Удзельнікі 57-га інтэрнацыянальнага “Зорнага паходу” студэнтаў БДПУ імя М.Танка наведалі Любчанскую сярэднюю школу Навагрудскага раёна.
Сімвалічна тое, што ў школе дваццаць гадоў працавала намеснікам дырэктара ўдзельніца першага “Зорнага паходу” Марыя Машчар. Студэнтам удалося пагутарыць з ёй у анлайн-рэжыме. Высветлілася, што праз паўстагоддзя студэнты з тым жа запалам і натхненнем падарожнічаюць па Рэспубліцы Беларусь.
Ва ўстанове адукацыі адбылася таварыская сустрэча па валейболе, канцэрт, фотасесія. Для атрада “Ёсць кантакт” была арганізавана экскурсія ў Народны музей Любчанскага краю і Любчанскі замак.
На прафарыентацыйную праграму “Стань часткай дружнай сям’і БДПУ” былі запрошаны вучні 9–11-га класаў. Двое вучняў 11-га класа паабяцалі гасцям сустрэцца з імі ўжо ў сценах педуніверсітэта.
Марына ЛЯЎША,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Любчанскай сярэдняй школы
Навагрудскага раёна