Браслаўскія гімназісты стварылі кнігу на англійскай мове разам са сваімі равеснікамі з Тайваня  

- 10:08ВИТЕБЩИНА, Регионы

Навучэнцы Браслаўскай гімназіі разам з замежнымі равеснікамі з Тайваня ў рамках праекта “Our Story Book” стварылі кнігу на англійскай мове і абмеркавалі асаблівасці святкавання беларускага і кітайскага Новага года.

Браслаўская гімназія на працягу многіх гадоў з’яўляецца актыўным удзельнікам міжнародных праектаў сеткі iEARN, якія дазваляюць навучэнцам знайсці новых сяброў, развіваць свае творчыя здольнасці, і, вядома ж, павышаць узровень валодання англійскай мовай – асноўнай пры зносінах усіх партнёраў праектаў.

Сярод цікавых ініцыятыў, да якіх далучыліся гімназісты, быў праект “Our Story Book” па стварэнні ілюстраванай кнігі на адну з тэм Мэт устойлівага развіцця. У якасці партнёраў браслаўчан выступілі навучэнцы з далёкага Тайваня. Удзельнікі разам абмяркоўвалі ідэю, стваралі дызайн вокладкі, працавалі над сюжэтам. Першая частка кнігі была напісана браслаўскімі хлопцамі і дзяўчатамі, працяг – іх замежнымі партнёрамі. У выніку заканчэнне гісторыі “Why did Dinos Disappear?” аказалася непрадказальным і крыху сумным, але яно дае магчымасць кожнаму чытачу задумацца пра сэнс жыцця і тое, што трэба рабіць, каб захаваць жыццё на планеце Зямля.

Нядаўна ўдзельнікі сустрэліся анлайн, каб пазнаёміцца бліжэй, абмеркаваць вынік працы і расказаць пра традыцыі святкавання Нараджэння Хрыстова, Новага году і Каляд у Беларусі і Тайвані, а таксама пра сістэму адукацыі ў сваіх краінах. Дзіўна было даведацца, як узнік звычай святкаваць кітайскі Новы год і чаму менавіта цмок яго сімвалізуе. Запамінальным момантам стала фота на памяць усіх удзельнікаў праекта.

Гімназісты кажуць, што такія сустрэчы дапамагаюць ім раскрыцца, не баяцца сваіх памылак пры зносінах на англійскай мове, паколькі самае важнае для іх у гэты момант – гэта выказаць сваю думку так, каб яе зразумелі на іншым канцы свету.

 

Вольга ЛУКША,
настаўнік англійскай мовы
Браслаўскай гімназіі

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий