Гарадскіх спраў майстры

- 11:51В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"
У гэтым годзе ўпершыню ў нашай краіне будзе ажыццяўляцца набор на новую спецыяльнасць  “Урбаналогія і сіці­менеджмент”. Ад патэнцыяльных наймальнікаў ужо зараз паступіла больш за 400 заявак на выпускнікоў гэтай спецыяльнасці. Чым унікальная названая прафесія? Хто такі ўрбанолаг і чаму ён патрэбен? Давайце разбірацца. 

Брэсцкія каранібеларускай урбаналогіі

Рыхтаваць урбанолагаў і сіці-менеджараў будуць у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна на факультэце прыродазнаўства. Нячаста здараецца, што рэгіянальная УВА першай адкрывае новыя, унікальныя спецыяльнасці, самастойна распрацоўвае канцэпцыю, вучэбна-праграмную дакументацыю. Але менавіта Брэсцкі ўніверсітэт — адзін з цэнтраў развіцця ўрбаналогіі ў нашай краіне. 

Ва ўніверсітэце шмат гадоў праводзілі  даследаванні ў галіне дэмаграфіі і сацыяльна-эканамічнай геаграфіі пад кіраўніцтвам К.К.Красоўскага. Канстанцін Канстанцінавіч —  заснавальнік Брэ­сцкай геадэмаграфічнай школы і адзін з самых вядомых і выбітных эканом-географаў і дэмографаў Беларусі. Так, сярод яго манаграфій ёсць такія, як “Урбанізацыя ў Беларусі: эканоміка-геаграфічны аналіз”, “Урбаністычная эвалюцыя Беларусі”. Супрацоўнікі ўніверсітэта дасканала вывучалі працэсы дэмаграфічнай трансфармацыі рынку працы Беларусі і змяненні гарадскога насельніцтва ва ўмовах глабалізацыі і лічбавізацыі, стварэнне мадэлі зялёнай інфраструктуры буйных гарадоў і іншыя тэмы. Урбаналогія знайшла адлюстраванне ў шэрагу кандыдацкіх дысертацый і навукова-даследчых работ. Так што можна сказаць, што ў нас ёсць свая, беларуская, школа ўрбаналогіі, і яна мае брэсцкую прапіску. 

Такім чынам, ва ўніверсітэце, з аднаго боку, быў назапашаны каласальны масіў ведаў па ўрбаналогіі, а з другога — у краіне наспела патрэба ў такіх спецыялістах, аб чым сведчыць вялікая зацікаўленасць арганізацый і кампаній у выпускніках гэтай спецыяльнасці.  

Дзякуючы намаганням прафесарска-выкладчыцкага складу дзвюх кафедр універсітэта — кафедры геаграфіі і прыродакарыстання і кафедры турызму і краіназнаўства, былі сфарміраваны канцэпцыя і ідэя спецыяльнасці, падрыхтавана абгрунтаванне запатрабаванасці спецыялістаў адпаведнага профілю, праведзена маркетынгавае даследаванне для выяўлення патрэбы канкрэтных галін эканомікі ў такіх спецыялістах. Як вынік іх работы, у агульнадзяржаўным класіфікатары Рэспублікі Беларусь “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” з’явілася новая спецыяльнасць “Урбаналогія і сіці-менеджмент”.

Горад для людзей

Дык хто ж такі ўрбанолаг? Гэта спецыяліст, чыя місія заключаецца ў тым, каб зрабіць населены пункт зручным для жыцця лю­дзей, забяспечыўшы пры гэтым яго ўстойлівае развіццё. 

Любы горад — гэта складаная сістэма, якая ніколі не стаіць на месцы. Штодзень у гэтай шмат­узроўневай сістэме ўзнікаюць розныя праблемы, якія тычацца камунальных пытанняў, будаўніцтва, забеспячэння дзяцей месцамі ў школах і дзіцячых садах, недахопу парковак, шкодных выкідаў вытворчасці і г.д. Розныя пытанні вырашаюць розныя службы і спецыялісты, і бывае, што рашэнні і дзеянні адных перашкаджа­юць або супярэчаць іншым. Бо кожны бачыць толькі свае задачы і кірунак работы. Для гарманізацыі ўсіх напрамкаў развіцця горада і патрэбны ўрбанолагі. Гэта спецыялісты, здольныя бачыць карціну развіцця горада цалкам і ўсебакова, прычым не толькі на пэўным этапе, але і ў далёкай перспектыве. Урбаналогія разглядае горад як цэласную сістэму. 

 — У самым агульным выгля­дзе нашу мэту можна сфармуля­ваць так: паглыбленая падрыхтоўка спецыялістаў у галіне стварэння і трансфармацыі гарадскіх сістэм з улікам патрэб насельніцтва і аптымізацыі гарадскога асяроддзя для гарманічнага жыцця грамадства, а таксама з улікам актыўнага развіцця лічбавага асяроддзя і воблачных тэхналогій, — расказвае дэкан факультэта прыродазнаўства БрДУ Аляксандр Аляксандравіч Сідаровіч.  

Урбанолагі і сіці-менеджары павінны быць гатовымі выра­шаць такія задачы, як праектаванне і арганізацыя камфортнай гарадской прасторы, кіраўніцтва інфраструктурнымі і інфармацыйнымі гарадскімі сістэмамі, аптымізацыя лагістычных ланцужкоў і маршрутных сетак, маркетынгавае і інфармацыйнае суправаджэнне развіцця кампаній, фарміраванне і вядзенне геаінфармацыйных сістэм і баз даных. Як бачыце, спектр задач надзвычай шырокі. 

— Навучанне па спецыяльнасці прадугледжвае фарміраванне міждысцыплінарных і комплексных ведаў па шырокім спектры прыродазнаўчых і гуманітарных дысцыплін, каб выпускнікі ўмелі знаходзіць інтэгральнае рашэнне сацыяльна-эканамічных і экалагічных праблем, прапаноў­ваць ідэі аптымізацыі гарадскога асяроддзя, выкарыстоўваючы сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, — працягвае свой аповед А.А.Сідаровіч. — Кампетэнцыі будучых спецыялістаў бу­дуць на­сіць комплексны характар дзякуючы ўзгодненаму і абгрунтаванаму пашырэнню геаграфічных ведаў эканамічным, арганізацыйна-кіраўніцкім і юрыдычным складнікамі.

Спецыяльнасць: “Урбаналогія і сіці-менеджмент”.

✓ Кваліфікацыя: “урбанолаг, менеджар”. 

✓ Тэрмін навучання: 4 гады.

✓ Сертыфікаты ЦТ: геаграфія, матэматыка, беларуская (руская) мова.

Дзе чакаюць урбанолага?

Можна вылучыць чатыры сферы дзейнасці, у якіх веды і кампетэнцыі ўрбанолагаў бу­дуць запатрабаваны. Па-першае, гэта сфера дзяржаўнага кіравання — розныя структурныя падраз­дзяленні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Асноўныя задачы, якія давядзецца вырашаць, працуючы ў такіх структурах, —  гэта стварэнне спрыяльнага і камфортнага асяроддзя для пражывання людзей, павышэнне якасці іх жыцця. Важным у гэтым кантэксце з’яўляецца аптымізацыя гарадской прасторы ў цэлым і асобных гарадскіх падсістэм у прыватнасці. Усё гэта павінна ажыццяўляцца з дапамогай выкарыстання геаінфармацыйных тэхналогій, укаранення інфармацыйных і інфраструктурных інавацый. Спектр магчымасцей у гэтым кірунку вельмі шырокі — ад стварэння мясцовых лакацый для адпачынку з улікам   асаблівасцей асобных мікрараёнаў горада да трансфармацыі маршрутнай транспартнай сеткі.

Па-другое, месцам работы ўрбанолагаў і сіці-менеджараў могуць быць розныя камерцыйныя структуры. Напрыклад, транспартна-лагістычныя кампаніі, кансалтынгавыя агенцтвы, гандлёвыя сеткі, інвестыцыйна-дывелаперскія кампаніі. Тут спатрэбяцца ўменні аптымізацыі лагістычных ланцужкоў, фарміравання і вядзення геаінфармацыйных баз даных. Так, напрыклад, буйныя рытэйлеры, такія як “Санта”, “Алмі”, “Еўрагандаль”, зацікаўлены ў новых падыходах да развіцця гандлё­вай сеткі з улікам дэмаграфічных асаблівасцей рэгіёнаў, накіраванасці патокаў насельніцтва і прасторавага ўзаемаразмяшчэння розных грамадскіх аб’ектаў. 

Па-трэцяе, выпускнікі новай спецыяльнасці змогуць ажыццяў­ляць навуковыя даследаванні праблем урбанізаваных тэрыторый на базе навукова-даследчых і праектных арганізацый асобных міністэрстваў і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Напрыклад, іх чакаюць Палескі аграрна-экалагічны інстытут НАН Беларусі, Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі, Прае­ктны інстытут “Брэстгіпразем” і іншыя арганізацыі.

Па-чацвёртае, дзякуючы блоку дысцыплін юрыдычна-эканамічнага характару, што за­свояць выпускнікі ўніверсітэта, у іх з’явяцца магчымасці для рэалізацыі на практыцы стартапаў і розных бізнес-ідэй у самым шырокім сэнсе, у тым ліку і ў рамках індывідуальнага прадпрымальніцтва або ў якасці кіраўніка-заснавальніка (сузаснавальніка) юрыдычнай асобы. 

Што трэба ведаць абітурыенту?

Для паступлення на новую спецыяльнасць неабходна прадаставіць сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па геаграфіі, матэматыцы і беларускай альбо рускай мове. У гэтым го­дзе плануюць набраць 17 навучэнцаў на бюджэтную форму навучання і 3 — на платную. Выпускнікам бу­дзе прысвоена кваліфікацыя “ўрба­нолаг, менеджар”. 

У структуры вучэбнага плана спецыяльнасці можна вылу­чыць пяць блокаў дысцыплін: блок спецыялізаваных дысцыплін (геаўрбаністыка, транспартная інфраструктура і гарадская лагістыка, прасторавае планаванне і развіццё, гарадское асяроддзе і якасць жыцця і інш.); геаграфічны блок (геаграфія насельніцтва з асновамі дэмаграфіі, геаграфія міграцый і міграцыйная палітыка, рэкрэацыйная геаграфія, экалогія гарадоў і інш.); эканамічны блок (эканоміка горада, сфера паслуг і крэатыўная індустрыя горада, лічбавая эканоміка, геамаркетынг і брэндынг тэрыторыі, бізнес-планаванне і інш.); інфармацыйна-ана­літычны блок (ГІС-тэхналогіі ў сіці-менеджменце, лічбавізацыя гарадскога кіравання, сацыяльна-эканамічная статыстыка горада, маркетынг сацыяльных сетак і інш.); сацыяльна-прававы блок (рэгіянальная палітыка і мясцовае кіраванне, кіраванне гарадскімі фінансамі і інвестыцыямі, кіраванне чалавечымі рэсурсамі, бізнес-права, дзелавы этыкет і пратакол, работа са СМІ і інш.) Відавочна, што комплекснасць новай спецыяльнасці абумоўлена рэалізацыяй метадалагічнай трыяды “прырода — насельніцтва — эканоміка”. 

Плануецца рэалізаваць прынцыпова новы падыход у падрыхтоўцы спецыялістаў. Да канца 1 курса будуць вызначаны адукацыйныя траекторыі кожнага студэнта з улікам іх зацікаўленасцей і здольнасцей. Кожны з іх пачне работу над уласным навукова-практычным праектам. Прычым гэта будуць рэальныя праекты, накіраваныя на вырашэнне канкрэтных праблем і задач гарадскога асяроддзя пэўнага населенага пункта. Распрацоўка такіх праектаў будзе праводзіцца ў рамках цесна ўзаемазвязаных паміж сабой курсавых і дыпломнай работ. Месцы для праходжання практыкі таксама будуць выбірацца так, каб спрыялі развіццю спецыялістаў у выбраным кірунку. 

— Мы чакаем тых, каму цікавы прыродазнаўчыя навукі, і тых, хто схільны да сацыяльна-гуманітарных навук, — адзначае дэкан факультэта прыродазнаўства. — І самае галоўнае, што сярод нашых студэнтаў мы хацелі б бачыць тых, хто хоча дапамагаць людзям і мяняць навакольны свет да лепшага.  

 

Дар’я РЭВА

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий