Абмеркаванне Асноўнага Закона краіны пры дапамозе тэхналогіі “Інфармацыйнае люстэрка”

- 9:41Новости, ОБСУЖДАЕМ ПРОЕКТ КОНСТИТУЦИИ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ

Дыялогавыя пляцоўкі, круглыя сталы, дыскусіі, ток-шоу – формы правядзення мерапрыемстваў па абмеркаванні Асноўнага Закону краіны і рэспубліканскага рэферэндуму розныя. А вось у Поразаўскай сярэдняй школе Свіслацкага раёна надыходзячую важную падзею разглядалі ў “інфармацыйным люстэрку”.

У звычайным жыцці мы часта сустракаемся з гэтай тэхналогіяй, нават не ведаючы пра гэта. Данясенне інфармацыі ў графічным выглядзе, інфармацыйныя стэнды часцей за ўсё выклікаюць у нас простае пачуццё цікаўнасці. Гэта важны фактар, які вызначае паспяховы пачатак рэалізацыі тэхналогіі “Інфармацыйнае люстэрка”, мэта якой – фарміраваць у навучэнцаў вопыт актыўнага стаўлення да публічнай графічнай інфармацыі. Тэхналогія нясе ў сабе задачу забяспечыць нагляднасць, эфектыўнае інфармаванне і фарміраванне ўласнага меркавання ў навучэнцаў.

Здавалася б, праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – тэма, якая абмеркавана з усімі слаямі насельніцтва, яна знаходзіць пастаяннае адлюстраванне на старонках сродкаў масавай інфармацыі. Але яшчэ раз замацаваць і актуалізаваць веды старшакласнікаў – не лішняе.

На сайце школы і на стэндзе з’явіўся анонс: “Да важнай падзеі ў краіне – 15 дзён! Ты ўпэўнены, што ведаеш усё пра новаўвядзенні, якія прапануюцца ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь? Калі хочаш праверыць сябе – запрашаем у канферэнц-залу 14.02.2022 у 15:00! Вызнач, на твой погляд, самую значную прапанову і будзь гатоў адстойваць сваё меркаванне!”

Так была створана ўстаноўка на будучую інфармацыю. Недарэмна спосаб рэалізацыі этапа атрымаў назву “Анонс, які развіваецца”: старшакласнікі сталі актыўна абмяркоўваць, спаборнічаць па колькасці вядомых ім змен і дапаўненняў.

У фае на бачным месцы з’явіўся інфармацыйны тэматычны стэнд, які змяшчаў поўную інфармацыю пра законапраект. Адкрыццё зваротнай сувязі – гэта абавязковая ўмова стварэння для навучэнцаў магчымасці адрэагаваць на інфармацыю, якая з’явілася. Задача этапа – ініцыяванне апасродкаванага дыялогу праз формы, якія прадугледжваюць эмацыйнае стаўленне да інфармацыі. Свае адносіны навучэнцы адлюстроўвалі з дапамогай рознакаляровых сцікераў: чырвоны – адношуся насцярожана, блакітны – поўнасцю падтрымліваю, зялёны – з лёгкасцю пракаменцірую.

На наступным этапе адбылося актыўнае абмеркаванне, што значна ўзмацніла дзейснасць інфармацыі. Навучэнцы ахвотна каменціравалі асобныя артыкулы канстытуцыі, дэманстравалі прыклады з жыцця, давалі тлумачэнні і абгрунтоўвалі сцвярджэнні.

Найбольш прывабліваюць старшакласнікаў наступныя аспекты: захаванне гістарычнай памяці пра Вялікую Айчынную вайну, сацыяльныя гарантыі, якія дзяржава дае грамадзянам у сферы адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, бяспека асобы і грамадства, патрыятызм, статус Усебеларускага народнага сходу, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады, устанаўленне адзінага дня галасавання і інш.

Чаканы вынік мерапрыемства такога фармату – рост актыўнасці старшакласнікаў у час работы з “інфармацыйным люстэркам”, павелічэнне сярод іх колькасці аўтараў ідэй і выказванняў, пашырэнне кола праблем, якія абмяркоўваюцца. Глыбокія разважанні, дэманстрацыя ведаў, перакананасць у поглядах навучэнцаў дазволілі ўпэўніцца, што падрастаючае пакаленне разумее важнасць моманту і яму неабыякава агульнае заўтра.

 

Таццяна АСТАПЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Поразаўскай сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий