльна-тэхнічныя, метадычныя і кадравыя рэсурсы — і гэта ў нас атрымалася. Радуе і тое, што мы адкрылі дзіцячы сад у Паставах. Працягваюцца будаўнічыя работы і набліжаецца адкрыццё адноўленага Полацкага кадэцкага вучылішча.

Безумоўным прыярытэтам для нас ёсць і будзе выхаваўчая работа. Тут асобна хочацца вылучыць комплекс мерапрыемстваў па захаванні гістарычнай памяці і ўвекавечанні імён герояў — пераможцаў Вялікай Айчыннай вайны, што рэалізуецца ў рэгіёне па ініцыятыве Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. У цяперашні час 66 установам адукацыі ўрачыста прысвоены імёны слаўных абаронцаў Айчыны, у тым ліку 15 — сёлета.

Напярэдадні Новага года і Каляд мы актыўна далучыліся да дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Важна, каб кожнае дзіця і асабліва тыя, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, атрымалі падарункі, адчулі радасць і самае галоўнае — шчырыя клопат, увагу і падтрымку. Гэта важна для ўсіх нас. Са святам!

 

Руслан СМІРНОЎ, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама:

— Сёлета ў Гомелі ўведзена ў эксплуатацыю школа № 75, разлічаная на 845 вучнёўскіх месцаў. У Мазыры пабудаваны дзіцячы сад на 300 месцаў.

Па выніках 2020/2021 навучальнага года ў выпускнікоў Гомельскай вобласці самы высокі бал па цэнтралізаваным тэсціраванні сярод абласцей і Мінска. Атрыманы 71 стабальны сертыфікат.

У мінулым навучальным годзе на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах школьнікі Гомельшчыны заваявалі 121 дыплом. Гэта лепшы вынік вобласці.

У 2021 годзе на міжнародных прадметных алімпіядах нашы навучэнцы заваявалі 1 залаты, 3 сярэбраныя і 4 бронзавыя медалі па інфарматыцы, фізіцы, біялогіі, геаграфіі. На XIII Міжнародным турніры юных матэматыкаў — бронзавы медаль.

З 2017 года навучэнцы Гомельскай вобласці штогод становяцца пераможцамі Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы. У 2021 годзе заваявана 8 медалёў: 2 залатыя, 1 сярэбраны і 5 бронзавых.

На базе філіяла Агенцтва развіцця і садзейнічання інвестыцыям тэхнапарк “Карал” сёлета адкрыты “Інапарк — дзіцячы тэхнапарк” Гомельскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Тут створаны ўмовы для развіцця робататэхнікі, электронікі, праграмавання, сайтабудаўніцтва, графічнага дызайну, стварэння камп’ютарных гульняў, 3D-мадэлявання і іншых кірункаў, прывабных для сучаснай моладзі.

З 2016 года праводзіцца турнір па робататэхніцы, які сёлета сабраў больш за 300 удзельнікаў і стаў прэстыжным спаборніцтвам для захопленых IT-кірункам падлеткаў.

Значны вынік дзяцей у тэхнічнай творчасці на рэспубліканскім узроўні — 1-е месца сярод абласцей у конкурсах JuniorSkills Беларусь, “Патрыёт.by” (камп’ютарныя распрацоўкі патрыятычнай накіраванасці), 2-е месца ў конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект”.

Вобласць займае першы рэйтынгавы радок па выніках большасці рэспубліканскіх конкурсаў: “Выцінанка: чароўныя ўзоры”, “Архнавацыя”, “Краявiд”, конкурс юных майстроў “Беларуская выцінанка”, агляд-конкурс “Прывітанне, свет!”, конкурс “Гуляюць дзеці — гуляюць дарослыя!”, “Дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі ў аб’ектыве”, “Мы выбіраем ЗЛЖ — шлях да поспеху”, “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, “Хто, калі не мы!”, “Здаровы лад жыцця — шлях да выратавання”. Навучэнцы прафесійнай адукацыі ганараваны гран-пры рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыi — 2021”.

Кіраўнік народнай студыі выяўленчага мастацтва Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Алена Леўчанка ўзнагароджана Ганаровай граматай Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а кіраўнік народнай студыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці гэтай жа ўстановы Надзея Барсукова атрымала нагрудны знак “Выдатнік адукацыі”.

Папаўняецца скарбонка спартыўных перамог. Каманды Гомельскай вобласці сталі лепшымі ў рэспубліцы і атрымалі дыплом І ступені ў рэспубліканскіх лёгкаатлетычных спартыўна-масавых мерапрыемствах “300 талентаў для Каралевы”, летнім мнагаборстве “Здароўе” сярод навучэнцаў каледжаў, а таксама ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі (Рэспубліканская спартакіяда — 2021), спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па лёгкай атлетыцы “Шкаліяда”.

Сёлета 50 таленавітых маладых людзей Гомельшчыны ўзнагароджаны прэміямі Гомельскага аблвыканкама.

 

Руслан АБРАМЧЫК, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама:

— Яркай падзей 2021 года стаў Рэспубліканскі педсавет з удзелам кіраўніка дзяржавы, дзе былі вызначаны далейшыя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі. Важным для нас стала завяршэнне пераходу на новы змест агульнай сярэдняй адукацыі, выдадзена практычна ўся лінейка падручнікаў. 2021/2022 навучальны год завяршае рэформу зместу адукацыі. З задавальненнем адзначу, што ўдаецца планамерна павышаць заробкі педагогаў, бачым крыніцы для іх далейшага росту.

Гродна на 2021 год стала маладзёжнай сталіцай Рэспублікі Беларусь. І мы, дзякуючы падтрымцы Міністэрства адукацыі, годна справіліся з гэтай місіяй. Шэраг выніковых мерапрыемстваў рэспубліканскага ўзроўню праходзіў менавіта ў Гродзенскай вобласці. Адно з самых запамінальных — Тыдзень дадатковай адукацыі, вынікі якога рэспубліка падводзіла ў Гродне.

Прынята Комплексная праграма выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі ў Гродзенскай вобласці на 2021—2025 гады. Мы таксама ўключыліся ў рэалізацыю Праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2022—2025 гады і з’яўляемся аднымі з адказных за выкананне гэтай праграмы, правядзенне інфармацыйнай і выхаваўчай работы з дарослымі людзьмі. У сістэме выхавання самым яркім і запамінальным новаўвядзеннем стала ўвядзенне пасад кіраўнікоў ваенна-патрыятычнага выхавання ва ўстановах адукацыі. Важным было правядзенне пасяджэння абласнога выканаўчага камітэта, дзе разглядаліся пытанні захавання бяспекі ва ўстановах адукацыі рэгіёна. Рашэннем аблвыканкама ў вобласці зацверджана праграма далейшых мерапрыемстваў у гэтым кірунку.

Каманда юных спартсменаў Гродзенскай вобласці стала чэмпіёнам XV Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў — 2021. Па-ранейшаму паспяхова выступалі нашы зборныя каманды. Сярод лаўрэатаў гран-пры Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі — 2021” — галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. Парадавалі вынікі ўдзелу вобласці ў алімпіядным руху, у цэнтралізаваным тэсціраванні.

У новы год мы ўступаем з новай рэдакцыяй Кодэкса аб адукацыі, прынятай Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні. Шмат планаў па развіцці ўзаемадзеяння ўсіх устаноў адукацыі на тэрыторыі вобласці ў рамках адукацыйнага кластара. Плануем стварыць кластар навукова-даследчай работы школьнікаў на базе Тэхнапарка ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама адкрыць  шэраг новых аздараўленчых лагераў з гэтай тэматыкай.

 

Наталля ПРАСКУРАВА, старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама:

— У адыходзячым годзе сістэма адукацыі сталіцы прырасла 4 новымі ўстановамі адукацыі: 2 дашкольныя ўстановы адкрыліся ў Кастрычніцкім і Фрунзенскім раёнах сталіцы, 2 школы — у Першамайскім і Ленінскім раёнах. У студзені плануецца ўвод у эксплуатацыю школы-новабудоўлі у мікрараёне Брылевічы, дзе размесціцца гімназія № 41.

У пытаннях стварэння бяспечных умоў ва ўстановах адукацыі Мінска 2021 год стаў прарыўным. Да пачатку бягучага навучальнага года ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі мы ўстанавілі сістэмы кантролю доступу — аўтаматычныя турнікеты. Сёння ўсе 244 школы і гімназіі горада ўжо абсталяваны імі. Завяршаецца работа па аснашчэнні турнікетамі прафесійных каледжаў і ліцэяў.

Адно з рашэнняў, рэалізаваных сёлета, — перавод усіх школ і гімназій пад ахову Дэпартамента аховы МУС. Сёлета мы сур’ёзна прасунуліся ў пытанні мадэрнізацыі сістэм відэаназірання. Ва ўсіх школах і гімназіях горада дадаткова ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, якое забяспечвае добры відэаманіторынг уваходных груп з магчымасцю захавання відэаархіваў на аддаленых серверах.

Асаблівая ўвага ў горадзе ўдзяляецца працэсам лічбавізацыі адукацыі. Для карыстальнікаў інтэрнэту створаны інфармацыйны чат-бот, у якім аб’яднана ўся інфармацыя па сістэме прафесійна-тэхнічнай і спецыяльнай адукацыі. Малады чалавек, заходзячы ў чат-бот, можа атрымаць інфармацыю па любых прафесіях, што цікавяць яго і выкладаюцца ў нашых установах. Сёння гэты чат-бот карыстаецца папулярнасцю.

Зараз мы актыўна працуем над стварэннем баз даных. Плануем зрабіць базу ўсенавуча. Акрамя таго, для нас было б вельмі важным аўтаматызаваць пастаноўку дзяцей на ўлік для прыёму ў дашкольную ўстанову. Людзі не зусім разумеюць, як адбываецца залічэнне ў дашкольную ўстанову адукацыі, і таму наша задача — зрабіць такую сістэму абсалютна простай. У ідэале гэта будзе запіс праз інтэрнэт: зарэгістравалі сваё дзіця і чакайце выкліку за накіраваннем. Гэтая работа ўжо пачата.

Горад ганарыцца дасягненнямі вучняў і настаўнікаў. Сярод іх — 1-е месца па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (127 дыпломаў), 1-е каманднае месца па выніках рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (35 дыпломаў). Навучэнцы Мінска сталі пераможцамі і прызёрамі 9 міжнародных адукацыйных спаборніцтваў, сярод якіх — 62 Міжнародная матэматычная алімпіяда (“серабро”, гімназія № 41), 55-я Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі (4 медалі: 2 “серабры” — гімназія № 33 і гімназія № 41, 2 “бронзы” — гімназія № 29), 53-я Міжнародная хімічная алімпіяда (2 “бронзы” — гімназія № 37 і гімназія № 41), Сусветны конкурс і выстава вынаходніцтваў World Invention Competition and Exhibition — 2021, Малайзія (“золата”, гімназія № 41) і інш. У каманды Мінска “серабро” на Міжнароднай алімпіядзе мегаполісаў свету. У асабістым заліку — 2 “золаты” (гімназія № 41 — па матэматыцы і ліцэй № 2 — па хіміі), “серабро” (гімназія № 10 — па фізіцы) і “бронза” (гімназія № 41 — па матэматыцы).

Прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па выніках работы за 2021 год заахвочаны 18 педагогаў, якія ўнеслі асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Радуюць сваімі поспехамі і навучэнцы ПТА і ССНА ў спаборніцтвах самага рознага ўзроўню. Так, навучэнка МДПТК швейнай вытворчасці Таццяна Цішкавец узнагароджана сярэбраным медалём па выніках Размеркавальнага еўразійскага чэмпіянату па стандартах WorldSkills — 2021 у дыстанцыйна-вочным фармаце ў кампетэнцыі “Тэхналогія моды”. Педагогі і навучэнцы МДПТК кулінарыі ўдзельнічаюць у Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага майстэрства: сёлета майстар вытворчага навучання Вольга Дзянісік удастоена сярэбранага медаля, навучэнец каледжа Глеб Рудзько ўзнагароджаны сярэбраным і бронзавым медалямі. У 2021 годзе навучэнец МДПЛ № 9 аўтамабілебудавання Сяргей Чамармазовіч заняў 1-е месца ў намінацыі “Токар”.

 

Мікалай БАШКО, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта:

— Сістэма адукацыі — тая сацыяльная сфера, якая знаходзіцца ў пастаянным развіцці. У адыходзячым годзе адукацыйны працэс працягваў удасканальвацца, але яго сутнасць нязменная: у цэнтры ўвагі — чалавек, грамадзянін са сваімі здольнасцямі і талентамі, багатым духоўна-маральным багажом.

Выхаваннем такога чалавека, пачынаючы з дашкольнага ўзросту, на Міншчыне займаюцца 28 тысяч педагогаў. Дашкольная адукацыя даступная за кошт развіцця шматфункцыянальнай сеткі устаноў, укаранення розных форм арганізацыі дашкольнай адукацыі, у тым ліку прыватных устаноў, дзіцячых садоў сямейнага тыпу. Дарэчы, у маленькіх жыхароў Міншчыны з кожным годам становіцца ўсё больш магчымасцей для развіцця. Педагогі і выхаванцы з 230 устаноў дашкольнай адукацыі, спасцігаючы асновы праграмавання, актыўна ўдзельнічаюць у праектах “Праграмаванне — другая пісьменнасць” і “Інфарматыка без разеткі”.

Навучэнцам старэйшага школьнага ўзросту вызначыцца з выбарам прафесіі дапамагае развітая сістэма прафесійнай арыентацыі. Пэўныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні ў 10—11-х класах вывучаюць 66 працэнтаў школьнікаў. Пры гэтым многія юнакі і дзяўчаты дасягаюць вышынь у розных конкурсах. У гэтым годзе на міжнародных спаборніцтвах нашы вучні заваявалі 61 узнагароду, з іх 59 дыпломаў. Спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў заахвочаны 160 навучэнцаў і 5 педагогаў.

У 2021 годзе юныя жыхары Міншчыны парадавалі і вынікамі ў конкурсах грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці. У рэспубліканскім конкурсе літаратурных работ “Вялікая Перамога: спадчына і спадчыннікі” нашы дзеці заваявалі 8 дыпломаў і ў рэйтынгу ўсіх рэгіёнаў апынуліся на першым месцы. Дыпломам І ступені адзначаны абласны праект “75 гісторый пра вайну”. Абласны трэвэл-праект “Сямейны дыліжанс” адзначаны дыпломам І ступені на XIX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, прысвечанай Году народнага адзінства.

У рэгіёне актывізавана работа грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці: праект “Мой край, мой лёс — мая Айчына” мае на мэце выхаванне патрыятызму ў навучэнцаў. Эфектыўным сродкам у гэтай рабоце з’яўляецца адукацыйны турызм. Прыемна, што ў спаборніцтвах па спартыўных турыстычных паходах сярод дзяцей і моладзі падчас рэспубліканскай спартакіяды каманда Міншчыны стала першай.

Вялікі патэнцыял па выхаванні ў падрастаючага пакалення духоўных каштоўнасцей і грамадзянскасці быў закладзены ва Усебеларускай маладзёжнай экспедыцыі “Маршрутамі памяці. Маршрутамі адзінства”, якая доўжылася з красавіка па лістапад. Падлеткі наведвалі музеі, помнікі гісторыі, археалогіі, архітэктуры, мастацтва, змаглі ўбачыць рэлігійныя рэліквіі і прыгажосць беларускай прыроды.

У наступным годзе будзе працягвацца работа па забеспячэнні высокай якасці адукацыі за кошт выкарыстання сучасных сродкаў навучання і вучэбнага асяроддзя. Для кожнага навучэнца будзе будавацца індывідуальная адукацыйная траекторыя. У вобласці будуць рэалізоўвацца 32 інавацыйныя, 25 эксперыментальных і  90 педагагічных праектаў.

У планах забяспечэнне прафесійнай падрыхтоўкай школьнікаў на базе ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у тым ліку ў шосты школьны дзень. Неабходна ўдасканальваць механізмы ўзаемадзеяння сістэмы прафесійнай адукацыі і арганізацый — заказчыкаў кадраў розных форм уласнасці, умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі.

Акрамя гэтага, працягнецца будаўніцтва новых школ і дзіцячых садоў. У гэтым годзе пабудаваны шэсць устаноў адукацыі, у наступным чакаецца ўвод у эксплуатацыю школы ў Смалявічах на 720 месцаў, дзіцячага сада ў Фаніпалі для 230 дзяцей і дашкольнай установы адукацыі на 150 месцаў у Любані.

 

Андрэй ЗАБЛОЦКІ, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі магілёўскага аблвыканкама:

— У Магілёўскай вобласці сёлета забяспечана стабільнае функцыянаванне і развіццё сістэмы адукацыі. Ва ўстановах адукацыі выконваюцца ўсе прагнозныя паказчыкі і нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў. Аб выніках плённай працы педагогаў найлепшым чынам сведчаць дасягненні вучняў. Гэта перамогі ў прадметных алімпіядах рознага ўзроўню, творчых і інтэлектуальных конкурсах, спартыўных спаборніцтвах.

У ліку найбольш значных перамог года — бронзавы медаль Еўрапейскай геаграфічнай алімпіяды і сярэбраны медаль Міжнароднай алімпіяды па навуках аб Зямлі, заваяваныя выпускніком Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Леанідам Палхоўскім. Па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах удзельнікі каманд вобласці атрымалі 81 дыплом.

У прафесійнай адукацыі вызначыліся навучэнцы Магілёўскага прафесійнага электратэхнічнага каледжа: на рэспубліканскім конкурсе па стандартах WorldSkills яны былі ўзнагароджаны дыпломамі I і II ступені ў сваёй кампетэнцыі. Важкія дасягненні атрыманы і на рэспубліканскім конкурсе “Аграмайстэрства”: дыпломамі ў камандным і асабістым першынстве былі адзначаны Клічаўскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж і Жыліцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы каледж. На Міжнародным чэмпіянаце кандытарскага мастацтва, які праводзіўся ў рамках спецыялізаванай выставы-кірмашу “ПрадЭкспа”, навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Караліна Гарбачова ўзнагароджана сярэбраным медалём.

У творчых конкурсах нашы юныя таленты заваявалі 2313 дыпломаў, з іх 805 — рэспубліканскага ўзроўню, 1508 — міжнароднага. Што да спартыўных поспехаў, традыцыйна прадстаўнікі рэгіёна паспяхова праяўляюць сябе ў Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў. На прэстыжных рэспубліканскіх спаборніцтвах “Снежны снайпер” каманда вобласці штогод уваходзіць у тройку лідараў. Былі сёлета спартыўныя перамогі і на міжнароднай арэне. Так, на Міжнародным першынстве свету па шашках выхаванкі МАСДЮШАР па шахматах і шашках Алеся Масюк і Настасся Сакалова заваявалі сярэбраны і бронзавы медалі.

Важна, што сёлета значныя крокі былі зроблены ў развіцці інфраструктуры сістэмы адукацыі. У Дзень ведаў у эксплуатацыю ўвялі новую сярэднюю школу на 1020 навучэнцаў у Бабруйску. У найбліжэйшы час адкрыюцца дзіцячы сад — яслі на 200 месцаў у Магілёве і дзіцячы сад — яслі на 240 месцаў у Бабруйску.

Значная работа праведзена і па ўкараненні ў практыку работы перадавых адукацыйных тэхналогій. Сярод найбольш адметных ініцыятыў — стварэнне цэнтраў інавацыйнага навучання на базе прыродазнаўчанавуковых вучэбных кабінетаў хіміі, фізікі, біялогіі, інфарматыкі. Асноўная ідэя праекта — пашырэнне магчымасцей для развіцця вучняў у галіне прыродазнаўчых і тэхнічных дысцыплін. Пры гэтым асаблівае значэнне будзе надавацца ўкараненню ў адукацыйны працэс ідэй устойлівага развіцця. У цэлым выкананне мерапрыемстваў у рамках праекта забяспечыць больш эфектыўнае выкарыстанне матэрыяльна-тэхнічных, фінансавых рэсурсаў, а таксама прадаставіць роўныя ўмовы для атрымання адукацыі навучэнцамі як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці.

Увогуле, сістэма адукацыі Магілёўшчыны з году ў год дынамічна развіваецца. У такім ключы плануем працягваць працаваць і далей. Сярод ключавых задач — павышэнне якасці і даступнасці адукацыі. Нязменнай застаецца і галоўная наша мэта — гадаваць, вучыць і выхоўваць маладое пакаленне сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.

 

Матэрыялы падрыхтаваны рэгіянальнымі карэспандэнтамі
“Настаўніцкай газеты”

 

Поделиться ссылкой:

Добавить комментарий