Шосты школьны дзень навучэнцы Дзяніскавіцкага ясляў-сада – сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна наведваюць з задавальненнем. Кожная субота мае свой накірунак. Прафарыентацыйная субота была накіравана на фарміраванне ўяўленняў дзяцей пра будучую прафесію, пра свае асабістыя здольнасці.
Асабліва цікавай у шосты школьны дзень была гульня “Абарона прафесій”. Класны кіраўнік Галіна Карпеня падрыхтавала для вучняў цікавыя і пазнавальныя конкурсы. Навучэнцы падзяліліся на дзве каманды “Урачы” і “Лётчыкі”.
Конкурсы былі цікавыя і разнастайныя. Удзельнікі адгадвалі па малюнках прафесіі і іх прадстаўнікоў. Галіна Іосіфаўна паказвала малюнкі ракеты, посуду, помніка, мэблі. Удзельнікі каманд назвалі скульптара, сталяра, лётчыка. У конкурсе загадак дзеці паказалі свае інтэлектуальныя здольнасці. Конкурс “Угадай прафесію па прадмеце” прапанаваў дзецям назваць прафесіі па прадметах: хто карыстаецца фотаапаратам, нажніцамі, падручнікамі, ніткамі, медыцынскімі прыборамі. Дзеці беспамылкова назвалі фатографа, настаўніка, урача.
У конкурсе “Смачны бутэрброд” вучні паказалі працу повара. Падчас конкурса кожная каманда размеркавала абавязкі паміж удзельнікамі. Кожны адказваў за свае даручэнні: наразаў хлеб, каўбасу, выкладваў на хлеб прадукты. Прыгатаванне бутэрброда паказала дзецям работу ў камандзе, што і прывяло да добрага выніка. Напрыканцы гульні дзеці прэзентавалі прыгатаваныя бутэрброды.
Вынік гульні “Абарона прафесій” паказаў, што дзеці ведаюць шмат прафесій, умеюць працаваць у камандзе. Пераможцаў у гульні не было. Каманды “Урачы” і “Лётчыкі” паказалі добрыя вынікі і былі адзначаны граматамі за актыўны і выніковы ўдзел.
Мерапрыемства ў шосты школьны дзень падаравала дзецям шмат станоўчых эмоцый. Школу вучні пакінулі з добрым настроем.
Ірына ЛАЎРЭНЦЬЕВА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці
Дзяніскавіцкага ясляў-сада – сярэдняй школы
Ганцавіцкага раёна