Тыдзень пачатковых класаў “Падарожжа ў краіну ведаў”

- 18:02ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Грынкаўскім дзіцячым садзебазавай школе Свіслацкага раёна быў праведзены тыдзень пачатковых класаў Падарожжа ў краіну ведаў.

Мэта правядзення тыдня – фарміраванне пазнавальнай цікавасці да вучэбных прадметаў, развіццё творчых і інтэлектуальных здольнасцей дзяцей.

У першы дзень вучні апынуліся ў “Чароўным свеце кнігі”. Для іх была арганізавана экскурсія ў школьны інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр. Бібліятэкар С.А.Волчык пазнаёміла дзяцей з паслугамі, якія аказвае ІБЦ, расказала пра новыя выданні мастацкай літаратуры. Цікава і пазнавальна прайшла прэзентацыя-віктарына па казках свету. Бібліятэкарам была арганізавана выстава “У свеце казак”, дзе дзеці самастойна пазнаёміліся з рознымі выданнямі казак. У гэты дзень бібліятэка папоўнілася новымі чытачамі – імі сталі першакласнікі.

У другі дзень праводзіўся дзень матэматыкі. На стэндзе ў фае былі размешчаны матэматычныя рэбусы, якія можна было разгадваць на працягу дня. З дапамогай розных тэхнік адгадвання вучні расшыфравалі матэматычныя тэрміны. У інтэрактыўнай гульні “Самы разумны” спаборнічалі дзве каманды: “Квадрат” і “Плюс”. Удзельнікі паказалі свае матэматычныя здольнасці, кемлівасць, логіку. Перамагла ў гульні каманда “Квадрат”. Таксама ў гэты дзень праведзена гутарка-прэзентацыя “Піянеры-героі: дзяцінства, апаленае вайной”, прымеркаваная да Дня юнага героя-антыфашыста. Навучэнцы даведаліся пра піянераў-герояў, якія змагаліся з ворагамі ў гады Вялікай Айчынай вайны.

Трэці дзень – дзень беларускай мовы і культуры. Сярод вучняў у гэты дзень праводзіўся конкурс на лепшы сшытак па беларускай мове. Пераможцамі сталі першакласнікі Варвара Ермаловіч і Ангеліна Несцер, навучэнцы 2-га класа Аляксандр Пелеш і Кірыл Несцер і вучаніца 4-га класа Алеся Чыганаева.

У ходзе завочнага віртуальнага падарожжа “Замкі Беларусі” вучні пазнаёміліся з беларускімі замкамі і іх гісторыяй. Цікава прайшла гульня-падарожжа “Прыгажэйшая на свеце – беларуская зямля”. Дзеці падарожнічалі па станцыях і выконвалі розныя заданні: адказвалі на пытанні віктарыны, называлі краін-суседак Беларусі, чыталі вершы на беларускай мове, адгадвалі загадкі, шукалі працяг прыказкі. У ходзе падарожжа вучні папоўнілі веды пра таленавітых і знакамітых людзей сваёй краіны, вядомых землякоў.

Чацвёрты дзень тыдня прайшоў пад дэвізам “Бяспека вакол нас”. Разам з “Чароўнай кніжкай МНС” навучэнцы паўтарылі правілы бяспекі зімой на вадаёме. Пазнаёміліся з правіламі аказання першай дапамогі пры абмаражэнні, пераахаладжэнні, пры правальванні пад лёд. Паглядзеўшы мультфільм “Чароўная кніга”, даведаліся, як правільна выконваць правілы бяспекі. Падчас конкурсна-гульнявой праграмы “Твая бяспека ў тваіх руках” дзеці вучыліся вырашаць самастойна розныя сітуацыі, які сустракаюцца ў паўсядзённым жыцці. Навучэнцы разгадвалі рэбусы, загадкі, крыжаванку. У конкурсе на лепшага чытальніка верша “Паэзія дабрыні” пераможцамі сталі: Ангеліна Несцер (1-ы клас), Аляксандр Пелеш (2-гі клас), Алеся Чыганаева (4-ы клас).

Пяты, заключны дзень тыдня пачатковых класаў, быў прысвечаны здароўю. Загадчык Грынкаўскага ФАПа М.І.Трахімік расказала вучням пра правілы асабістай гігіены ў час эпідэміялагічнай сітуацыі. У віктарыне “Наша здароўе ў нашых руках” самымі дасведчанымі ў вобласці здаровага ладу жыцця былі другакласнікі Аляксандр Пелеш і Кірыл Несцер, навучэнка 4-га класа Алеся Чыганаева. Прагляд мультфільма “Смяшарыкі” дапамог дзецям паўтарыць правілы загартоўвання свайго арганізма. Цікава і пазнавальна прайшла гульнявая праграма “Здароўе – галоўная каштоўнасць”. У ходзе гульні вучні выконвалі розныя заданні, удзельнічалі ў конкурсах. Адгадаўшы загадкі, вывелі формулу здароўя. Мерапрыемства садзейнічала фарміраванню ў дзяцей патрэбнасці ў захаванні здаровага ладу жыцця і неабходнасці клапаціцца пра сваё здароўе.

Тыдзень пачатковых класаў прайшоў у атмасферы творчасці, супрацоўніцтва. Вучні з вялікай цікавасцю падарожнічалі па краіне ведаў, даведаліся шмат новага і карыснага.

 

Ніна ТРАХІМІК,
кіраўнік метадычнага аб’яднання,
настаўнік пачатковых класаў
Грынкаўскага дзіцячага сада – базавай школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий