Імя, якое не павінна быць забыта!

- 15:45Наш музей, После уроков

Вучні – члены савета музея дзіцячага сада – сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава Жодзіна знайшлі страчанае імя з гісторыі школы – настаўніка і ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Лізаветы Юльянаўны СІЛІЧ.

Пасля заканчэння вайны прайшло амаль 77 годоў. І здаецца, што ўсё ўжо вывучана, пра ўсё ўжо расказана. І распавесці пра штосьці новае ўжо няма магчымасці. Але выяўляецца, што гэта не так.

Летась пасля публікацыі артыкула ў газеце “Жодзінскія навіны”, прысвечанай настаўнікам нашай школы, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, да нас у школу звярнулася Таццяна Уладзіміраўна Ленская. Яна была вельмі засмучаная, што ў артыкуле не згадваецца імя яе маці Лізаветы Юльянаўны Сіліч, якая працавала настаўніцай у Жодзінскай школе і да вайны, і пасля яе, а ў гады вайны была ўдзельніцай партызанскага руху.

Навучэнцы з савета музея паабяцалі жанчыне разабрацца з гэтым пытаннем, удакладніць неабходную інфармацыю і выправіць несправядлівасць.

У даследчую дзейнасць у большай ступені былі ўключаны Арцём Неруш, вучань 7-га класа, і Марк Козыраў, вучань 6-га класа.

Першапачаткова хлопцы вывучылі матэрыялы нашага музейнага фонду. Але, на жаль, ніякай інфармацыі не было знойдзена, за выключэннем аднаго спісу, дзе пералічваліся ўсе настаўнікі, якія працавалі ў школе з 1930 па 2012 год. Лізавета Юльянаўна была недзе ў сярэдзіне спісу, але канкрэтныя гады працы ў школе тут не пазначаліся.

Далей яны пазнаёміліся з кнігай Галіны Аніскевіч “Листая памяти страницы”. У кнізе змяшчаецца інфармацыя, што Л.Ю.Сіліч была ўдзельніцай партызанскага руху, але няма ніякай інфармацыі, што яна працавала настаўніцай у даваеннай школе.

У другой кнізе Г.І.Аніскевіч “Жодино на перекрестках истории” ёсць звесткі, што Лізавета Юльянаўна Сіліч з’яўлялася выпускніцай школы 1939 г. (гэта быў першы выпуск Жодзінскай сярэдняй школы) і ў гады Вялікай Айчыннай вайны разам з настаўнікамі і іншымі вучнямі ўступіла на шлях барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пазней гэта інформацыя не пацвердзілася.

На першым этапе даследавання вучні не змаглі знайсці пацвярджаючых звестак пра работу Л.Ю.Сіліч у нашай школе менавіта ў даваенны і першы пасляваенны час. Было прынята рашэнне наведаць Т.В.Ленскую і на падставе яе ўспамінаў расказаць пра яе маці.

У гасцях у Таццяны Уладзіміраўны хлопцаў чакаў вялікі сюрпрыз: яны не толькі на словах даведаліся шмат цікавага пра Лізавету Юльянаўну, але і пазнаёміліся з дакументамі, якія дапамаглі скласці дакладную біяграфію жанчыны.

Лізавета Юльянаўна нарадзілася ў 1918 г. у в. Востраў Смалявіцкага раёна. Бацька Лізаветы, Юльян Максімавіч, быў першым фельчарам у вёсцы. Усе жыхары ставіліся да яго з вялікай павагай.

Пасля заканчэння школы Лізавета паступіла вучыцца ў Барысаўскае педвучылішча, якое скончыла ў 1937 годзе і, прайшоўшы ўстаноўлены выпрабавальны стаж педагагічнай работы ў школе, на падставе пастановы Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета Народных Камісараў Саюза ССР аб увядзенні персанальных званняў для настаўнікаў, была ўдастоена ў 1940 г. звання настаўніка пачатковай школы.

Атрымаўшы атэстат на званне настаўніка пачатковых класаў, Лізавета Юльянаўна была накіравана на працу ў Жодзінскую школу, дзе і працавала да вайны настаўніцай 1–4-х класаў.

З пачаткам вайны ўся сям’я Сіліч удзельнічала ў партызанскім руху. З пачатку старэйшая сястра Лізаветы, жодзінскі лекар Марыя Юльянаўна, стала сувязной. Яна супрацоўнічала з групай Салянікава. Выконвала заданні па дастаўцы медыкаментаў і перавязачных матэрыялаў. У кастрычніку 1943 года Марыя і яе бацька-фельчар былі залічаны ў партызанскі атрад. З 14 кастрычніка 1943 па ліпень 1944 г. у партызанскім руху Беларусі ў якасці санітаркі атрада імя Будзённага брыгады “Смерць фашызму” знаходзілася і Лізавета Юльянаўна, што пацверджана архіўнай даведкай Цэнтральнага партыйнага архіва Кампартыі Беларусі і пасведчаннем партызана Беларусі. Партызанскі шпіталь у той час размяшчаўся ў лесе каля возера Палік.

Удзел Лізаветы Юльянаўны Сіліч у Вялікай Айчыннай вайне таксама пацвярджаецца пасведчаннем удзельніка вайны і пасведчаннем партызана Беларусі.

Лізавета Юльянаўна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, медалём Жукава і юбілейнымі ўзнагародамі.

Пасля вызвалення Беларусі Л.Ю.Сіліч у ліпені 1944 года рашэннем Смалявіцкага раёна была прызначана настаўніцай пачатковых класаў Жодзінскай НСШ. У пяцідзясятыя гады яе дачка Таццяна была яе ж вучаніцай.

У 1963 годзе рашэннем Мінскага аблана яна ў парадку пераводу была прызначана настаўнікам 1–4-х класаў сярэдняй школы № 3 Жодзіна. Загад аб пераводзе быў падпісаны Расціславам Іванавічам Сярновым, які ў канцы 1950-х працаваў дырэктарам нашай школы. А ў 1965 годзе Л.Ю.Сіліч перайшла на пасаду выхавальніцы групы падоўжанага дня СШ № 3  Жодзіна. Праз пяць гадоў яна скончыла вочныя курсы ўдасканалення па спецыяльнасці выхавальнік групы падоўжанага дня.

Лізавеце Юліянаўне ў 1970-м годзе аб’яўлена падзяка ў гонар Дня настаўніка за адданасць педагагічнай справе, за выключную стараннасць у справе навучання і выхавання моладзі, за плённую шматгадовую працу.

Пасля выхаду на пенсію Л.Ю.Сіліч у 1977 г. за шматгадовую добрасумленную працу ад імя Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР рашэннем выканкама Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных узнагароджана медалём “Ветэран працы”.

У час наведвання Таццяны Уладзіміраўны, мы пацікавіліся ў яе, як так сталася, што да гэтага часу пра маці нідзе не было амаль нічога вядома, нягледзячы на тое, што пра настаўнікаў, якія ваявалі, у нашым горадзе збіралі звесткі не адзін раз. Жанчына на гэта адказала нам:

– Маці была не только адказным працаўніком, выдатным настаўнікам, але і вельмі сціплым чалавекам. Не любіла яна выстаўляць напаказ сваё жыццё.

Самая значная каштоўнасць выкананай работы ў тым, што хлопцы знайшлі яшчэ адно страчанае імя з гісторыі нашай школы. Імя чалавека, які ў гады вайны не хаваўся ад праблем, а рабіў усё, што ад яго залежыць, каб наблізіць Вялікую Перамогу. Імя Лізаветы Юльянаўны Сіліч з гэтага часу будзе ўпісана ў гісторыю школы і зойме дастойнае месца сярод іншых педагогаў, якія былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны.

 

Наталля ШЭПЕЛЕВІЧ,
кіраўнік школьнага музея
сярэдняй школы № 1 імя П.І.Купрыянава Жодзіна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий