Экскурсійны маршрут “Дарогамі вайны”

- 8:56ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

“Дарогамі вайны” – гэта назва аднаго з экскурсійных маршрутаў пілотнага праекта па арганізацыі і правядзенні экскурсій для вучняў 10–11-х класаў, які прапанаваны Міністэрствам адукацыі і накіраваны на фарміраванне павагі да культурна-гістарычнай спадчыны і традыцый беларускага народа, умацаванне маральных якасцей моладзі.

У Год гістарычнай памяці выбар прапанаванага маршрута невыпадковы. Вучні 11-га класа нашай школы, многія з якіх з’яўляюцца членамі аб’яднання па інтарэсах “Юны экскурсавод”, створанага на базе народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”, пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Рыгора Мышко распрацавалі асабісты маршрут урока-экскурсіі па гістарычных месцах аграгарадка Малая Бераставіца. На малой радзіме памяць пра падзеі і герояў Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца ў сэрцах усіх жыхароў.  

Невыпадкова экскурсія пачалася з наведвання помніка Геронцію Несцеравічу Цітаішвілі, палкоўніку, камандзіру 250-й мотастралковай дывізіі, які загінуў у Малой Бераставіцы 14 ліпеня 1944 года ў баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. На шляху да наступнага пункта экскурсіі настаўнік гісторыі расказаў вучням больш падрабязна пра складаны гераічны жыццёвы і ваенны шлях Г.Н.Цітаішвілі.

Мірныя жыхары нашых вёсак таксама мужна змагаліся з ненавісным ворагам. Адчуць жах і зверствы фашызму ў чарговы раз вучні змаглі пры наведванні помніка “Магіла ахвяр фашызму”, які ўстаноўлены ў гонар 15 мірных жыхароў, расстраляных нямецка-фашысцкімі захопнікамі 12 ліпеня 1941 года. Побач знаходзіцца адзіночнае воінскае захаванне з помнікам невядомаму старшаму лейтэнанту Чырвонай Арміі, загінуўшаму ў 1944 годзе пры фарсіраванні ракі Свіслач у ходзе вызвалення Бераставіцкага раёна.

Экскурсійны маршрут завяршыўся наведваннем экспазіцыі “Подзвігу народа жыць у вяках” народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі”, у якой падзеі вайны паказаны праз прызму лёсаў землякоў – жыхароў Малой Бераставіцы і навакольных вёсак. Змястоўную інтэрактыўную экскурсію правёў вучань 11-га класа Алег Гуцко – экскурсавод музея з 2017 года.

Па выніках экскурсіі вучні 11-га класа стварылі інтэрактыўны плакат “Дарогамі вайны. Аграгарадок Малая Бераставіца”, які з’яўляецца данінай глыбокай памяці пра гераічнае мінулае нашай Радзімы. Мы ўпэўнены, што гэта памяць ніколі не згасне ў сэрцах патрыётаў.

 

Вольга ГУРСКАЯ,
 намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
 Малабераставіцкай сярэдняй школы
 Бераставіцкага раёна

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий