Майстар-класы для валеўскіх школьнікаў правялі супрацоўнікі цэнтра рамёстваў

- 17:38ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Наша зямлячка Наталля Клімко, якая была ўзнагароджана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за плённую работу па захаванні традыцый вырабу беларускай выцінанкі, і супрацоўнікі Навагрудскага цэнтра рамёстваў сталі гасцямі праекта “ШАГ” па тэме “Я і культура” ў Валеўскай школе.

Наталля Аляксандраўна расказала прысутным аб тых незабыўных уражаннях, якія засталіся ў яе ад урачыстай цырымоніі ўручэння прэміі, якая прайшла 11 студзеня ў Палацы Рэспублікі, аб тых знаёмствах з таленавітымі людзьмі Беларусі, якія ўносяць значны ўклад у развіццё нацыянальнай культуры. З цікавасцю дзеці ўспрынялі і асноўныя ідэі выступлення Кіраўніка нашай дзяржавы аб захаванні культурнай і гістарычнай спадчыны, якія агучыла наш госць.

Наталля Аляксандраўна расказала аб сваім любімым занятку, тэхніцы выцінанкі. Выстава, якую прапанавалі нам супрацоўнікі цэнтра рамёстваў, была прысвечана хрысціянскім святам Уваходжання Госпада ў Іерусалім, які ў народзе называюць Вербнай Нядзеляй і святу Пасхі Хрыстовай. Настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла іерэй Ілья Герасімук адзначыў важнасць гэтых святочных дзён для кожнага чалавека.

Дакрануцца да народнай культуры беларусаў, навучыцца тэхніцы выцінанкі, саломапляцення, абрэзкавага шыцця, традыцыйнай лялькі, аплікацыі з саломкі, інкрустацыі пасхальных яек дзеці змаглі ў час майстар-класаў, якія правялі супрацоўнікі цэнтра рамёстваў. І ў руках юных умельцаў саломка стала нябесным анёлам, галінкі вярбы зазіхацелі прыгожымі кветкамі, пасхальныя яйкі і святочныя паштоўкі, вырабленыя сваімі рукамі, стануць добрымі падарункамі для родных і сяброў. Але ж самае галоўнае, што моладзь зразумела, – як важна захоўваць творчасць народных майстроў і перадаваць яе нашчадкам. Менавіта тады і не парушыцца “веков связующая нить”.

 

Тамара СУРАГА,
настаўнік гісторыі
Валеўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы
Навагрудскага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий