Інфармацыйна-патрыятычны праект распрацавалі хойніцкія настаўнікі

- 13:35ГОМЕЛЬЩИНА, Регионы

Настаўнікамі пачатковых класаў метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў сярэдняй школы № 3 Хойнікаў распрацаваны інфармацыйна-патрыятычны праект “Вайна. Перамога. Памяць, які складаецца з двух раздзелаў: Вуліцы, названыя імёнамі герояў Вялікай Айчыннай вайны, Памятныя мясціны, прысвечаныя воінам-вызваліцелям.

Ведаць пра людзей, імёнамі якіх названы вуліцы нашага горада Хойнікі – адзін з найважнейшых абавязкаў. Славу і подзвіг нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ўвекавечваюць назвы вуліц, якія носяць імёны герояў: М.Гастэлы, В.Кашавога, Н.Андросава, В.Карася, П.Домнікава, А.Качаткова, В.Калесніка, К.Заслонава …

У першым раздзеле праекта прынялі ўдзел вучні 3–4-х класаў. Кожны клас атрымаў заданне падрыхтаваць інфармацыю пра назвы пэўных вуліц, стварыць інфармацыйныя лістоўкі: у гонар каго названа вуліца, месцазнаходжанне вуліцы, яе працягласць. Пазнаёміць з інфармацыяй жыхароў, якія пражываюць на гэтай вуліцы.

У ходзе работы навучэнцы знаёміліся з сем’ямі, лёс якіх быў звязаны з вайной, даведваліся пра жорсткасць ваеннага часу. Каб атрымаць веды, факты пра людзей, у гонар якіх названыя вуліцы, навучэнцы наведалі краязнаўчы музей, вывучалі кнігу “Памяць г. Хойнікі і Хойніцкага раёна”, збіралі дакументальны матэрыял, фатаграфавалі. Падчас працы над праектам вучні даведаліся, што шмат вуліц названы ў гонар герояў-партызан.

Актыўна ў праектную дзейнасць былі ўцягнутыя бацькі навучэнцаў. Многім з іх па 30–40 гадоў, і яны з цікавасцю слухалі апавяданні мясцовых жыхароў, чый лёс быў звязаны з вайной, чыталі біяграфіі, інфармацыю пра ваенныя подзвігі нашых землякоў. Яны дапамагалі ў атрыманні і сістэматызацыі інфармацыі, афармленні інфармацыйных лістовак.

Вынікам стала стварэнне альбома “Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў Вялікай Айчыннай вайны”. Прэзентацыя праходзіла на пазакласным мерапрыемстве, прысвечаным дню вызвалення горада Хойнікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзеці хвалююча расказвалі пра стойкасць і мужнасць герояў, якія вызвалялі наш горад, нашу Радзіму, іншыя краіны.

Навучэнцы разглядалі фатаграфіі і медалі, з цікавасцю слухалі апавяданні сваіх аднакласнікаў. Слухалі і шмат чаго не разумелі: хто такія падпольшчыкі, партызаны, чаму яны праводзілі дыверсіі і чаму іх расстрэльвалі. Гэта не параўнаць з камп’ютарнымі гульнямі. Героі вайны даказвалі сваімі справамі вернасць Радзіме і аддавалі за яе жыццё.

У 2022 годзе вядзецца работа над другім раздзелам праекта “Памятныя месцы, прысвечаныя воінам-вызваліцелям”. Прэзентацыю сабранага матэрыялу плануецца правесці на пазакласным мерапрыемстве “Вайна. Перамога. Памяць”, прысвечаным Дню Перамогі. Сведкаў становіцца ўсё менш і важна захаваць іх успаміны пра сілу духу, мужнасць, любоў да жыцця людзей, якія нам падарылі Перамогу і свабоду.

 

Тамара ЦІШКЕВІЧ,
настаўнік пачатковых
класаў
ся
рэдняй школы 3 Хойнікаў

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий