Навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў і студэнтаў “Задзвінскія чытанні” прайшла ў Віцебску

- 14:10ВИТЕБЩИНА, Регионы

VI адкрытая гарадская краязнаўчая навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў і студэнтаў “Задзвінскія чытанні” адбылася на базе сярэдняй школы № 21 Віцебска імя Героя Савецкага Саюза В.А.Дзямідава.

Любоўю да роднага краю і яго гiсторыi былi напоўнены навукова-даследчыя работы 45 юных краязнаўцаў. Сёлета ў канферэнцыі прымалі ўдзел навучэнцы 4–11-х класаў школ і гімназій Віцебска, Полацка, Наваполацка, Оршы і Гарадка, а таксама студэнты факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый ВДУ імя П.М.Машэрава. Традыцыйна арганізатарамі мерапрыемства выступаюць сумесна гэты факультэт і наша школа.

Канферэнцыю ўрачыста адкрылі начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Дзяніс Юрчак і дэкан факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый ВДУ імя П.М.Машэрава доктар педагагічных навук прафесар Сяргей Мікалаенка. Цёпла павітаў удзельнікаў і гасцей дырэктар сярэдняй школы № 21 Віцебска Сяргей Зыбін. У склад журы ўвайшлі вядомыя эксперты ў галіне гісторыі, краязнаўства, музеязнаўства, архіўнай справы і педагогікі. Сярод іх – загадчык аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Уладзімір Каханка, дырэктар Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова Ірына Шышкова, вядучы архівіст аддзела выкарыстання і публікацыі дакументаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Святлана Мясаедава.

Работа вялася па трох секцыях: “Гістарычнае мінулае Віцебшчыны. Гісторыя г. Віцебска, яго раёнаў і вуліц. Царкоўнае краязнаўства”, “Вiцебск і Вiцебшчына ў гады Вялiкай Айчыннай вайны, увекавечванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне” і “Выдатныя людзі Віцебшчыны”. Тэматыка даследаванняў юных краязнаўцаў уражвала разнастайнасцю. Юныя даследчыкі прадставілі вынікі сваёй працы па такіх тэмах, як “Дзейнасць моладзі горада Віцебска ў духоўна-культурных зменах грамадства ў 1920 гады” (гімназія № 2 Віцебска), “Гісторыя прамысловага будаўніцтва ў пасёлку Руба” (сярэдняя школа № 15 Віцебска), “Афганская вайна ў маёй сям’і” (сярэдняя школа № 17 Віцебска). Самы юны ўдзельнік канферэнцыі, навучэнец 4-га класа гімназіі № 5 Віцебска Ягор Сабалькоў, прысвяціў даклад жыццёваму шляху Героя Савецкага Саюза генерал-палкоўніка І.І.Люднікава. Удзельнікі не маглі абмінуць тэму Вялікай Айчыннай вайны. У многіх работах даследаванні закраналі подзвіг людзей Віцебшчыны, якія самааддана змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Навучэнцы 5-га класа нашай школы Арцём Дзмітрыеў і Марат Старыковіч прадставілі цікавую прэзентацыю пра жыццё і гераічныя подзвігі Героя Савецкага Саюза Васіля Аляксандравіча Дзямідава, імя якога з 2020 года носіць установа адукацыі.

Журы было няпроста, вельмі цяжка было аддаць камусьці перавагу. Па выніках канферэнцыі лепшым юным даследчыкам уручылі дыпломы І, ІІ і ІІІ катэгорый. На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў старшыні секцый пахвалілі ўсіх удзельнікаў “Задзвiнскiх чытанняў” за іх захапленне гісторыяй роднага краю і пажадалі поспехаў у далейшай краязнаўчай дзейнасці. Журы асабліва адзначыла Мікіту Сугакова з гімназіі № 1 Наваполацка, які прадставіў дзве работы і атрымаў два дыпломы І ступені. Высокія ацэнкі экспертаў заслужылі Марыя Кароўкіна (сярэдняя школа № 17 Віцебска), Аліна Мацюшкова (сярэдняя школа № 8 Віцебска імя А.М.Іспянкова), Каміла Аніскевіч (гімназія № 1 Наваполацка), а таксама нашы навучэнцы Якаў Лемешаў i Ілья Красоўскі.

“Задзвінскія чытанні” аб’ядналi вакол сябе таленавітых і захопленых людзей, неабыякавых да гісторыі сваёй роднай зямлі і, напэўна, таму гэтая канферэнцыя заўсёды праходзіць у сяброўскай, давернай атмасферы. У планах арганізатараў на наступны год – выйсці на абласны ўзровень і запрасіць гасцей з розных куткоў Віцебскай вобласці.

 

Іван АТРАХІМОВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 21 Віцебска
імя Героя Савецкага Саюза В.А.Дзямідава

 

Поделиться ссылкой:

Всю ответственность за содержание сведений в методических и информационных материалах, а также за соблюдение авторских прав несут авторы публикаций.

Добавить комментарий