Класнае мерапрыемства “Інтэрнэт – сябар ці вораг?” для клайшанскіх школьнікаў  

- 14:12ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У рамках тыдня бяспечнага інтэрнэту ў 4-м класе Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна прайшло мерапрыемства “Інтэрнэт – сябар ці вораг?”

У пачатку мерапрыемства з вучнямі была праведзена дыскусія “Бяспечны інтэрнэт дзецям”. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведаліся, што глабальная сетка, як і рэальнае жыццё, можа прыносіць не толькі карысць, але і небяспеку – яго выкарыстоўваюць злачынныя групы і асобныя хуліганы. Былі пералічаныя асноўныя небяспекі глабальнай сеткі. Як можна засцерагчыся ад іх, дзеці даведаліся з прэзентацыі “Хто папярэджаны, той узброены”. 

Вучні засвоілі сем правіл бяспечных паводзінаў у інтэрнэце, паглядзеўшы сацыяльныя відэаролік “Правілы паводзінаў у сетцы інтэрнэт” і адказаўшы на пытанні віктарыны “Як дзецям гуляць у інтэрнэце”. Затым я нагадала школьнікам, што бацькі і дарослыя заўсёды гатовыя прыйсці ім на дапамогу. Самастойна падарожнічаючы ў сетцы, дзеці могуць трапіць на небяспечныя для іх сайты – гэта могуць быць запрашэнні ў розныя секты, сумніўныя знаёмствы і гэтак далей.

На мерапрыемстве навучэнцы ўспомнілі казкі, якія папярэджваюць пра небяспеку і заклікаюць да асцярожнасці. Так, напрыклад, Чырвоная Шапачка распавяла Ваўку, куды яна накіроўваецца і як увайсці ў дом бабулі, што прывяло да вядомых наступстваў. Гэтак жа і ў інтэрнэце: калі даваць чужым людзям інфармацыю пра сябе, сваю сям’ю, то ёю могуць скарыстацца і прычыніць шкоду.

Напрыканцы размовы вучні падпісалі пагадненне пра правільныя паводзіны ў сусветнай сетцы і пагулялі ў гульню “Белыя авечкі”.

Вядома, кожны з нас мае права самастойна прымаць рашэнне, якую інфармацыю размяшчаць у інтэрнэце. Кожны павінен сам разумець, хто яму інтэрнэт – сябар ці вораг, але самае галоўнае – трэба памятаць пра сваю бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх. Спадзяюся, што праведзенае мерапрыемства дапаможа вучням зрабіць правільны выбар.

 

Крысціна ІОДКА,
класны кіраўнік 4-га класа
Клайшанскай базавай школы
Воранаўскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий