Цёплае дрэва, халодны метал

- 13:12В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Імя беларускага злотніка Юрыя Адамовіча вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. Яго творы ўнікальныя, а такім рэдкім майстэрствам не валодае больш ніхто ні ў адной еўрапейскай краіне.

Аўтарскі мікс 

Прафесіі злотнік сёння не знойдзеш у даведніку для абітурыентаў. Гэтае майстэрства маглі асвоіць толькі нашы продкі ў XV—XVI стагоддзі. Злотнікі сумяшчалі ў сабе таленты ювеліра, чаканшчыка, слесара і інш. і выраблялі ўпрыгажэнні, царкоўнае начынне, зброю, даспехі. Дарэчы, Лазар Богша, аўтар Ефрасіннеўскага крыжа, таксама быў злотнікам.

— У нашым родзе ўсе мужчыны былі майстравітымі. Дзед служыў сталяром-чыр­ванадрэўшчыкам у Радзівілаў, будаваў вадзяныя і ветраныя млыны. Бацька, будучы дырэктарам гастранома, у вольны час клаў печы, любіў апрацоўваць драўніну. З маленства далучыў да творчасці і мяне. 

У маленстве я большасць вольнага часу… вышываў, бо быў пад наглядам маці і цётак, якія любілі вышываць, і я ад іх навучыўся. Потым зацікавіўся лепкай, сталярнічаў, шмат маляваў. Архітэктурныя пейзажы, графіка былі маім захапленнем падчас вучобы ў архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме, а калі ўжо працаваў у архітэктурным бюро, таварыш паказаў мне, як робіцца модная тады чаканка па метале. Гэта мне асабліва прыйшлося па душы. Адразу пачало атрымлівацца, пайшлі заказы. 

Юрый Адамовіч развівае старажытныя традыцыі, дапаўняючы ўласным каштоўным вопытам. Тэхніка, у якой ён працуе, спалучае халодную, праразную, аб’ёмную чаканку, слясарку, каванне, пайку і разьбу па дрэве. Увогуле, гэта арыгінальны аўтарскі мікс, бо так аб’яднаць драўніну і метал не ўдалося больш нікому.

Першай работай Юрыя Адамовіча былі ўпрыгожаныя чаканкай дзверы для сталічнага музея Якуба Коласа. А праз два гады ён ужо працаваў мастаком па метале на Мінскім мастацкім камбінаце. Доўгі час выкладаў маляванне, гісторыю мастацтваў і працоўнае навучанне ў сярэдняй школе № 51 Мінска. Быў любімым настаўнікам, пра якога былыя вучні не забываюць і сёння. Але дзе б ён ні працаваў, кожную вольную хвіліну прысвячаў любімай чаканцы.

Амаль за паўстагоддзя, праведзеных у майстэрні, Юрый Адамовіч стварыў больш за 10 тысяч работ. Сярод іх — дэкаратыўны посуд, насценныя гадзіннікі, дэталі рыцарскага або ваеннага адзення мінулых стагоддзяў, жаночыя ўпрыгажэнні. Але галоўная яго фішка — чаканкі на драўлянай аснове. Гэта яго аўтарскі стыль: мікс старадаўняга спосабу чаканкі з аўтарскай апрацоўкай драўніны. Майстар прымяняе некалькі відаў чаканкі — халодную, ручную, праразную і аб’ёмную, а падкрэслівае структуру драўніны, брашыруючы яе агнём (выпальвае мяккія валокны абпалам). 

Дарэчы, пра металы. У часы ВКЛ злотнікі чаканілі з каштоўных металаў — золата і серабра. Юрый Адамовіч найчасцей бярэ латунь або медзь — яны таннейшыя і найбольш адпаведныя па тоне драўлянай частцы яго работ. Прычым на адным пано можа выкарыстоўвацца некалькі металаў: медзь, латунь, мельхіёр, нейзільбер, серабро.

Работы Юрыя Іосіфавіча выдзяляюцца не толькі дасканалым выкананнем, але і дакладным адлюстраваннем сюжэта. Перш чым зрабіць выяву звера ці містычнай істоты, ён звяртаецца да гістарычнага матэрыялу. Сэрца яго дома — багатая бібліятэка па гісторыі і мастацтве, якую ён збірае з 6 класа. У ёй ужо каля 5000 кніг. 

У сваіх творах Юрый Іосіфавіч адраджае тэхніку апрацоўкі металу, распаўсюджаную ў Вялікім Княстве Літоўскім, — ручную халодную чаканку  — і спалучае яе з вогненнай апрацоўкай драўніны.

— У мяне больш за 60 розных энцыклапедый. Калі я працую над фігурай жывёлы, то шукаю максімальную колькасць здымкаў у розных ракурсах. Мне важна, каб усё гэта было гістарычна або анатамічна дакладна. Часам раблю для сябе цікавыя адкрыцці. Напрыклад, працуючы над цыклам “Знакі задыяка”, я даведаўся, што Казярог — гэта жывёла жаночага роду. Аказваецца, згодна з міфалогіяй, калі Зеўс быў маленькі, яго выхоўвала каза па імені Адмета, і калі ён стаў вярхоўным жрацом Грэцыі, то падняў казу на неба і зрабіў з яе знак Казярога, а з яе рога — рог багацця.

Работы Юрыя Іосіфавіча захоўваюцца ў музеях і асабістых калекцыях у 120 краінах свету. Майстар рабіў іх для Пятра Машэрава, Валянціны Церашковай, Уга Чавеса, Сі Цзіньпіна і нават для Папы Рымскага. Яго работы ёсць у кіраўнікоў розных краін свету, у тым ліку і Беларусі.

 

Касмічны малаток і кіянка-ветэранка

Цяпер Юрый Адамовіч з ранку да вечара працуе ў сваёй майстэрні пад Нясвіжам. Тут жа знаходзіцца і калекцыя яго інструментаў. Сярод іх галоўны экспанат — старадаўнія нажніцы. Па тым, як яны лёгка рэжуць, наўрад ці хто здагадаецца, што ім ужо больш за паўтара стагоддзя.

У рабоце ж майстар выкарыстоўвае ўсяго некалькі інструментаў, бо, гаворыць, што чым больш у чалавека практыкі, тым менш яму трэба разнастайных прылад. Зубілы, малаткі, абцугі — практычна ўвесь яго набор. Гэтага дастаткова для любой работы, нават самай вытанчанай. Праўда, яго інструменты не зусім звычайныя, бо зрабіў іх майстар сам і для свайго адмысловага рамяства.

Самы галоўны інструмент — важкі малаток. Юрый Адамовіч падгледзеў прынцып яго работы ў касманаўтаў. Тлумачыць, што яго баёк полы і запоўнены свінцовым шротам, таму такі малаток не адскоквае нават у бязважкасці. Свінец пры ўдары не спружыніць, а быццам прыліпае, ды і гук ад удару дае глухі, беражэ вушы. Часта карыстаецца майстар і кіянкай, якой давярае больш тонкую работу. Яна старэнькая, зроблена яго рукамі каля 40 гадоў назад, але і сёння працуе жвавенька. 

Новы інструмент майстар набывае толькі для калекцыі — ён ніколі не пераўзыдзе па якасці яго старадаўні.

 

Роднае народнае

А што да сюжэтаў сваіх работ, то тут Ю.Адамовіч пастаянства не любіць. У яго калекцыі не знойдзеце не толькі аднолькавых, але і падобных рэчаў. Толькі арыгінальныя.

— Сюжэт дыктуе дрэва. Бо яно неаднароднае, можа мець заганы, якія трэба схаваць, і мае прыгожыя дэталі і структуру, якія хочацца праявіць. Драўніну я бяру толькі нашу, беларускую. У асноўным хвойных парод, хаця здараецца працаваць і з самай прыгожай нашай драўнінай — бэзам. Ды і вобразы найчасцей у мяне просяцца свае, родныя. Найбольш люблю адлюстроўваць беларускую прыроду — птушак, рыб, звяроў. Асабліва буслоў і зуброў. Люблю і казачныя, міфалагічныя сюжэты, знакі задыяка. Ёсць у мяне і дамавікі, і анёлы-­ахоўнікі. Але нават калі раб­лю казачных герояў, стараюся прыдаць кожнаму з іх характар, беларускі каларыт. Неяк знаёмыя, пераязджаючы за мяжу, папрасілі мяне зрабіць гномаў. Я іх апрануў як “Песняроў” — у жупаны, кажухі і лапці. Такі стыль яны ацанілі.

Юрый Іосіфавіч — заўзяты калекцыянер. У яго багатыя калекцыі навагодніх паштовак, каляндарыкаў, марак, манет, інструментаў… Але галоўная яго калекцыя і гордасць — унікальная бібліятэка. У ёй больш за 5 тысяч кніг па гісторыі і мастацтве, сярод якіх ёсць выданні XVII—XIX тст.

У Юрыя Адамовіча шмат сяброў па ўсім свеце. Вельмі багатая геаграфія жыцця і ў яго работ. Сам жа аўтар прызнаецца, што ніколі не прамяняе сваю Радзіму на іншую:

— Я шмат ездзіў па розных краінах і пераканаўся: беларусы не развучыліся працаваць рукамі, іх паважаюць за майстэрства. Мне шмат разоў прапаноўвалі пераехаць у іншыя краіны і там праця­гваць сваю справу. Але я не хачу. Нідзе мне не дыхаецца і не працуецца лепш, чым дома. 

Адзінае, пра што шкадуе Ю.Адамовіч, што гэтае старажытнае майстэрства няма каму працягваць. Некалі майстэрствам злотніка валодаў яго сябра Аляксандр Паўлаў, але ён сышоў з жыцця. Сярод вучняў Юрыя Іосіфавіча шмат майстроў, мастакоў, але ніхто з іх не адважваецца ўзяцца за гэтую рэдкую тэхніку. Старэйшы і малодшы сыны майстра паспрабавалі яе асвоіць, па адной рабоце зрабілі і на гэтым скончылі. Але бацька спадзяецца, што не назаўсёды. 

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара і з архіва героя

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий