Фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў шляхам выкарыстання тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення на ўроках беларускай мовы

- 10:50Беларуская мова і літаратура. Матэрыялы да ўрокаў, Методичка

Таццяна ПАЛТАРЖЫЦКАЯ,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
ДУА “Сярэдняя школа № 3 г. Ашмяны”,
Гродзенская вобласць

 

 

У сучасных школьнікаў слаба сфарміраваны навыкі развіцця маўлення. Вучні не заўсёды могуць рабіць абагульненыя высновы, свабодна размаўляць адно з адным па-беларуску. Часта яны імкнуцца замяніць маўленне мімікай і жэстамі, не могуць самастойна скласці вусныя і пісьмовыя выказванні. Вучні дапускаюць вялікую колькасць маўленчых, арфаграфічных і пунктуацыйных памылак. Таму сёння, як ніколі, актуальнай з’яўляецца праблема фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў. Для таго каб яе вырашыць, стала падбіраць формы, спосабы, метады, прыёмы, якія ў найбольшай ступені працуюць над гэтай праблемай. І зрабіла выснову, што прыярытэтным крокам для фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў з’яўляецца выкарыстанне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення.

Вывучыўшы тэарэтычныя асновы тэхналогіі і вопыт яе прымянення ў практычнай дзейнасці педагогаў, вырашыла выкарыстаць тэхналогію на ўроках беларускай мовы.

У аснову тэхналогіі пакладзены базавы дыдактычны цыкл, які складаецца з трох этапаў:

1) выклік;
2) асэнсаванне;
3) рэфлексія.

 

Першы этап – выклік

На гэтым этапе існуе шмат прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення: “Прагназаванне”, “Кошык ідэй, паняццяў і імёнаў”, “Альтэрнатыўны тэст”, “Паблытаныя лагічныя ланцужкі, “Белыя плямы, “Фармуляванне пытанняў”, “Табліца “Ведаю – хачу ведаць – даведаўся”, “Вольнае пісьмо” і інш.

Напрыклад, прыём “Кошык ідэй, паняццяў і імёнаў”, які быў выкарыстаны на ўроку беларускай мовы ў 8-м класе па тэме “Словазлучэнне як сінтаксічная адзінка”. Спачатку кожны вучань запісвае ў сшытак усё, што ён памятае пра словазлучэнні. Потым ідзе праца ў парах, галоўным чынам высвятляецца, у чым адрозненне ў адказах. Пасля выбіраецца правільны, з пункту гледжання гэтай пары, адказ. А далей ідзе праца з “кошыкам”: некалькі пар па чарзе запісваюць на дошцы свае адказы. Пасля ўсе вучні абмяркоўваюць і выбіраюць правільныя адказы.

На этапе выкліку можна выкарыстаць прыём “Прагназаванне” па ключавых словах-тэрмінах.

Пры вывучэнні тэмы “Займеннік як часціна мовы ” у 6-м класе на дошцы запісаны словы-тэрміны: займеннік, пачатковая форма, род, лік, скланенне, ён, яна, яны. Па гэтых словах прапаноўваю вучням скласці невялікі лінгвістычны тэкст і запісаць у сшыткі. Пасля заслухоўваюцца два-тры аповеды. І вынікам выкліку ставіцца пытанне: ”Пра што б вы хацелі даведацца з складзеных  вамі лінгвістычных паведамленняў?”

На ўроку ў 8-м класе па тэме “Віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэнні: дапасаванне, кіраванне, прымыканне” прымяняўся прыём “Ведаю – хачу ведаць – даведаўся”. 

Пры вывучэнні тэмы вучням прапанавала разбіцца на пары, параіцца і запоўніць першы слупок табліцы. Пасля абмеркавання атрыманых вынікаў у класе вучні самі фармулююць мэту ўрока: пра што я хачу даведацца? Для ліквідацыі прабелаў ва ўласных ведах запаўняюць другі слупок. Пасля вывучэння тэмы суадносяць атрыманую інфармацыю з той, што была ў іх у пачатку ўрока. Тут важна звяртаць увагу на запаўненне першага і другога слупкоў. Трэці слупок запаўняецца на стадыі рэфлексіі.

Ведаю Хачу ведаць Даведаўся
1. Словазлучэнне – два ці некалькі самастойных слоў, аб’яднаных па сэнсе і граматычна 1. Што называецца дапасаваннем?  
2. Словазлучэнне складаецца з галоўнага слова і залежнага 2. Што называецца кіраваннем?    
3. У залежнасці ад таго, якой часцінай мовы выражана галоўнае слова, словазлучэнні дзеляцца на дзеяслоўныя, іменныя, прыслоўныя 3. Што называецца прымыканнем?  
4. Сувязь у словазлучэнні – падпарадкавальная    

Шматлікія прыёмы стадыі выкліку мяркуюць вяртанне да іх на стадыі рэфлексіі, што робіць урок суцэльным.

 

Другі этап тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення – асэнсаванне

На гэтым этапе вучні знаёмяцца з новай інфармацыяй і ведамі.

Самае галоўнае на гэтым этапе – гэта засваенне найбольш эфектыўных спосабаў работы з інфармацыяй.

Існуюць наступныя прыёмы: “Інсерт”, “Бартавы журнал”, “Тонкія і тоўстыя пытанні”, “Зігзаг”, “Маё меркаванне”, “Мазгавы штурм”, “Фішбоун”, “Кластар”, “Узаемнае апытанне” і інш.

Прыём “Кластар” мяркуе вылучэнне сэнсавых адзінак тэксту і графічнае афармленне ў вызначаным парадку ў выглядзе гронкі. Правілы вельмі простыя. У цэнтры запісваецца слова, вакол якога фіксуюцца словы або сказы, звязаныя з тэмай. Нашы думкі размяшчаюцца ў вызначаным парадку, г.зн. гронкамі. Гэты прыём прапаную выкарыстоўваць пры вывучэнні тэмы “Сказы з аднароднымі членамі” у 8-м класе. Вучні самастойна складаюць лагічную схему вывучэння дадзенай тэмы і абараняюць яе. 

Прыём “Інсэрт” – гэта маркіроўка тэксту значкамі па меры яго чытання. Падчас чытання навучальнага тэксту даецца мэтавая ўстаноўка: па ходзе чытання артыкула рабіць у тэксце пазнакі.

Настаўніку неабходна папярэдне вызначыць тэкст або яго фрагмент для чытання з пазнакамі, нагадаць правілы расстаноўкі маркіровачных знакаў, пазначыць час, адведзены на працу.

Маркіровачныя паметкі:

    • знакам “V” адзначаюць інфармацыю, якая вядомая вучню;
    • знакам “+” адзначаюць новую інфармацыю;
    • знакам “?” адзначаецца тое, што засталося незразумела і патрабуе дадатковых звестак;
    • знакам “–“ – думаў інакш.

Пасля прачытання тэксту вучні запаўняюць табліцу, колькасць граф якой адпавядае ліку знакаў маркіроўкі.

Пры вывучэнні ў 8-м класе тэмы “Абагульняльныя словы пры аднародных членах сказа” вучні працавалі з тэарэтычным матэрыялам, які знаходзіцца ў падручніку. Падчас працы яны запаўнялі табліцу.

“V” – ведаю “+” – новае “?” – ёсць пытанне “–” – думаў інакш
1. Пры аднародных членах могуць быць абагульняльныя словы, якія з’яўляюцца тымі ж членамі сказа,
што і аднародныя
У ролі абагульняльных слоў часцей за ўсё ўжываюцца займеннікі, прыслоўі, назоўнікі    
2. Абагульняльнае слова можа стаяць перад аднароднымі членамі сказа і пасля іх Калі абагульняльнае слова стаіць перад аднароднымі членамі сказа, але сказ
імі не заканчваецца,
то перад аднароднымі членамі ставіцца двукроп’е, а пасля іх – працяжнік
   
3. Калі абагульняльнае слова стаіць перад аднароднымі членамі сказа, то пасля яго ставіцца двукроп’е      
Калі абагульняльнае слова стаіць пасля аднародных членаў сказа, то перад ім ставіцца працяжнік      

 

Прыём “Узаемнае апытанне” накіраваны на тое, што вучню лягчэй адказаць свайму аднакласніку, чым настаўніку. Праца ідзе ў парах. Гэты прыём вельмі эфектыўны пры працы са слабымі вучнямі. Ён дазваляе замацаваць вывучаны матэрыял і выявіць прабелы ў кожнага вучня. 

Прыём “Тоўстыя і тонкія пытанні” выкарыстоўваецца для арганізацыі апытвання вучняў. “Тонкае пытанне” мяркуе адназначны кароткі адказ. Адпаведна, “тоўстае пытанне” – адказ разгорнуты, поўны.

Прыём “Тоўстыя і тонкія пытанні” можа быць выкарыстаны на любой стадыі ўрока: на стадыі выкліку – гэта пытанні да вывучэння тэмы, на стадыі асэнсавання – спосаб актыўнай фіксацыі пытанняў па ходзе чытання, слухання, пры рэфлексіі – дэманстрацыя разумення пройдзенага.

На ўроку ў 6-м класе па тэме “Прыстаўка як значымая частка слова” гэты прыём быў выкарыстаны на этапе асэнсавання. Для рэалізацыі прыёму неабходна выкарыстоўваць табліцу. Па ходу працы з табліцай у першую калонку запісваюцца пытанні, якія патрабуюць простага адказу. У другой калонцы – пытанні, якія патрабуюць падрабязнага разгорнутага адказу.

Тонкія пытанні Тоўстыя пытанні
1. Што такое прыстаўка?
2. Для чаго патрэбна прыстаўка?
3. Дзе пішацца прыстаўка ў слове?
4. Як пазначаецца прыстаўка?
1. Чаму прыстаўка так называецца?
2. Чым прыстаўка адрозніваецца ад суфікса?
3. У чым адрозненне прыстаўкі ад прыназоўніка?
4. Што будзе, калі з нашай мовы “знікнуць” прыстаўкі?

 

Трэці этап – рэфлексія

На гэтай стадыі інфармацыя аналізуецца, інтэрпрэтуецца, творча перапрацоўваецца. У вучняў фарміруецца асабістая думка, адносіны да вывучанага матэрыялу, прыводзяцца ў сістэму новыя веды па тэме.

На гэтай стадыі можна выкарыстаць наступныя прыёмы: “Ліст па крузе”, “Карта пазнання”, “Сінквейн”, “Кластар”, “Эсэ”, “Ключавыя словы”, “Паблытаныя лагічныя ланцужкі”, “Табліца “Ведаю – хачу ведаць – даведаўся” і інш.

Даволі эфектыўным прыёмам можа паслужыць напісанне сінквейна. Гэты прыём выкарыстоўваецца як спосаб сінтэзу матэрыялу. Лаканічнасць формы развівае здольнасць рабіць выснову, выкладаць думку ў некалькіх значных словах, ёмістых і кароткіх выразах.

Прыём “Ліст па крузе” мяркуе групавую форму працы. Вучням трэба не толькі паразважаць на тэму ўрока, але і ўзгадніць сваё меркаванне з членамі групы. У кожнага члена групы – ліст паперы, ручка, кожны запісвае некалькі прапаноў на вывучаную тэму, затым перадае суседу, які павінен працягнуць яго разважанні. Лісты паперы перадаюцца да таго часу, пакуль кожны ліст не вернецца да свайго гаспадара. Прыём развівае творчае ўяўленне, мысленне. 

Прыём “Эсэ”. Эсэ – гэта від пісьмовага задання, які звычайна ўжываецца ў канцы занятку, каб дапамагчы вучням падагульніць свае веды па вывучанай тэме. Для настаўніка гэта магчымасць атрымаць зваротную сувязь. Вучням прапануецца напісаць, што яны даведаліся па новай тэме або задаць пытанне, на якое яны так і не атрымалі адказу.

Сэнс гэтага прыёму можна выказаць наступнымі словамі: “Я пішу для таго, каб зразумець, што я думаю”. Гэта вольнае пісьмо на зададзеную тэму, у якім цэніцца самастойнасць, праява індывідуальнасці, дыскусійнасць, арыгінальнасць рашэння праблемы, аргументацыі.

На стадыі рэфлексіі адбываецца канчатковае асэнсаванне і абагульненне атрыманай інфармацыі. Менавіта на гэтай стадыі вучні выказваюць атрыманую інфармацыю ўласнымі словамі.

 

Вопыт паказвае, што выкарыстанне ў практыцы выкладання беларускай мовы прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення аказвае пазітыўны ўплыў на фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі вучняў.

Адным з крытэрыяў ацэнкі сфарміраванасці камунікатыўнай кампетэнцыі з’яўляецца якасць ведаў вучняў па прадмеце: павысіўся сярэдні бал па беларускай мове, вучні штогод становяцца пераможцамі алімпіяд па прадмеце, удзельнічаюць у раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах.

Такая форма ўрока з ужываннем апісанай тэхналогіі адрозніваецца ад урока ў традыцыйным навучанні. Вучні не сядзяць пасіўна, слухаючы настаўніка, а становяцца галоўнымі дзеючымі асобамі. Яны думаюць, разважаюць, чытаюць, пішуць, абмяркоўваюць прачытанае.

Такім чынам, выкарыстанне прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення на ўроках беларускай мовы спрыяе авалоданню трывалымі арфаграфiчнымі i пунктуацыйнымі ўменнямі і навыкамі, нормамі літаратурнай мовы, якая ўзбагачае слоўнікавы запас і граматычны лад мовы вучняў; развівае ў школьнікаў уменне лагічна выкладаць свае думкі ў вуснай і пісьмовай форме, гэта значыць фарміруе камунікатыўную кампетэнцыю.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий