Экскурсія навагрудскіх школьнікаў у музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

- 15:47ГРОДНЕНЩИНА, Регионы

Напярэдадні свята Перамогі вучні сярэдняй школы № 7 Навагрудка наведалі Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

З аповеда экскурсавода школьнікі дазналіся, што калекцыя першага ў свеце музея Вялікай Айчыннай вайны была заснавана яшчэ ў чэрвені 1942 года, калі ніхто не мог сказаць, колькі часу будзе працягвацца гэта трагедыя.

Падлеткаў уразілі экспазіцыі ўзбраення партызан, ваеннай тэхнікі, франтавой прэсы, антыфашысцкай падпольнай барацьбы, амуніцыі салдат і іншыя. Асаблівую цікавасць у вучняў выклікалі асабістыя рэчы знакамітых ураджэнцаў Беларусі – маршалаў Савецкага Саюза Івана Якубоўскага, Сцяпана Красоўскага, Васіля Сакалоўскага, а таксама рэчы падпольшчыцы Алены Мазанік, якая ўдзельнічала ў аперацыі па ліквідацыі гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ.

Дзякуючы сучасным тэхналогіям, на шырокіх плазменных экранах вучні праглядзелі кадры ваеннай кінахронікі, адчулі подых мінулай эпохі…

Напрыканцы экскурсіі школьнікі надоўга затрымаліся ў цудоўнай Зале Перамогі, якую ўпрыгожвае вітраж з малюнкам бусла – сімвала Беларусі, каб прачытаць прозвішчы і імёны ўдзельнікаў вайны, якая закранула кожную беларускую сям’ю.

Гледзячы на дробны шрыфт радкоў, падлеткі, магчыма, думалі пра тых зусім незнаёмых людзей, што кожны з іх вельмі хацеў жыць, кахаць, гадаваць дзетак. Але ўсё перакрэсліла страшная вайна…

Вучні ўсвядомілі, што шматлікія экспанаты музея і аповед экскурсавода сведчаць пра тое, што наш беларускі народ не стаў на калені перад захопнікамі, захаваў годнасць.

Ніхто і ніколі не зможа дакладна падлічыць, колькі беларусаў палегла на выпаленых сонцам палях, на ваенных дарогах і ў шматлікіх лагерах смерці. 77 год мінула з дня пераможнага завяршэння вайны, але яна і сёння жыве ў сэрцах пакаленняў, у памяці народнай. І ў наш такі неспакойны час моладзі важна памятаць пра подзвіг народа, пра мір на зямлі, каб вайна больш ніколі не прыйшла ў нашу краіну.

Экскурсія ў музей Вялікай Айчыннай вайны не пакінула раўнадушным ніводнага падлетка. Яна дапамагла кожнаму з іх адчуць сябе маленькай часцінкай мужнага беларускага народа, які коштам вялікіх чалавечых ахвяр і гераізму падараваў ім мірнае жыццё.

 

Валянціна МАНЮК,
класны кіраўнік 9 “А” класа
сярэдняй школы № 7 Навагрудка

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий