Ніколі не забыць. Гераічнымі сцежкамі Мазыра. Праект шостага школьнага дня

- 11:44Проекты

Праект рыхтаваўся калектывам ДУА «Сярэдняя школа № 5 г. Мазыра» і прымаў удзел у рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня

 

 

Мазыр – унікальны куток Беларусі з багацейшай гістарычна-культурнай спадчынай. Горад, безумоўна, валодае вялікім экскурсійным патэнцыялам. Наш край дастаткова вядомы не толькі на Гомельшчыне, дзякуючы заводам і фабрыкам, унікальнай прыродзе, але і складанаму шляху развіцця ад старажытнасці да нашага часу. Вялікая Айчынная вайна, чарнобыльская трагедыя не абмінулі Мазыр. Лёс горада складаны. Таму і ўзнікла ідэя стварэння аглядна-тэматычнай экскурсіі “Гераічнымі сцежкамі Мазыра”.

Наш экскурсійны маршрут паказвае Мазыр як непаўторнае сваёй маляўнічасцю і рэльефнасцю беларускае мястэчка. Практычная каштоўнасць распрацаванага маршрута заключаецца ў тым, што прадстаўленыя матэрыялы могуць быць выкарыстаны на ўроках беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, на пазакласных гадзінах, у шосты школьны дзень.

На тэрыторыі Мазыра шмат помнікаў, мемарыяльных дошак, абеліскаў, якія раскажуць пра важныя гістарычныя і грамадскія падзеі, выдатных асоб, якіх мы павінны ведаць, памятаць і шанаваць.

Кожны час нараджае сваіх герояў. Але подзвіг заўсёды стаяў на самым высокім маральным п’едэстале. Менавіта подзвіг вянчае найлепшыя якасці чалавека-патрыёта, грамадзяніна. Памяць пра сваіх герояў народ увекавечвае ў помніках, абелісках, манументах.

Мэта праекта: стварыць аглядна-тэматычны маршрут па гісторыка-культурных мясцінах горада Мазыра.

Задачы:

– выявіць аб’екты краязнаўчай цікавасці на тэрыторыі Мазыра;
– даследаваць мясцовыя гісторыка-культурныя помнікі;
– стварыць экскурсійны маршрут гісторыка-краязнаўчага характару па выяўленых аб’ектах;
– распрацаваць тэматычную экскурсію;
– апрабіраваць экскурсійны маршрут на вучнях школы.

Месца рэалізацыі праекта: ДУА “Сярэдняя школа № 5 г. Мазыра”.

Удзельнікі праекта: калектыў членаў аб’яднання па інтарэсах “Краязнаўства”.

Рэсурснае забеспячэнне праекта

1 Творчыя і даследчыя работы па краязнаўстве, гісторыі, літаратуры.
2 Сувязь са школьным музеем быту беларускага Палесся.
3 Матэрыялы школьнай і гарадскіх бібліятэк.

Этапы работы над праектам

Работа па распрацоўцы маршруту прадугледжвае некалькі этапаў: падрыхтоўчы, практычны, аналітычны. Кожны этап складаецца з пакрокавых дзеянняў, якія забяспечваюць выніковасць работы.

 

І Падрыхтоўчы этап

1 Вывучэнне спецыяльнай літаратуры па складанні і правядзенні экскурсій.
2 Выяўленне экскурсійных аб’ектаў для стварэння маршруту.
3 Збор інфармацыі аб экскурсійных аб’ектах.
4 Распрацоўка праграмы дзейнасці.

ІІ Асноўны этап

1 Складанне схемы экскурсійнага маршруту.
2 Складанне тэксту экскурсіі.
3 Правядзенне хранаметражу экскурсіі.
4 Падрыхтоўка экскурсаводаў.
5 Складанне індывідуальных тэкстаў экскурсаводаў.
6 Апрабацыя экскурсійнага маршруту на вучнях школы.

ІІІ Аналітычны этап

1 Выяўленне памылак, карэкціроўка маршруту, тэксту экскурсіі.
2 Аналіз водгукаў пра экскурсію.

Праект можна лічыць удалым, калі:

1 Будуць станоўчыя водгукі пра экскурсію.
2 Складзецца попыт на правядзенне экскурсій.

Практычная значнасць і чакаемыя вынікі праекта

Практычная значнасць праекта і яго выніку – экскурсійнага маршруту – мае перспектыўнае практычнае выкарыстанне. Наша прапанова – некалькі гадзін прысвяціць знаёмству з гістарычным мінулым Мазыра – даспадобы як жыхарам горада, так і гасцям рознага ўзросту. Таксама мы прадугледзелі магчымасць правядзення экскурсій як на беларускай, так і на рускай мовах.

У выніку паспяховай рэалізацыі праекта чакаецца:

1 Фарміраванне станоўчага вобразу малой радзімы ў жыхароў і гасцей горада.
2 Знаёмства экскурсантаў з гістарычнымі і культурнымі асаблівасцямі мазырскай зямлі.
3 Павышэнне цікавасці вучняў школы да гісторыі роднага краю, да гістарычнага мінулага Беларусі, актыўнасці ў пошуку гісторыка-краязнаўчага матэрыялу; пашырэнне ведаў пра мясціны сваёй Радзімы; з’яўленне пачуцця гонару за сваю зямлю і людзей, якія праславілі яе сваімі ўчынкамі, нават ахвяруючы сваім жыццём.

Перспектывы развіцця праекта:

1 Распрацоўка экскурсійных маршрутаў іншай тэматыкі.
2 Распрацоўка экскурсій для малодшых школьнікаў з мэтай правядзення іх у шосты школьны дзень.

 

1 Тэарэтыка-метадалагічныя асновы фарміравання патрыятызму навучэнцаў праз экскурсійную дзейнасць

1.1 Экскурсія як сродак патрыятычнага выхавання

Адна з эфектыўных форм арганізацыі пазаўрочнай адукацыйнай дзейнасці – экскурсія, якая ўздзейнічае на асобу з розных бакоў, дае магчымасць павышэння інтэлектуальнага ўзроўню навучэнцаў, развіцця ў іх назіральнасці, здольнасці ўспрымаць прыгажосць навакольнага свету. Сумяшчэнне адпачынку з пазнаннем жыцця, гісторыі і культуры – адна з задач, якую здольная вырашыць экскурсійная дзейнасць. Знаёмства з культурай і гісторыяй Радзімы ўзбагачае духоўны свет чалавека, цалкам здольнае стаць важнейшым элементам культуры вольнага часу навучэнцаў. Яно носіць карысны пазнавальны характар, які задавальняе духоўныя патрэбы асобы.

Паспяховасць работы куратараў у ажыццяўленні турысцка-экскурсійнай дзейнасці праз рэалізацыю прапанаванай мадэлі ў значнай ступені залежыць ад захавання адпаведных умоў, якія прадугледжваюць:

– планаванне работы сумесна з навучэнцамі;
– прыцягненне ўсіх навучэнцаў да грамадскіх спраў і адказнасць за іх;
– дапамогу навучэнцам у выкананні многіх грамадскіх роляў;
– прадухіленне абыякавасці і безадказнасці;
– садзейнічанне развіццю ў навучэнцаў ініцыятывы, грамадскай актыўнасці.

У аснове экскурсійнай дзейнасці ляжаць ідэі гуманізацыі. Акцэнт робіцца на звароце да асобы навучэнца. Экскурсійная дзейнасць – гэта працэс развіцця сістэмы ведаў, фарміраванне адносін да навакольнага свету, умелая арганізацыя вольнага часу.

 

1.2 Арганізацыя экскурсіі

Арганізуючы пазакласную дзейнасць, ставяцца далёка ідучыя мэты па фармаванні асобы патрыёта і грамадзяніна сваёй краіны. Традыцыйны падыход заключаецца ў завучванні матэрыялу падручнікаў і гістарычных фактаў, але такое выкладанне не прынясе плёну. Падручнік не дасць навучэнцам таго жывога матэрыялу, пра які могуць расказаць помнікі гісторыі.

Гісторыя ляжыць пад нагамі, знаходзіцца перад намі: гэта розныя помнікі архітэктуры, людзі, што перажылі цяжкія і гераічныя часы свайго жыцця, змагаючыся на франтах Вялікай Айчыннай. Кожны з іх – неацэнная крыніца гістарычнай інфармацыі. Тут выконваецца галоўны прынцып – арганічная сувязь з жыццём і духоўнымі патрэбамі чалавека, галоўнай з якіх можна сувязь са сваімі каранямі, пераемнасць пакаленняў. 

Помнікі з’яўляюцца адлюстраваннем выдатных падзей гісторыі, гераічных подзвігаў землякоў, нясуць вялікі эмацыйны зарад, а значыць могуць служыць важнейшым ілюстрацыйным матэрыялам.

Адной з галоўных форм дзейнасці ва ўстанове адукацыі з’яўляецца экскурсія. Правядзенню экскурсіі звычайна папярэднічае вялікая падрыхтоўчая дзейнасць. Экскурсія становіцца вынікам пошукавай, даследчай, аналітычнай і падрыхтоўчай работы настаўніка і вучняў.

Кожная экскурсія павінна быць тэматычнай, мець пазнавальную, развіваючую і выхаваўчую мэты. Яе можа праводзіць настаўнік, а яшчэ лепей – экскурсаводы з ліку вучняў.

У падрыхтоўцы і правядзенні экскурсій можна вылучыць наступныя этапы:

1 Вызначэнне актыву, у склад якога ўваходзяць зацікаўленыя вучні.
2 Выбар тэматыкі, вызначэнне тыпу, мэт і задач экскурсіі, узроставай групы наведвальнікаў.
3 Складанне плану экскурсіі.
4 Вызначэнне адказных вучняў за падрыхтоўку пэўнай экскурсіі.
5 Вывучэнне настаўнікам і вучнямі пэўнай экспазіцыі (або яе часткі), збор дадатковых матэрыялаў, вывучэнне адпаведных дадатковых крыніц і літаратуры.
6 Гутарка з вучнямі пра змест і задачы экскурсіі.
7 Падрыхтоўка фрагментаў выступленняў вучняў у музеі.
8 Адпрацоўка тэхнікі і прыёмаў правядзення экскурсіі.
9 Рэпетыцыя будучай экскурсіі.
10 Правядзенне экскурсіі. Аналіз вучнямі праведзенай экскурсіі.
11 Падвядзенне вынікаў экскурсіі, аналіз і абагульненне атрыманага практычнага вопыту.

З правядзеннем экскурсій непасрэдным чынам звязаны метад “Экскурсавод”.

Задачы выканання метаду: развіццё індывідуальных здольнасцей вучняў праз арганізацыю практычнай экскурсійнай дзейнасці.

Этапы падрыхтоўкі і рэалізацыі:

1 Падзел вучняў на некалькі груп, кожная з якіх адказная за падрыхтоўку сваёй часткі экскурсіі, вывучае дадатковы матэрыял (у бібліятэцы, музеі), атрымлівае дадатковыя заданні па запісе матэрыялаў.
2 Абмеркаванне вынікаў праведзенай падрыхтоўкі, адбор матэрыялу для экскурсіі.
3 Правядзенне прадстаўнікамі груп пробнай экскурсіі.
4 Вызначэнне шляхоў паляпшэння выніковасці і якасці экскурсіі.

 

II Экскурсійны праект “Ніколі не забыць. Гераічнымі сцежкамі Мазыра”

Мэты экскурсіі: пазнаёміць удзельнікаў экскурсіі з гістарычнымі помнікамі, прысвечанымі Вялікай Айчыннай вайне, чарнобыльскай катастрофе; фарміраваць каштоўнасныя арыенціры, гонар і павагу за гістарычнае мінулае беларускага народа; прыцягнуць увагу да гісторыі і выклікаць цікавасць да яе вывучэння; выхоўваць беражлівыя адносіны да аб’ектаў гісторыі.

Задачы экскурсіі:

– знаёмства экскурсантаў з сумнымі старонкамі гісторыі Мазыра;
– на прыкладзе гістарычных і іншых экскурсійных аб’ектаў паказаць павагу сучаснікаў да мінулага нашага горада;
– раскрыць унутраны патэнцыял горада, які збярог гістарычную памяць і можа быць цікавым для турыстаў.

Змест экскурсіі:

Тэматычная экскурсія “Гераічнымі сцежкамі Мазыра” адлюстроўвае гісторыю горада, знаёміць экскурсантаў з помнікамі, звязанымі з трагічнымі старонкамі горада і нашай краіны. Запланавана пабываць у розных частках горада, пазнаёміцца з помнікамі, прысвечанымі Вялікай Айчыннай вайне, ахвярам Чарнобыля, блакаднікам і абаронцам Ленінграда, наведаць месца масавага самаспалення мірных жыхароў, пазнаёміцца з новым помнікам, усталяваным у гонар 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і інш.

Тып экскурсіі: аглядна-тэматычная.

Від экскурсіі: пешаходная.

Працягласць экскурсіі: дзве гадзіны.

Маршрут экскурсіі: г. Мазыр, вул. Савецкая – вул. Ленінская – Курган Славы – вул. Пушкіна – вул. Інтэрнацыянальная.

 

2.1 Тэхналагічная карта маршрута экскурсіі “Гераічнымі сцежкамі Мазыра”

Маршрут

Месцы прыпынку

Аб’ект паказу

Працягласць
час/хвіл.

Метадычныя прапановы, асноўны змест інфармацыі

Месца
збору групы (пл. Прымаставая)

 

вул.
Савецкая

Помнік, прысвечаны
70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў,
Зенітная ўстаноўка
ў памяць пра подзвіг зенітна-артылерыйскага палка

15

Даць агульныя звесткі пра тэму, маршрут, працягласць экскурсіі.
Слова пра гераічнае мінулае Мазыра, гісторыю ўтварэння помнікаў

Будынак былой школы № 2

вул. Ленінская

Мемарыяльная дошка, якая ўшаноўвае памяць пра падпольшчыка
Яўгена Талкачова

10

Гістарычная даведка
пра падпольную дзейнасць
у горадзе

Сквер насупраць гарвыканкама

вул. Ленінская

Мемарыяльны помнік “Ахвярам Чарнобыля”

15

Гісторыя будаўніцтва помніка, каштоўнасць яго для мазыран

Мемарыяльны комплекс “Курган Славы”

вул.
Ульянаўская

Стэла “Абаронцам Радзімы ад мазыран”,
Куб на гранітным пастаменце,
Памятны знак воінам- інтэрнацыяналістам,
Памятны знак блакаднікам і абаронцам Ленінграда,
Месца пахавання воінаў, якія загінулі пры вызваленні Мазыра

40

Інфармацыя
пра гісторыю стварэння збудавання,
Знаёмства
з аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны

Месца масавага самаспалення мірных жыхароў
г. Мазыра

вул.
Пушкіна

Памятны знак, усталяваны мазырскім яўрэям, якія загінулі ў самаспаленні

15

Гістарычная даведка пра жыццё і пакуты яўрэяў
 у час Вялікай Айчыннай вайны
ў Мазыры

вул. Інтэрнацыянальная

Каля кожнага аб’екта

Помнік 415-й стралковай дывізіі,
Самалёт-помнік МіГ-17

25

Прыём дэтальнага агляду, характарыстыка аб’ектаў

 

 

2.2 Тэкст экскурсіі “Ніколі не забыць. Гераічнымі сцежкамі Мазыра”

Дрэвы забылі пра буры і страты,
Раны свае загаіла зямля.
Толькі нічога забыць не змагла ты,
Памяць мая!
М. Танк

1-ы экскурсавод:

Мазыр – з тых гарадоў, якія на вачах мяняюць сваё аблічча. Да помнікаў мінуўшчыны, старых вулак, хацінак дадаюцца новыя, прасторныя плошчы, шырокія вуліцы, утульныя мікрараёны. Мазыр – з гарадоў, якія становяцца лідарамі ў справе адраджэння гарадоў краіны.

Цікавы горад і сваёй гісторыяй. Тут ёсць што паглядзець, на што звярнуць увагу. Мы прызвычаіліся, што Мазыр называюць “беларускай Швейцарыяй”. Гэта сапраўды так. Вуліцы на стромкіх склонах, старыя яры, новыя будынкі патанаюць у раскошнай зеляніне. У гэтым годзе Мазыру спаўняецца 864 гады. Старажытны горад. Мінулыя войны амаль не пакінулі старадаўніх помнікаў архітэктуры, але тыя, што засталіся, прыцягваюць вялікую ўвагу жыхароў і гасцей горада. Сучаснікі ўшаноўваюць гістарычную спадчыну, ствараючы новыя і рэстаўруючы старыя помнікі культуры.

Гістарычная памяць жыве і сілкуе народ. Немагчыма выкрасліць вехі мінулага. Не можа квітнець дрэва, адарванае ад кораня. Дайсці да Беларусі – гэта патрабаванне часу. Як жа дайсці нам да сваёй Бацькаўшчыны? Адказ адзін – спазнаць сваю гісторыю, свой народ.

Наша экскурсія мае назву “Гераічнымі сцежкамі Мазыра” Гэта невыпадкова. Вялікая Айчынная вайна ўсё далей і далей ад нас. Здавалася б, за дзесяцігоддзі, што мінулі з тых жахлівых часін, ужо нічога новага і не раскажаш пра дні, напоўненыя крывёю і болем. І ўсё ж, здараецца, жыццё, знаёмства з асобнымі забытымі лёсамі, помнікамі прыносяць сапраўдныя адкрыцці. А Чарнобыль – гэта таксама вайна, толькі страшнейшая за Другую сусветную. На зямлі лютуе вораг, толькі мы не бачым забойцы, нічога не адчуваем, калі сустракаемся з ім, таму не ведаем, як змагацца супраць яго. Таму памяць пра жудасныя старонкі нашай малой радзімы павінна жыць у нашых сэрцах, у нашых душах.

Дыміцца памяць, ціха да грудзей
Дубок маркотны рукі твае туляць…
Ты прыняла пакуты за дзяцей,
Маўклівая, ссівелая матуля.
Іх больш няма.
Не рыпне болей брамка,
Не трэснуць пад нагамі жалуды…
І толькі шыбы будуць аж да ранку
Гарэць агнём чакання залатым.
З гарластым пеўнем разгарыцца ранне,
Закружацца буслы, як успамін…
Прастрэленую памяць зноў параняць
Асколкі часу як асколкі мін.
Асенні вецер шапаціць у кроне,
Каторы год страсае жалуды…
Ляцяць буслы ў сіняе бяздонне…
А мо сыны яе ляцяць сюды?

2-гі экскурсавод:

Першы прыпынак

Павольная Прыпяць сіняй стужкай плыве і ўзіраецца на адну з самых старых вуліц Мазыра – Савецкую. Менавіта тут мы робім першы свой прыпынак, каб аддаць даніну вялікай павагі сынам і дачкам беларускага народа, воінам 546-га зенітна-артылерыйскага палка, якія абаранялі Мазыр ад налётаў нямецкай авіяцыі ў сакавіку–чэрвені 1944 года. Манумент уяўляе сабой п’едэстал, на якім знаходзіцца самаходная зенітная ўстаноўка. Гэта напамін пра подзвіг воінаў-зенітчыц. Больш за 70 гадоў назад на гэтым месцы стаялі падобныя ўстаноўкі, значэнне якіх цяжка пераацаніць у Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі. Бо яны баранілі неба Мазыршчыны ад авіяцыі ворага, прычым вельмі эфектыўна. Пасля вызвалення ў студзені 1944 года Мазыр заставаўся прыфрантавым горадам. Чыгуначны мост праз Прыпяць і чыгуначны вузел Калінкавічы былі вельмі неабходныя. Для абароны гэтых значных аб’ектаў у Мазыр быў напраўлены 546-ы зенітна-артылерыйскі полк, які складаўся ў асноўным з жанчын. Яны паспяхова адбілі 46 налётаў. Ніводная бомба не ўпала на чыгуначны мост, па якім перапраўляліся нашы салдаты, дастаўляліся важныя грузы. Многія зенітчыцы загінулі, па некаторым даным – 18 чалавек. 58 чалавек узнагароджаны за смеласць і адвагу ў баях.

Зусім побач напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці 3 ліпеня 2014 года ў гонар 70-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў устаноўлены помнік. “Ёсць памяць, якой не будзе забыцця, і слава, якой не будзе канца…” – такія ўзнёслыя словы павагі і ўдзячнасці чытаем мы, нашчадкі, на старонках разгорнутай “кнігі” памяці.

 

3-гі экскурсавод:

Другі прыпынак

Наступны прыпынак – вуліца Ленінская. Многае нагадвае мазыранам пра суровыя часы ваеннага ліхалецця. Горад у першыя два месяцы знаходзіўся зусім блізка ад фронту. Партызаны, разведчыкі рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб наблізіць час перамогі над нямецкімі акупантамі. Звернем сваю ўвагу на будынак былой школы-інтэрната, а дакладней на мемарыяльную дошку. На ёй выбіты тэкст, у якім паведамляецца пра гібель Яўгенія Талкачова, удзельніка партызанскага падполля. У 1941 годзе Яўгеній Талкачоў скончыў школу № 2, уступіў у барацьбу супраць фашысцкай навалы. Дабываў каштоўныя звесткі, наладжваў сувязь з падпольшчыкамі і партызанамі. Загінуў у баі, пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Пахаваны ў г. Калінкавічы. Імем Я.Талкачова названа вуліца ў Мазыры, на будынку былой школы № 2, у якой ён вучыўся, устаноўлена мемарыяльная дошка.

Калі на памяць прыходзяць гэтыя і шмат якія іншыя імёны герояў, калі пачынаеш разважаць пра іх лёсы, становіцца зразумелым, якая гэта старонка ў жыцці Мазыра, Мазырскага краю – гады нямецкай акупацыі.

 

1-ы экскурсавод:

Трэці прыпынак

Непадалёку на той жа вуліцы знаходзіцца яшчэ адзін помнік. Мемарыяльны помнік суму і жальбы “Ахвярам Чарнобыля”, адкрыты на 10-ю гадавіну з дня выбуху Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі 26 красавіка 1996 года. Помнік уяўляе сабой чорны каменны крыж, перакладзіна крыжа мае выгляд надпіса “1986”. Над крыжам усталявана канструкцыя ў выглядзе аркі, над якой узвышаецца крыж. Перад помнікам заўсёды ляжаць кветкі ў памяць пра тую страшную трагедыю, напамінам, што чарнобыльская катастрофа з’яўляецца нацыянальным бедствам для нашай краіны, самай буйной сусветнай тэхнагеннай катастрофай.

Калі б не тая ноч красавіка,
Што горыччу дыхнула неспазнанай,
Як і раней, цякла б між траў рака,
Як і раней, суніцы спелі б на палянах,
Як і дагэтуль, радасць птушанём
Здзіўлёна кроплі ў дзень лавіла б летні
Нябёс лагодных, што вадою гром
Астуджваюць над лугам перагрэтым.
Шукаў бы зноў грыбнік баравіка
І рыбака ўдача не мінала,
Калі б не тая ноч красавіка,
Якой і ў страшным сне зямля не знала.

Давайце мінутай маўчання ўшануем памяць усіх ахвяр чарнобыльскай трагедыі: ліквідатараў наступстваў бяды, памерлых у страшных пакутах дзяцей, простых жыхароў гарадоў і вёсак, зямлю Беларусі.

 

2-гі экскурсавод:

Чацвёрты прыпынак

Мемарыяльны комплекс “Курган Славы” – знакавае месца для нашага горада, яно не можа не хваляваць. Шчыміць у сэрцы, калі акінеш вокам наваколле. Але і радасна становіцца ад таго, што памяць жыва, што з’яўляюцца новыя збудаванні і адчуваецца клопат мазыран пра комплекс. Перад вамі паўстае стэла “Абаронцам Радзімы ад мазыран”, куб на гранітным пастаменце, на якім узвышаецца гаўбіца часоў Вялікай Айчыннай вайны, вечны агонь, братэрская магіла. На кургане зусім нядаўна з’явілася тэхніка часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Акрамя гэтага памятаюць беларусы і пра блакадны Ленінград. Усё гэта наша гісторыя, агульная памяць братэрскіх народаў. У памяць пра страшныя старонкі вайны ўстанавілі тут камень з шыльдай. На ёй вялікімі літарамі можна прачытаць верш В.Берггольц, якая ўслаўляе блакаднікаў і абаронцаў Ленінграда, якія з 08.09.1941 па 27.01.1944 г. мужна абараняліся і выжывалі ў горадзе, апаленым смерцю. 

15 лютага ў нашай краіне адзначаюць “Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў”. У гэты дзень апошні савецкі салдат у 1989 годзе перайшоў мост ракі Амудар’я пад Тэрмезам. Вайна ў Афганістане доўжылася дзевяць гадоў. Каля 30 тысяч беларусаў праходзілі службу, і каля 800 чалавек загінула ў гэтай вайне. Традыцыйна ветэраны-афганцы збіраюцца разам, каб успомніць сваю службу і сяброў. У гонар салдат, загінуўшых на чужой зямлі, на кургане ўстанавілі памятны знак, які ўяўляе сабой вялізны гранітны камень з шыльдай. На ёй высечаны імёны 12 салдат, якія не вярнуліся дадому. Жывыя кветкі і ваенная каска на пастаменце завяршаюць кампазіцыю, якая стала знакавым месцам для простых мазыран і ўдзельнікаў тых страшных ваенных падзей.

Паказ месца пахавання воінаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

 

3-ці экскурсавод:

Пяты прыпынак

Наступны прыпынак – вуліца Пушкіна. Мы крочым па стромкіх склонах вуліцы. Сярод жылых будынкаў бачым невялікі цікавы аб’ект, які мазыране пакажуць любому госцю. Гэта гістарычная каштоўнасць горада, якая ахоўваецца дзяржавай. На гэтым месцы ў 1941 годзе мазырскія яўрэі правялі акт самаспалення, каб не скарыцца нямецкім карнікам і пайсці з жыцця вольнымі людзьмі.  

Яўрэі падлягалі сістэматычнаму пераследу і знішчэнню па нацыянальных прыметах. Частка з іх змагалася ў шэрагах узброеных сіл, удзельнічала ў падполлі і партызанах. У ходзе вайны загінула ад 5 да 6 мільёнаў яўрэяў. Памяць пра восеньскія падзеі 1941 года назаўсёды застануцца ў душах мазыран як жудасны напамін пра зверствы нямецкіх акупантаў.

 

1-ы экскурсавод:

Шосты прыпынак

Крочым на вуліцу Інтэрнацыянальную, гераічныя сцежкі Мазыра пралягаюць і па ёй. Горда ўзвышаецца тут помнік-самалёт МІГ-17, які нагадвае нам пра подзвіг Канстанціна Захарава. Герой знішчыў 15 самалётаў ворага, правёў 41 паветраны бой. 13 студзеня 1944 года направіў пылаючы самалёт у месца вялікай колькасці варожых войск. Пасмяротна яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Кожнаму жыхару і госцю горада помнік нагадвае пра гэтага смелага чалавека. Кожны год каля яго збіраюцца ўдзячныя патомкі, каб аддаць даніну павагі і ўдзячнасці за мірнае неба над галавой.

Цікавым будзе ўбачыць і пазнаёміцца з помнікам, які ўсталяваны на той жа вуліцы ад удзячных мазыран воінам 415-й Мозырскай стралковай дывізіі. Стэла ўзвышаецца высока ў неба, на ёй устаноўлена мемарыяльная дошка. Жывыя кветкі і вянкі ніколі не знікаюць, як і памяць пра гераічныя подзвігі дывізіі.

 

2-гі экскурсавод:

За час нашай экскурсіі вы здзейснілі падарожжа не толькі ў прасторы, але і ў часе. 1941–1945 гады (гады Вялікай Айчыннай вайны), 1979–1989 гады (вайна ў Афганістане), 1986 год (трагедыя Чарнобыля) праляцелі за некалькі гадзін. Атрымаўшы вялікую колькасць эмоцый, сумных, горкіх, але так нам патрэбных… Каб памятаць, каб не забыць… Каб не паўтарыць урокі страшных гадоў… Вы абавязкова ў нейкі момант адчуеце, што знаходзіцеся на зямлі герояў, якія любілі сваю Радзіму ўсім сэрцам і душою! Не забывайце, памятайце, расказвайце пра іх, ганарыцеся! І ведайце, што вакол нас яшчэ застаецца шмат неспазнанага і цікавага.

Дзякуй за ўвагу! 

 

Заключэнне

Экскурсійны маршрут “Гераічнымі сцежкамі Мазыра” мае вялікае выхаваўчае значэнне, знаёміць з унікальнымі помнікамі трагічных старонак нашай гісторыі, што з’яўляюцца прыярытэтнымі для развіцця розных відаў сучаснага мясцовага турызму.

Падзеі Вялікай Айчыннай вайны, чарнобыльская трагедыя, цяжкія выпрабаванні воінаў-інтэрнацыяналістаў жывуць у памяці мазырскай зямлі ў абелісках, помніках, мемарыяльных дошках. Але галоўнае – у сэрцах тысяч нашых суайчыннікаў.

Удзельнікі экскурсіі сваімі вачыма зазірнулі ў крывавыя старонкі беларускага Палесся, сэрцам адчулі боль і смутак тых падзей. Яны зразумелі, што за гісторыяй стаяць людзі – жывыя і памерлыя, стаяць людскія лёсы.

Па выніках экскурсіі дапоўнены гістарычны матэрыял для работы на ўроках беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, у аб’яднанні па інтарэсах “Краязнаўства”.

 

Спіс выкарыстанай літаратуры:

1 Шиманский М.Н. Земля, где я живу. – Минск : Полымя, 1998.
2 Мілашэўскі У. Нашы гарады. – Мінск : Народная асвета, 1991.
3 Збор помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi. – Мн., 1984–88.
4 Габрусь Т.В. Страчаная спадчына /Т.В. Габрусь, А.М. Кулагін [і інш.]. – Мн. : Полымя, 1998.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий