У госці да Белай Панны і Чорнага Манаха накіраваліся ашмянскія школьнікі

- 18:03ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Адзін з напрамкаў грамадска-патрыятычнага выхавання ў сярэдняй школе № 3 Ашмян – турыстычны. Вучні 2 “А” і 2 “Г” класаў пабывалі ў Гальшанскім замку.

Замак знаходзіцца ў аграгарадку Гальшаны. Гэта знакавы турыстычны аб’ект Гродзенскай вобласці. Ён быў пабудаваны ў XVI–XVII стагоддзях для Паўла Стэфана Сапегі. Гэта быў самы прыгожы будынак на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Пабудова ўяўляла сабой трохвугольны будынак з квадратным дваром. У замку было вельмі шмат пакояў з багатым убранствам, вялікія залы. Гальшанскі замак часта змяняў уладароў, быў вельмі пашкоджаны шведамі ў час Паўночнай вайны. Сотні гадоў працягвалася яго разбурэнне. Сёння ад велічнага замка засталіся руіны, і, дзякуючы неабыякавым беларусам, археолагам і гісторыкам, пачалося яго адраджэнне.

Экскурсавод Гальшанскага замка правяла вучняў у памяшканне адноўленай паўночнай башні, расказала пра легенды і міфы, гісторыю замка, пра знакамітыя беларускія дынастыі Гальшанскіх і Сапег. Нягледзячы на ўзрост дзяцей, матэрыял расказваўся даступна, зразумела і вельмі цікава. Вельмі спадабаліся і запомніліся легенды пра Соф’ю Гальшанскую, пра прывідаў Чорнага Манаха і Белай Панны.

Экскурсія ўключала містычны кампанент з выкарыстаннем тэатралізацыі з персанажамі Соф’і Гальшанскай, Паўла Сапегі, Чорнага Манаха і Белай Панны. Гэта і дазволіла дзецям апынуцца ў сярэднявеччы. На першым паверсе мы ўбачылі археалагічныя знаходкі – вітрыны з гліняным посудам, кускі кафлі. Другі паверх – гэта параднае памяшканне з зандажамі розных гістарычных эпох. Таксама тут дзеці ўбачылі элементы мэблі, дэкаратыўнага роспісу. На трэцім паверсе ёсць макет замку ў разрэзе. Аднаўленне замка з элементамі кансервацыі працягваецца і цяпер.

Гальшанскі замак з’яўляецца аб’ектам гісторыка-культурнай спадчыны і ахоўваецца дзяржавай. Гледзячы на яго, адчуваеш асаблівую энергетыку гістарычных часоў. Дадому мы вярталіся з сувенірамі і добрым настроем.

 

Ірына АНДРЫЛОВІЧ,
класны кіраўнік 2 “А” класа
сярэдняй школы № 3 Ашмян

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий