Мерапрыемствы да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа

- 14:09ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

У Мацвееўскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Ваўкавыскага раёна праводзяцца мерапрыемствы да 140-годдзя з дня нараджэння класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.

У бібліятэцы дзейнічае выстава кніг паэтаў, а ў кабінеце беларускай мовы – выстава “Я.Купала і Я.Колас – сімвал і гонар нацыі”, прысвечаная жыццёваму і творчаму шляху вялікіх песняроў беларускага народа.

Ва ўстанове адукацыі святкаванне юбілейнай даты пачалося з конкурсу чытальнікаў твораў паэтаў, у якім прынялі ўдзел вучні рознага ўзросту. Пранікнёнае і шчырае гучанне песні “Мой родны кут” на словы Я.Коласа дазволіла ўсім прысутным уявіць сакавітыя беларускія краявіды, апісаныя ім у паэме “Новая зямля”, адчуць іх непаўторны водар і сапраўдную гармонію. Вершы пра Радзіму, мову, якія гучалі з вуснаў удзельнікаў, абудзілі пачуццё гонару за родны край у сэрцах не толькі выканаўцаў, але і слухачоў. 

Падчас конкурсу дзеці змаглі пашырыць свае веды пра жыццёвы і творчы шлях мастакоў слова, здзейсніць віртуальнае падарожжа па Купалавых і Коласавых мясцінах, наведаць Вязынку і Яхімоўшчыну, Акопы і Ляўкі, Акінчыцы і Ласток, Альбуць і Смольню, а таксама дакрануцца да творчай спадчыны, якая была прадстаўлена кнігамі паэтаў.

Кожны змог адчуць глыбіню і багацце сімволікі творчай спадчыны мастакоў слова, каб яшчэ і яшчэ раз пераканацца ў жыццёвай вартасці філасофскіх разваг, глыбокіх дум і нечаканых выслоўяў слаўных сыноў беларускага народа.

 

Ганна ЛЕАНАРД,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Мацвееўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Ваўкавыскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий