Тэматычны тыдзень “Гучы, беларуская мова!”

- 18:26ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Падчас тэматычнага тыдня, прысвечанага беларускай мове і нацыянальнай культуры, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 Зэльвы прайшло шмат мерапрыемстваў, якія сваёй мэтай мелі далучэнне дзяцей да беларускага слова, роднай мовы, нацыянальнай культуры.

Паміж выхаванцамі старшай групы прайшоў конкурс на лепшага чытача “Беларускія паэты дзецям!”. Дзеці з захапленнем чыталі вершы пра поры года, родны край, верш “Хлопчык і лётчык”.

Цікавыя тэматычныя заняткі прайшлі ў “Беларускай хатцы”, дзе дзеці бліжэй пазнаёміліся з народнай культурнай спадчынай, гісторыяй, славутасцямі пасёлка Зэльва. Выхаванцам было вельмі цікава на некалькі хвілін акунуцца ў мінулае краіны і даведацца, якія імёны існавалі раней на Беларусі. У “Беларускай хатцы” устаноўлены свае правілы паводзін і адно з іх – выкарыстанне ў мове ветлівых слоў (Дзякуем! Сардэчна дзякую! Просім прабачэння! Прабачце, калі ласка! Вельмі добра! Цудоўна! Выдатна! Вось здорава! Мне вельмі прыемна! Я задаволены (задаволена)! Жадаю шчасця! Каб Вы здаровы былі і радаваліся!), якімі дарослыя і дзеці карыстаюцца кожны дзень.

У групах дашкольнага цэнтра былі абсталяваны кніжныя куткі. Гартаючы старонкі цікавай кніжкі, маленькія чытачы разам з героямі беларускіх казак “Не сілай, а розумам”, “Пра быка і яго сяброў” перажывалі і спрабавалі зразумець важныя ўрокі жыцця. Выхаванцы групы № 7 прапанавалі малодшым дашкалятам драматызацыю казкі “Зайкава хатка”.

Кожны дзень ва ўстанове праходзілі тэматычныя гульні “Назаві па-беларуску”, “Хто жыве ў беларускім лесе?”, “Садавіна, агародніна” , “Апрані хлопчыка і дзяўчынку ў беларускі касцюм”, “Купім мэблю для Янкі і Арынкі”, “Хто жыве ў лесе”, “Нацыянальныя стравы беларускай кухні”, “Адгадай казачнага героя па апісанні”, “Перакладчыкі”. Асобную ролю ў далучэнні дзяцей да беларускай мовы і культуры выконваюць лэпбукі.

У групах дашкольнага цэнтра існуе традыцыя – перад дзённым сном чытаюць дзецям казкі (альбо ўрыўкі) на беларускай мове “Прыгоды Нуліка” і “Я тут жыву” Уладзіміра Ліпскага, “Вандроўка з божымі кароўкамі” і “Першая прыгажуня” Алены Маслы, ”Цуда-вуда” Уладзіміра Мазго і іншыя цудоўныя творы, якія напісаны спецыяльна для маленькіх чытачоў.

Дзіця, якое з маленства шануе традыцыі сваіх продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, пранясе такія адносіны праз усё жыццё. З фота- і відэамомантамі праведзеных мерапрыемстваў можна пазнаёміцца на нашым сайце https://dcrr1-zelva.schools.by/pages/dzen-rodnaj-movy.

 

Таццяна КАМАРЭЦ,
педагог-псіхолаг
дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 г.п. Зэльва

                                                                                

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий