Вяршыні скараюцца дастойным

- 13:42ЧИТАЙТЕ В СВЕЖИХ НОМЕРАХ "НАСТАЎНІЦКАЙ ГАЗЕТЫ"

Сёння ў Віцебску ўрачыста ўшанавалі пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У каманды вобласці першае месца ў рэспубліцы.

Ці можна ў адной установе агульнай сярэдняй адукацыі абласнога цэнтра падрыхтаваць амаль тры дзясяткі пераможцаў і прызёраў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах? Калектыў гімназіі № 2 Віцебска пераконвае справамі: гэта поўнасцю рэальна.

Яе прадстаўнікі на заключным этапе сёлетняй алімпіяды дадалі ў агульную скарбонку 28 дыпломаў. Калі вынесці за дужкі галоўны айчынны цэнтр па рабоце з адоранымі навучэнцамі — Ліцэй БДУ, то гэта найлепшы ў краіне вынік. Лідарства віцябляне ўтрымліваюць другі год запар, паспяхова канкурыруючы з мінчанамі. Дарэчы, найбліжэйшы алімпіядны сапернік застаўся той жа — сталічная гімназія № 41 імя В.Х.Сярэбранага, на рахунку навучэнцаў якой 19 дыпломаў. А па матэматыцы і геаграфіі віцебскія гімназісты пакінулі за сабой і каманду Ліцэя БДУ, атрымаўшы 13 і 4 дыпломы адпаведна. Акрамя таго, толькі ў бягучым навучальным годзе яны маюць ужо 9 медалёў міжнародных алімпіяд. У лістападзе дзесяцікласнік Дзям’ян Клімаў стаў уладальнікам бронзавага медаля на Іранскай геаметрычнай алімпіядзе. У снежні Андрэй Шадрын, ён таксама вучыцца ў 10 класе, узяў “серабро” на міжнароднай алімпіядзе па дакладных навуках “Лабараторыя падрыхтоўкі талентаў”, што праходзіла ў сталіцы Азербайджана Баку. У лютым гімназісты бліскуча выступілі на XVIII Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы. З 9 удзельнікаў 7 узнагароджаны медалямі: у адзінаццацікласніка Кірыла Зароўскага — “золата” па інфарматыцы, у матэматыкаў — 6 медалёў. Зыходзячы з медальнага заліку гэтых прэстыжных міжнародных інтэлектуальных спаборніцтваў, гімназія ўвайшла ў тройку лідараў сярод больш як 140 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з 21 краіны. Па словах дырэктара гімназіі Канстанціна Кісялёва, удалося апярэдзіць такія прызнаныя матэматычныя цэнтры Еўропы і Азіі, як Ліцэй Вышэйшай школы эканомікі (Масква, Расія), Фізіка-матэматычны ліцэй № 30 (Санкт-Пецярбург, Расія), Матэматычная вышэйшая школа (Бялград, Сербія), Сафійская вышэйшая школа матэматыкі (Сафія, Балгарыя) і многія іншыя. Між тым наперадзе яшчэ Еўрапейская матэматычная алімпіяда сярод дзяўчат, да якой рыхтуецца дзесяцікласніца Аліна Вяруціна. 

— Дасягненні нашых навучэнцаў і іх педагогаў узводзяць гімназію ў статус аднаго з сусветных лідараў матэматычнай адукацыі, што мы спадзяёмся даказваць штогод, і пацвярджаюць найвышэйшы ўзровень сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, — падкрэсліў Канстанцін Леанідавіч. — Па выніках Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы ўсе нашы ўдзельнікі, якія прайшлі ў заключны этап, узнагароджаны дыпломамі. Выдатна выступілі гімназісты ў фінале алімпіяды па фізіцы, інфарматыцы, хіміі, рускай мове (па беларускай не хапіла літаральна паўкроку — пахвальны водзыў), англійскай і кітайскай мовах, гісторыі і грамадазнаўстве. Такім чынам, прадстаўлены практычна ўвесь прадметны спектр ад матэматычнага і прыродазнаўчага да гуманітарнага напрамкаў. Падобны поспех не бывае выпадковым, ён патрабуе вялікай сістэмнай работы. Галоўнае, на чым яна ў нас грунтуецца, — бесперапыннасць і пераемнасць. Па сутнасці, падрыхтоўка навучэнцаў з пункту погляду раскрыцця інтэлектуальнай адоранасці пачынаецца з 1 класа. Гэта абавязковая ўмова для пачатковай школы, дзе ўводзяцца, напрыклад, курсы логікі ў кожным класе. Плюс інфарматыка, работа ў кантэксце алімпіяднага руху, навукова-даследчай дзейнасці, інтэлектуальныя марафоны, конкурс “Я лепшы” па розных прадметных напрамках. Прыкладна з 3 класа з дзецьмі пачынаюць працаваць нашы вядучыя педагогі-прадметнікі, і далей развіццё ідзе на аснове пераемнасці. Значны аспект, дзе варта засяродзіць увагу: мы працуем ахвотна і многа. У алімпіяднікаў на працягу года ёсць адзін месяц — ліпень, калі навучэнец не заняты падрыхтоўкай па прадмеце. Хаця часам гэта даволі ўмоўна: тыя ж матэматыкі адпачываюць у летняй матэматычнай школе. Ключ да поспеху вучня — яго настаўнік. У нас высокая матывацыя як у навучэнцаў, так і найперш у педагогаў, якія настойліва працуюць, пастаянна павышаючы свой прафесійны ўзровень. Мы актыўна ўзаемадзейнічаем з вышэйшай школай. Вельмі важны момант — ментальнасць нашых педагогаў і дзяцей. Любое пачынанне ўмацоўвае і жывіць ідэя. Нас аб’ядноўваюць нацэленасць на максімальны вынік у кожнай справе, гордасць за сваю ўстанову адукацыі, імкненне быць лепшымі. Мы адчуваем задавальненне ад сваёй працы, падтрымліваем і радуемся поспехам адно аднаго. Гэты агульны эмацыянальны фон, напэўна, якраз тое, што дапамагае ўсім разам і кожнаму паасобку прагрэсіраваць, рухацца наперад.

 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий