Задач многа, мэта — адна

- 14:17ЧИТАЙТЕ В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Аддзел па адукацыі, спорце і турызме Круглянскага райвыканкама на працягу шэрага гадоў уваходзіць у лік лідараў спаборніцтва па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці ў Магілёўскай вобласці. Аб формуле поспеху, значных дасягненнях і планах на будучыню на сённяшняй суботняй планёрцы мы пагутарылі з начальнікам аддзела Марынай Пятроўнай ТОКАРАВАЙ.

— Марына Пятроўна, якая формула паспяховага функцыянавання круглянскіх устаноў адукацыі?

— Шлях да поспеху не бывае простым. Гэта заўсёды пошук і бесперапыннае ўдасканаленне работы. Таксама тут вельмі важная атмасфера ўзаемнай адказнасці за вынік. Лічу, што менавіта ў гэтым крыецца сакрэт паспяховасці любой справы. У гэтым мяне падтрымліваюць усе педагагічныя калектывы раёна. Дзякуючы мэтанакіраванай і зладжанай рабоце кожнай навучальнай установы, аддзел ужо тройчы станавіўся пераможцам і адзін раз прызёрам абласнога працоўнага спаборніцтва ў сваёй групе. Неаднаразова ў лідарах гэтага спаборніцтва апыналіся яслі-сад № 7, раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.

— Раскажыце падрабязней аб найбольш значных дасягненнях.

— Іх вельмі шмат. Нам удалося істотна палепшыць многія паказчыкі дзейнасці. Але, вядома, галоўная нагода для гордасці — поспехі нашых навучэнцаў. Толькі за апошнія тры гады 24 вучні раёна сталі пераможцамі і прызёрамі трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Дваццаць выпускнікоў школ за гэты час атрымалі атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым і сярэбраным медалямі.

Вынікова ўдзельнічаюць выпускнікі раёна ў цэнтралізаваным тэсціраванні. Летась іх сярэдні бал на ЦТ па 9 прадметах з 11 быў вышэйшы за абласныя паказчыкі. Акрамя таго, вучаніца другой гарадской школы Ангеліна Блінкова атрымала сертыфікат з максімальнымі 100 баламі па беларускай мове.

Нашы школьнікі годна праяўляюць сябе ў творчасці і спорце. Яны пастаянна ўваходзяць у лік прызёраў розных конкурсаў, аглядаў і фестываляў, заваёўваюць перамогі на прэстыжных рэспубліканскіх спаборніцтвах.

— Як удаецца ўсебакова раскрываць патэнцыял навучэнцаў? Гэта вынік пэўнай сістэмы работы?

— Развіць здольнасці, аказаць дапамогу ў самарэалізацыі кожнаму вучню — гэтыя задачы нашы педагогі ставяць у аснову сваёй дзейнасці. Важна, што неабходныя для гэтага ўмовы ва ўстановах адукацыі раёна створаны.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі. Мы разумеем, што адораны вучань у будучыні здольны ўнесці вялікі ўклад у развіццё краіны і беларускага грамадства. Таму падтрымка таленавітай моладзі ў Круглянскім раёне з’яўляецца рэгіянальнай стратэгіяй. Сумеснымі намаганнямі аддзела па адукацыі і кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта арганізавана стымуляванне вучэбных, творчых і спартыўных дасягненняў дзяцей. Распрацавана сістэма маральных і матэрыяльных заахвочванняў, якая з’яўляецца добрай матывацыяй для вучняў.

— За кожнай перамогай навучэнца стаіць вялікая праца настаўніка, дэманстрацыя ўзроўню яго прафесіяналізму. Як выбудавана ў раёне работа з педагагічнымі кадрамі?

— Кадравы педагагічны склад на працягу некалькіх гадоў застаецца стабільным. У той жа час адзначаецца ўстойлівая тэндэнцыя да павышэння кваліфікацыйнага ўзроўню настаўнікаў. Сёння 85% нашых педагогаў маюць вышэйшую адукацыю, 83% — вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі.

Работа з кадрамі ў першую чаргу накіравана на павышэнне іх прафесійнай кампетэнтнасці. Гэта дасягаецца праз структуру метадычнай службы, стварэнне ўмоў для бесперапыннай адукацыі і самаадукацыі педагогаў. Выключная роля ў гэтай справе адводзіцца вучэбна-метадычнаму кабінету, які быў прызнаны адным з лепшых па выніках удзелу ў рэспубліканскім фестывалі “Сістэма метадычнага суправаджэння дзейнасці ўстаноў адукацыі рэгіёна”.

Сцвярджэнне Канстанціна Ушынскага пра тое, што настаўнік жыве да таго часу, пакуль вучыцца, у сучасных умовах набывае асаблівае гучанне. Значна, што круглянскія педагогі арыентаваны на прафесійнае развіццё, творчы пошук і інавацыйную дзейнасць. Як вынік, статус рэспубліканскай інавацыйнай пляцоўкі ў нас сёння мае кожная трэцяя ўстанова адукацыі. Такія падыходы дазваляюць навучальным установам ствараць аснову ўласнага стылю работы, быць канкурэнтаздольнымі.

— Марына Пятроўна, сфера адукацыі раёна дынамічна і паспяхова развіваецца. А якія мэты ставіць перад сабой круглянскае настаўніцтва на перспектыву?

— Перад сістэмай адукацыі раёна стаіць дастаткова многа розных задач. Але галоўная мэта ў нас па-ранейшаму адна — незалежна ад месца жыхарства, статусу школы, стану здароўя — забяспечыць кожнаму вучню дастойную адукацыю, навучыць дзяцей жыццёваму самавызначэнню, даўшы для гэтага неабходныя веды, навыкі і каштоўнасныя арыенціры.

Гутарыла Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий