Навучэнцы чацвёртага класа сярэдняй школы № 7 Смаргоні наведалі музей “Спартыўнае сузор’е Смаргоншчыны”, дзе прынялі ўдзел у гульні спартыўнай тэматыкі.
Напачатку сустрэчы яны паслухалі аповед пра асноўныя зімовыя віды спорту. Маленькія госці музея таксама падзяліліся сваімі ведамі, расказалі пра прыстасаванні, без якіх не абыходзяцца зімовыя спартыўныя гульні.
Затым усе перанесліся на тысячы гадоў назад і пазнаёміліся з продкамі сучасных лыж, канькоў ды санак. Дзеці даведаліся, з якіх матэрыялаў рабілі першыя зімовыя лыжы і канькі, як на іх каталіся людзі, хто прывёз канькі на славянскія землі, у якую пару года, акрамя зімы, выкарыстоўвалі сані і многае іншае. Госці прасачылі эвалюцыю гэтых спартыўных атрыбутаў ад моманту з’яўлення да сучаснасці.
Другая частка мерапрыемства прайшла ў выглядзе спартыўнай гульні. Падзяліўшыся на тры каманды, дзеці адказвалі на пытанні пра зімовыя віды спорту. Заданні патрабавалі зладжанай работы каманды, хуткасці рэакцыі, увагі, творчага падыходу і лагічнага мыслення. Самым актыўным і эрудзіраваным стаў Раман Перцаў, які адказаў на большасць пытанняў. Менавіта яго каманда набрала больш за ўсё балаў.
Наведванне музея дзецям вельмі спадабалася, яны пайшлі дадому з добрым настроем і новымі ведамі.
Валянціна ЧАРНАВОКАЯ,
педагог-арганізатар
сярэдняй школы № 7 Смаргоні