У Залескім яслях-садзе – сярэдняй школе Смаргонскага раёна з мэтай пашырэння экалагічных ведаў навучэнцаў, прыцягнення ўвагі да праблемы аховы і беражлівых адносін да птушак прайшла традыцыйная экалагічная акцыя “Крылатыя суседзі”.
Падчас гульні-віктарыны “Крылатыя суседзі” вучні 6-га класа даведаліся шмат пазнавальнага і цікавага пра розныя групы птушак, якія жывуць на тэрыторыі нашага краю, пра іх звычкі. У першым туры дзецям было прапанавана суаднесці малюнкі птушак з іх назвамі, і, што цікава, справіліся з гэтым заданнем навучэнцы беспамылкова. Другім турам быў блок пазнавальных пытанняў. Напрыклад, якая птушка любімая ў англійскай каралевы? Дзеці даведаліся таксама, якая самая маленькая птушка, самая даўганогая, з самым непрыемным голасам, самая цяжкая.
Цікавым стала заданне “Званок птушцы”. Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” разам з кампаніяй А1 стварыла праект “Выйдзі на сувязь з прыродай” – можна набраць адзін з 10 нумароў – і цябе павітаюць сваім голасам птушкі: кугакаўка, дрозд, сініца, малінаўка, шчыгел, гіль, крапіўнік, салавей, берасцянка, голуб.
У ходзе пазнавальнай гадзіны “Зімуючыя птушкі нашага краю” першакласнікі адгадвалі загадкі пра зімуючых у нашых краях птушак, расказвалі вядомыя факты пра крылатых суседзяў, даведаўшыся шмат новых цікавых звестак. Школьнікі таксама ўсвядомілі неабходнасць чалавечай дапамогі галадаючым у зімовы час птушкам.
Цікава і пазнавальна прайшла гульня-віктарына “Птушыныя гісторыі” сярод вучняў 5-га класа. Каманды па чарзе адказвалі на пытанні пра дзіўныя факты з жыцця птушак, народныя прыметы, звязаныя з птушкамі, успомнілі прыказкі і прымаўкі, па апісанні птушкі адгадвалі яе назву. У заключнай гутарцы “Як ты дапамагаеш птушкам зімой” дзеці расказалі, што амаль у кожнага ёсць кармушка ля дома, куды яны насыпаюць збожжа або крошкі хлеба. Мерапрыемства атрымалася і душэўным, і пазнавальным.
Вялікую цікавасць выклікала акцыя “Птушыная сталовая” па вырабе кармушак. Актыўны ўдзел у ёй прынялі як дзеці, так і бацькі. Кармушкі і домікі для птушак атрымаліся яркія, цікавыя, разнастайныя. Былі выкарыстаны розныя матэрыялы: дрэва, пластыкавыя бутэлькі, скрынкі. Нягледзячы на тое, што кармушкі ва ўсіх атрымаліся розныя, але кожная з іх была зроблена старанна, з душой. Цяпер у нашых сяброў-птушак ёсць птушыная сталовая. І як у любой сталовай, у нашай таксама есць меню, але асобае, птушынае. Дзеці прыносяць сюды гасцінцы: семкі, збожжа пшаніцы, ячменю, кусочкі салёнага сала.
Акцыя “Крылатыя суседзі” яшчэ раз нагадала дзецям, што птушкі маюць патрэбу ў чалавечым клопаце, і мы павінны беражліва і з любоўю ставіцца да прыроды і да ўсяго жывога на зямлі.
Алена ВАРАНІШЧА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Залескага ясляў-сада – сярэдняй школы
Смаргонскага раёна