У працы нараджаюцца героі

- 17:15В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

“Адукацыя праз усё жыццё” — дэвіз педагагічнага калектыву жлобінскай  сярэдняй школы № 13 імя В.В.Гузава. Беларуская і руская мовы, гісторыя, матэматыка, фізіка, праца… Апошняя заслугоўвае павышанай ўвагі, таму што працоўнае навучанне для гэтай школы не проста вучэбны прадмет, а сімвал прафесіяналізму і любові да сваёй справы.   

Аднагалосна — так…

У верасні 2019 года сярэдняй школе № 13 Жлобіна прысвоілі імя чалавека, які аддаў ёй усе свае сілы, — настаўніка працоўнага навучання Віталя Васільевіча Гузава. Пры жыцці педагог часта паўтараў: “Чым больш дзелішся, тым больш атрымліваеш”.  

— Гэта быў чалавек, якому ўдавалася зачараваць абсалютна ўсіх, проста сказаўшы “добры дзень”. Ён быў вельмі эмацыянальным і адкрытым, але, з іншага боку, патрабавальным і з цвёрдым характарам, — успамінае дырэктар школы Алена Аляксандраўна Ананчыкава. 

Рашэнне аб прысваенні школе яго імя было аднагалосным. 

Біяграфічная даведка

Віталь Васільевіч Гузаў нарадзіўся 6 красавіка 1955 года ў вёсцы Радуша Жлобінскага раёна. Скончыў Рэспубліканскую школу трэнераў пры Беларускім дзяржаўным інстытуце фізічнай культуры. Потым паступіў у Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Н.К.Крупскай. Педагагічную дзейнасць пачаў у Кастрычніцкай сярэдняй школе Кармянскага раёна на Гомельшчыне. У 1976 годзе пасля службы ў арміі ўладкаваўся настаўнікам фізпадрыхтоўкі ў Радушскую сярэднюю школу. Пазней працаваў у розных навучальных установах. З 1997 гада разам са сваёй жонкай шчыраваў у сярэдняй школе № 13 Жлобіна. Выгадаваў двух сыноў. Памёр 30 сакавіка 2019 года. 

— Для многіх з нас было вялікім смуткам страціць цудоўнага педагога, прафесіянала, калегу. Усе структуры — і Жлобінскае раённая арганізацыя беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі і галоўнае ўпраўленне адукацыяй гомельскага аблвыканкама — аднагалосна падтрымалі ініцыятыву членаў клуба “Крыштальны журавель” ўвекавечыць імя Віталя Васільевіча Гузава. Хутка падрыхтавалі ўсе неабходныя дакументы. Ні на якім з этапаў не сустрэлі перашкод, — расказвае начальнік аддзела адукацыі Жлобінскага райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Салаўёў. — Віталь Васільевіч аддаў паўжыцця сферы адукацыі, напісаў звыш 15 вучэбных дапаможнікаў. Яго трэба было ведаць, каб усвядоміць, наколькі ён быў унікальны чалавек. 

У 2020 годзе, па ініцыятыве абласнога ўпраўлення адукацыі, быў заснаваны абласны конкурс вучнёўскіх праектаў па працоўным навучанні імя Віталя Васільевіча Гузава. Ён будзе праходзіць раз у два гады на базе сярэдняй школы, якая сёння носіць яго імя. 

— Кожны дзень, падыходзячы да школы, я бачу мемарыяльную дошку і ў думаках вітаюся з Віталем Васільевічам. Калі якая-небудзь праблема не адпускае, уяўляю, што наш заслужаны настаўнік дае мне параду, і ўсё адразу ідзе па плане, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Уладзіміраўна Дзёміна.   

 

З вялікай літары

Віталь Васільевіч Гузаў працаваў у сярэдняй школе № 13 Жлобіна з першых дзён яе адкрыцця.

— Толькі такі чалавек, як ён, змог бы пераканаць усю краіну ў тым, што працоўнае навучанне — гэта прадмет, які варты таго, каб стаяць побач з матэматыкай, хіміяй і гісторыяй, — падкрэслівае Аляксандр Мікалаевіч.  

Так, менавіта Віталь Васільевіч некалі стаў ініцыятарам правядзення алімпіяды па працоўным навучанні ў Рэспубліцы Беларусь. Цікава, што дзякуючы гэтаму многія дзеці нарэшце змаглі адчуць сябе больш упэўнена: тыя, каму не даваліся фізіка і матэматыка, цяпер таксама маглі пахваліцца дыпломам алімпіядніка. 

Віталь Васільевіч падрыхтаваў 95 пераможцаў абласнога і 47 пераможцаў заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Але не толькі па гэтай прычыне вучні захапляліся сваім педагогам. Віталь Васільевіч праводзіў з імі ў майстэрні і працоўны, і свабодны час, здолеў не на жарт захапіць іх сваёй справай. Цэлая армія навучэнцаў пайшла па яго слядах, многія паступілі ў Мазырскі педагагічны інстытут. Сёння пяцёра яго выхаванцаў працуюць у Жлобінскім раёне, двое з іх — у школе, дзе калісьці вучыліся. 

— Так, вучні Віталя Васільевіча — пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні — цяпер з’яўляюцца нашымі калегамі. Сёння яны ўжо самі паспяхова рыхтуюць сваіх вучняў да абласнога этапу алімпіяды па працоўным навучанні, — адзначае Алена Аляксандраўна.  

— У нас ёсць ініцыятыва па ўвекавечанні імя Віталя Васільевіча Гузава як метадыста, якую мы хацелі б ажыццявіць у найбліжэйшы час. Плануецца зрабіць штогадовы фестываль для настаўнікаў па розных агульнаадукацыйных прадметах на базе нашай школы. Праходзіць ён будзе ў дзень нараджэння Віталя Васільевіча з наступнага года, — дзеліцца планамі Алена Аляксандраўна.     

Віталь Васільевіч 10 разоў быў адзначаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У біяграфіі педагога ёсць і такі лёсавызначальны факт: ён лаўрэат рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2004”. Пасля гэтай падзеі Віталь Васільевіч яшчэ больш паглыбіўся ў актыўную дзейнасць на карысць усёй краіны. 

У яго ніколі не было аднолькавых заняткаў. На кожным уроку ён эксперыментаваў. 

— З веданнем справы Віталь Васільевіч пайшоў на конкурс “Настаўнік года — 2004”. Услед за ім штогод педагогі прадстаўлялі наш раён на конкурсе. Кожны з іх даходзіў да рэспубліканскага этапу. Вядома ж, усіх трэніраваў Віталь Васільевіч, — расказвае Алена Аляксандраўна. 

Такім чынам Віталь Васільевіч выгадаваў цэлую плеяду “жураўлёў”. А пасля таго, як ён заняўся работай над вучэбна-метадычным комплексам па тэхнічнай працы для ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, ён таксама даў штуршок сваім калегам. 

— У сваю чаргу, мы стараемся падтрымліваць гэты прынцып — дзяліцца напрацаваным вопытам і даваць калегам магчымасць развівацца, — дадае Алена Аляксандраўна. — Мы адзіная школа ў вобласці, у якой працуюць тры настаўнікі-метадысты, члены клуба “Крыштальны журавель”. Як стваральнікі ўласных сістэм работы, яны ахвотна дзеляцца сваім вопытам і напрацоўкамі з педагогамі школы, вобласці і краіны. 

Настаўнік працоўнага навучання школы Дзмітрый Барысавіч Доўнар прыгадвае:

— Віталь Гузаў змяніў падыход да структуры ўрока працоўнага навучання, прапанаваў тэхналагічную карту ўрока, якой зараз карыстаюцца настаўнікі па ўсёй рэспубліцы. 

Настасся ЧАРКАНАВА.
Фота аўтара і з архіва школы.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий