Чакай, Шанхай!

- 11:42В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

У Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 12 будаўніцтва кіпіць жыццё: у майстэрнях усё гудзіць і грукоча, у аўдыторыях ідуць гучныя абмеркаванні, у калідорах раздаецца смех і чуецца гоман. За ўсім гэтым можна не заўважыць, што ў гэты ж час тут адбываецца значны для ўсёй сістэмы прафесійнай адукацыі і ўвогуле для краіны працэс — ідзе падрыхтоўка да міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Shanghai 2022. У майстэрнях ліцэя адточваюць свае навыкі маладыя прафесіяналы, якія ў хуткім часе будуць адстойваць гонар нашай краіны на міжнароднай арэне. 

У майстэрні абліцовачных работ сустракаем намесніка дырэктара па вытворчым навучанні ліцэя ­І.Р.Удавенка. Ігар Рыгоравіч з’яўляецца міжнародным экспертам WorldSkills і ўжо не ­адзін год рыхтуе ўдзельнікаў і пераможцаў прафесійных конкурсаў. 

Ліцэй з’яўляецца базавай пляцоўкай па падрыхтоўцы нацыянальнай каманды да WorldSkills па кампетэнцыі “Абліцоўка пліткай”. Для гэтага ёсць неабходная матэрыяльна-тэхнічная база, абсталяваныя плошчы і патрэбныя матэрыялы. 

— Калі пачыналі ў 2017 годзе, то ехалі ў Казань з ручным інструментам. Канечне, ужо на той час гэтага было недастаткова. Таму для падрыхтоўкі да сусветнага чэмпіянату ў Абу-Дабі ў ліцэі набылі новае абсталяванне, на якім рыхтаваўся ўдзельнік. На той час гэтае абсталяванне было ў адзіным экземпляры ва ўстановах адукацыі нашай краіны. Пасля Абу-Дабі, калі мяне прызначылі міжнародным экспертам па гэтай кампетэнцыі, прыйшлося дабівацца закупкі такога абсталявання па ўсёй краіне. І вось да 3-га нацыянальнага чэмпіянату ўжо ў кожным рэгіёне былі сучасныя станкі для рэзкі пліткі. Без гэтага абсталявання выканаць заданні проста немагчыма. Тым больш што яны год ад году ўскладняюцца, — расказвае Ігар Рыгоравіч. 

Сапраўды, калі бачыш заданне гарадскога этапу, то пераконваешся, што для яго выканання патрэбна вялікае майстэрства. Гэта бусел з пліткі з тонкай дзюбай, невялікім вокам, пер’ем на крылах, мноствам закругленых дэталей. На рэспубліканскім этапе выява была падобная, толькі яшчэ большая. Ігар Рыгоравіч падкрэслівае: каб выканаць такое заданне, патрэбны ўменні на ўзроўні спецыяліста 5-га разраду. 

У майстэрні ліцэя ёсць станок для прамалінейнай рэзкі з сістэмай ахалоджвання вадой, а таксама станок крывалінейнай рэзкі, які дазваляе выразаць самыя мудрагелістыя ўзоры. Тут можна знайсці і шліфавальныя станкі, неабходны ручны інструмент, мноства расходных матэрыялаў. Дарэчы, майстэрня з’яўляецца часткай рэсурснага цэнтра па спецыяльнасці “Аддзелачныя будаўнічыя работы”, што дзейнічае ў ліцэі. Зразумела, гэтае абсталяванне выкарыстоўваецца і ў штодзённай рабоце. Тут адточваюць свае навыкі ўсе навучэнцы, якія атрымліваюць прафесію абліцоўшчыка-плітачніка. А па суботах у майстэрню ў рамках прафарыентацыі запрашаюць школьнікаў. 

Характар вырашае

Работа па пошуку новых талентаў для конкурсу пачынаецца літаральна з першых дзён навучання. Майстры вытворчага навучання прыглядаюцца да навучэнцаў першага курса і прымячаюць самых здольных, схільных да будаўнічай справы. Для такіх навучэнцаў падчас вытворчага навучання паступова ўскладняюць заданні, даюць дадатковыя. Вясной у ліцэі праводзіцца конкурс, які і вызначае трох-чатырох лепшых, якіх рыхтуюць да наступнага этапу. І з імі пачынаецца індывідуальная работа. 

Навучэнцы і выпускнікі ліцэя актыўна прымаюць удзел у руху WorldSkills з 2017 года. Спаборнічаюць у 6 кампетэнцыях: цагляны мур, малярныя работы, сталярная справа, абліцоўка пліткай, сухое будаўніцтва і тынкавыя работы.

— Падыход да кожнага свой. У аднаго канкурсанта можа з самага пачатку быць цудоўная тэхніка, але яго трэба “разаг­наць” і паскорыць. Другі, наадварот, спрытны і жвавы, але яго трэба запавольваць для забеспячэння якасці. Паступова адпрацоўваем розныя аперацыі і тэхналогіі, нарошчваем хуткасць. Зараз ужо ідзе падрыхтоўка да сусветнага чэмпіянату. Мы бяром заданні з мінулых конкурсаў, ускладняем іх і выконваем. За паўгода да конкурсу становіцца вядомым заданне, якое потым на 30% будзе зменена, і да пачатку чэмпіянату яго выконваем. Адзначу, што, каб падрыхтавацца да гарадскога этапу, трэба выканаць заданне разоў 5, а да міжнароднага — неабходна паўтараць зноў і зноў, пакуль ёсць час. 

Ігар Рыгоравіч адзначае, што звяртае ўвагу і на тое, каб канкурсанты былі эмацыянальна і фізічна гатовы да спаборніцтваў. Таму ў іх трэніруюць і вынослівасць, стойкасць характару, уменне не спыняцца перад складанасцямі. Тым больш што сам эксперт не раз пераконваўся, наколькі вялікае значэнне маюць гэтыя якасці. 

— Да самага першага гарадскога конкурсу WorldSkills, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі ліцэя, я рыхтаваў двух удзельнікаў. І за 4 дні да спаборніцтваў адзін з іх трапіў у бальніцу з апендыцытам, а другі зламаў руку. Што рабіць? Узяў працавітага і адказнага хлопца Дзмітрыя Пісарава. Ён вучыўся па іншай спецыяльнасці, і мы літаральна ўсё пачыналі з нуля. 4 дні практычна не пакідалі майстэрню. А на пяты дзень ён выйшаў на конкурсную пляцоўку і выйграў гарадскія спаборніцтвы. На рэспубліцы тады стаў чацвёртым. Дзмітрый скончыў ліцэй, паступіў у Індустрыяльна-педагагічны каледж, але конкурсны рух не кінуў. Вырашыў працягнуць заняткі пад маім кіраўніцтвам і на наступным нацынальным чэмпіянаце стаў лепшым. На міжнародным чэмпіянаце быў 16-м — гэта цудоўны вынік. У нас тады яшчэ не было вопыту ­ўдзелу ў спаборніцтвах на такім узроўні і быў мінімальны набор інструментаў, але канкурсант не разгубіўся і выступіў годна.  

Пасля было яшчэ шмат перамог. На ІІІ Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2018 навучэнец ліцэя Максім Варажбіт заняў 1-е месца ў кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва”, Дзмітрый Мякін — 3-е месца ў кампетэнцыі “Абліцоўка пліткай”. Праз два гады на WorldSkills Belarus 2020 Яўген Бакавец заняў 1-е месца ў кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкавыя работы”, Уладзіслаў Андрушкевіч — 3-е месца па кампетэнцыі “Абліцоўка пліткай”. Былі перамогі і ў іншых прафесійных спаборніцтвах. 

 

Талент і нечаканыя перамогі

Зараз падрыхтоўку да шанхайскага конкурсу па кампетэнцыі “Абліцоўка пліткай” праходзяць навучэнец ліцэя Ула­дзіслаў Арцюшкевіч і навучэнец Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Максім Каравікоў. Абодва сталі прызёрамі на рэспубліканскім чэмпіянаце. Вясной эксперты вызначацца, хто з іх прадставіць нашу краіну на міжнароднай арэне. Максім рыхтуецца ў сваёй установе і прыяз­джае ў ліцэй на зборы. Уладзіслаў пастаянна займаецца тут.

Уладзіслава Арцюшкевіча майстры вытворчага навучання заўважылі адразу. Ён вылучаўся не толькі адказным стаўленнем да работы, але і сваёй актыўнасцю ў розных аспектах жыцця ўстановы. У яго, што называецца, гарэлі вочы. Усё гэта ра­зам “спрацавала”.

— Я быў на другім курсе на практыцы, мне патэлефанавала майстар вытворчага навучання і сказала хутка прыяз­джаць у ліцэй. Аказалася, трэба тэрмінова рыхтавацца да рэспубліканскага конкурсу. Канкурсанта, які перамог на гарадскім конкурсе і павінен быў ісці на рэспубліку, забралі ў армію, патрэбны быў новы кандыдат. Прычым на той момант у ліцэі пліткай мы яшчэ не займаліся — ужо вывучылі тынкоўку і малярку, а да пліткі яшчэ не дайшлі. Рыхтаваўся я тады вельмі інтэнсіўна, але ўсяго тыдзень. Таму, па праўдзе сказаць, на конкурс ішоў без асаблівых надзей. І маё 3-е месца стала для мяне прыемнай нечаканасцю, — расказвае Уладзіслаў пра пачатак сваёй конкурснай кар’еры.  

З таго моманту прайшло нямала часу, і Уладзіслаў сам заўважае, што яго ўзровень майстэрства значна вырас. Ён старанна займаўся ў майстэрні, набіваў руку на вытворчай практыцы і нават трэніраваўся, кладучы плітку дома. І ён актыўна прадаўжае падрыхтоўку. 

— На конкурсе трэба ўсё трымаць пад кантролем — узровень, дыяганалі, плоскасці. Калі рэжаш плітку, важны кожны міліметр. А яшчэ лічу важным не баяцца вялікай колькасці людзей, што акружа­юць цябе падчас спаборніцтваў. На нацыянальным чэмпіянаце спачатку было хваляванне. Але я змог сабрацца. Думаю, мне дапамог вопыт выступленняў на сцэне — у ліцэі я ўдзельнічаў у розных творчых мерапрыемствах як вядучы. Дапамагла падтрымка Ігара Рыгоравіча і маіх бацькоў. Дарэчы, мой тата-будаўнік — мой самы вялікі балельшчык, — расказвае юнак. 

 

Новыя надзеі

Безумоўна, падтрымка конкурснага руху патрабуе ад установы вялікіх намаганняў і рэсурсаў — гэта і закупка новага абсталявання, і пастаяннае папаўненне запасаў матэрыялаў, якія расходуюцца вельмі хутка. Актыўнае развіццё руху ва ўстанове немагчыма без падтрымкі кіраўніка. Дырэктар ліцэя № 12 Сцяпан Васільевіч Шэлег перакананы, што гэта адзін з пунктаў росту і развіцця ўстановы.

— WorldSkills — гэта пляцоўка, дзе сканцэнтраваны самыя лепшыя спецыялісты, сучасныя матэрыялы, інструменты, абсталяванне, прагрэсіўныя тэхналогіі. Мы гэта бачым і імкнёмся ўвасобіць у нашай установе адукацыі. Гэта дапамагае выхоўваць канкурэнтаздольных спецыялістаў, што з’яўляецца асноўнай задачай ліцэя. Акрамя таго, конкурс дапамагае ўбачыць вынікі сваёй работы, ацаніць, як мы рыхтуем спецылістаў у параўнанні з сусветным узроўнем, выявіць, дзе адстаём, а дзе маем поспехі. Так што гэты кірунак у нашай установе, безумоўна, будзе развівацца, — адзначае Сцяпан Васільевіч. 

Ужо зараз у майстэрнях каледжа прыглядаюцца да новых маладых талентаў. Ну а пакуль, Шанхай, чакай нашых маладых майстроў! 

Дар’я РЭВА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий