Падарожжа ханявіцкіх навучэнцаў па аб’ектах Пружанскага раёна

- 13:15ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

“Мы хочам гэта ўбачыць” – пад такім дэвізам вучні Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Свіслацкага раёна адправіліся на экскурсію да сваіх суседзяў – у Пружанскі раён Брэсцкай вобласці.

Пружаны – горад з болей чым 700-гадовай гісторыяй, які арганічна спалучае ў сабе сучаснасць і старажытныя традыцыі. Знаёмства з горадам мы пачалі з яго візітоўкі – музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. Гэта помнік архітэктуры XIX ст., пабудаваны ў стылі італьянскай вілы. Мы прайшліся па калідорах музея, у шляхетным салоне пазнаёміліся з лёсам сядзібы і яе гаспадароў, падзівіліся зеляніне кветкавай залы, разгледзелі трафеі ў паляўнічым кабінеце. Па вузкай дубовай лесвіцы падняліся на другі паверх. Тут размешчаны выставы, якія знаёмяць наведвальнікаў са старажытнымі рамёствамі пружанскай зямлі: саломапляценнем, ткацтвам, вырабамі з дрэва. Экспанаты гэтай залы яшчэ раз падкрэслілі, наколькі таленавітымі і знаходлівымі былі нашы продкі. Аповед экскурсавода быў такім захапляльным, што мы міжволі адчулі сябе ў тым часе, калі жыла беларуская шляхта. Поўныя новых уражанняў, вучні падзякавалі экскурсаводу і адправіліся далей.

А далей нас чакала аглядная экскурсія. Праехаўшы праз горад, мы быццам зрабілі падарожжа ў часе, аказаўшыся ў Лядовым палацы. Тут былі новыя ўражанні: бадзёрая музыка, шоргат канькоў па блакітным лёдзе, падзенні і сяброўская падтрымка навічкоў, вясёлы смех – за ўсім гэтым непрыметна прабег адведзены нам час.

Дзень атрымаўся насычаным, карысным, поўным яркіх фарбаў. Дамоў вярталіся стомленыя, але гэта стома не перашкаджала нам абмяркоўваць і будаваць новыя маршруты. А іх наперадзе шмат: багатая беларуская гісторыя шмат можа расказаць таму, хто цікавіцца сваім мінулым.

 

Ніна ТАРАНОВІЧ,
класны кіраўнік 10-га класа
Ханявіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Свіслацкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий